Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За два дні ў калёніі на Статкевіча склалі два рапарты


Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

За першыя два дні ў шклоўскай калёніі на палітвязьня Мікалая Статкевіча склалі два рапарты.

Пра гэта паведаміла жонка Мікалая Марына Адамовіч на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

Яна распавяла, што адзін рапарт складзены за «нестатутныя» штаны, выдадзеныя ў магілёўскай турме, дзе раней трымалі палітвязьня.

«Другі — нібыта за парушэньне распарадку дня, але гэта тычылася толькі Статкевіча. Якія гэта мае наступствы, я пакуль ня ведаю. Хачу спадзявацца, што ўсё будзе добра. Па голасе Мікалая адчувалася, што ён быў у вельмі добрым гуморы, нармальным стане», — паведаміла праваабарончаму цэнтру «Вясна» Марына Адамовіч.

Цяпер раз на тыдзень палітвязень можа зьвязвацца са сваякамі праз тэлефон. Магчыма, у размове зь Мікалаем высьветляцца падрабязнасьці.

Мікалая Статкевіча этапавалі 12 студзеня з магілёўскай турмы № 4 у калёнію № 17 у Шклове. Першапачаткова апазыцыйнага палітыка трымалі ў шклоўскай калёніі № 17, аднак у студзені 2012 году яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы адбыцьця пакараньня, перавёўшы на тры гады ў магілёўскую турму № 4. Гэты тэрмін скончыўся 12 студзеня.

У траўні 2011 году судом Ленінскага раёну Менску Мікалай Статкевіч асуджаны да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. Яго абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

58-гадовы Мікалай Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, які дагэтуль застаецца за кратамі. Яму ня раз прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён катэгарычна адмаўляецца.

XS
SM
MD
LG