Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭББР: беларуская эканоміка ўпадзе, а расейская яшчэ больш


Паводле экспэртаў Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР), сёлета ВУП краіны скароціцца на 1.5%.

Гэтыя дадзеныя прыводзяцца ў дакладзе эканамістаў банку.

ЭБРР за квартал істотна пагоршыў свой прагноз на 2015 год для беларускай эканомікі. У мінулым верасьні ён прадказваў, што сёлета ВУП Беларусі вырасьце на 0,5%.

Расейскай эканоміцы экспэрты банку прагназуюць падзеньне на 5%.

У аналізе банку адзначаецца, што эканамічны рост у Беларусі запавольваецца трэці год запар. Беларусь працягвае канцэнтраваць значныя рэсурсы ў дзяржаўным сэктары і стымуляваць унутраны попыт, павялічваючы сацыяльныя выдаткі. Гэтая палітыка прыводзіць да нізкіх тэмпаў росту, вялікіх зьнешніх дысбалянсаў і высокай рызыкі зьнешняга фінансаваньня — адзначаюць экспэрты ЭБРР.

Паводле іх неабходныя краіне структурныя рэформы затрымліваюцца. Быў дасягнуты пэўны прагрэс у лібэралізацыі цэнаў, хаця цэны на камунальныя паслугі па-ранейшаму застаюцца значна ніжэйшымі за сабекошт.

Эканамісты банку падкрэсьліваюць, што Беларусь атрымала дапамогу ад Расеі, што дала магчымасьць прадухіліць рэзкую эканамічную дэстабілізацыю.

Паводле ўрадавага прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі і Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2015 год, рост ВУП краіны ў 2015 годзе прадугледжаны ў памеры 0.2-0.7%. Ранейшы ўрадавы прагноз прадугледжваў рост эканомікі сёлета на 2-2.4%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG