Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар кнігі «Fантомная боль #Майдан» згадвае пра трагічныя падзеі ў дні масавых пратэстаў у Кіеве.

Год таму, 19 студзеня 2014 году, мірныя пратэсты Эўрамайдана ў Кіеве перарасьлі ў супрацьстаяньне з украінскімі сіламі бясьпекі. Гэта была рэакцыя на прынятыя 16 студзеня Вярхоўнай Радай Украіны законы, якія істотна абмежавалі свабоду слова, права на масавыя сходы і мітынгі, а таксама дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў.

У выніку пачаліся сутыкненьні на вуліцы Грушэўскага паміж пратэстоўцамі і супрацоўнікамі спэцпадразьдзяленьня «Беркут», а праз тры дні пасьля таго, як яны пачаліся, 22 студзеня 2014 году, стала вядома пра першую сьмерць: забіты Сяргей Нігаян, украінец армянскага паходжаньня родам з Днепрапятроўскай вобласьці. Ён атрымаў адно раненьне ў галаву і два — у грудзі. Усьлед за гэтым зьявілася паведамленьне пра гібель беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, які доўгі час пражываў ва Ўкраіне. Гэтыя і іншыя падзеі згадваюцца ў кнізе «Fантомная боль # Майдан», якая была апублікавана да гадавіны пачатку мітынгаў за падпісаньне Ўкраінай дамовы аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам, якія перарасьлі пасьля ў пратэсты за адстаўку прэзыдэнта Віктара Януковіча.

Кніга «Fантомная боль #Майдан» складзеная з сотняў паведамленьняў, пакінутых у «Фэйсбуку» ўдзельнікамі Эўрамайдана і тым, хто ім спачуваў. У ёй падзеі трохмесячнага пратэсту на галоўнай плошчы Кіева апісаныя не з дапамогай хронікі, а праз эмоцыі, перажываньні і разважаньні над тым, што адбывалася год таму.

Вось, напрыклад, урывак з посту кіеўскага мастака Барыса Егіазарана, які ён напісаў, даведаўшыся пра гібель Сяргея Нігаяна:

Я атрымліваю з Армэніі лісты і званкі. У мяне пытаюцца, мне кажуць: Барыс, мы чакаем, што ты скажаш з Кіева». Што мне сказаць цяпер? Я скажу пра Сяргея.

«Я атрымліваю з Армэніі лісты і званкі. У мяне пытаюцца, мне кажуць: Барыс, мы чакаем, што ты скажаш з Кіева». Што мне сказаць цяпер? Я скажу пра Сяргея. Паўтары месяцы таму, мне сказалі што на Майдане, з боку Лядзкай брамы, стаіць на пасту прыгажун армянін, з армянскім сьцягам. Мы зь ім пазнаёміліся, абняліся, і з таго часу ён стаў маім малодшым брацікам. Я яго як сына палюбіў. Ён хваліўся, як ён чытаў украінскія вершы. Асабліва чыста і прыгожа ён чытаў Шаўчэнку. А самае галоўнае, чым ён са мной падзяліўся, як чымсьці патаемным — ён дастаў з унутранай кішэні курткі раскладзеную вялікага фармату паперу. Гэта быў «Ойча Наш» на армянскай. Вельмі прыгожымі літарамі. Мне ён сказаў, што хоча паставіць гэта пад празрысты лушчак, у рамку, і павесіць над постам, які ахоўвае. Я думаю, гэтая малітва так і была ў яго ў кішэні на грудзях. Я думаю, яму не было калі рабіць гэта ў раму... Мне тэлефануюць з тэлеканалаў і пытаюцца, ці быў Сяргей сябрам нейкай радыкальнай арганізацыі. І хоць я зь ім ня меў зносінаў апошнія тыдні, я ведаю, што ён не знаходзіўся ні ў якой радыкальнай арганізацыі. Ён быў перакананым патрыётам Украіны — ён быў абаронцам Майдана. Улады будуць усё далей і актыўней працягваць эскаляцыю вайны з народам. Але гэта не канец, гэта толькі пачатак. Яшчэ раз кажу, наша мэта — берагчы жыцьці, абараняць жыцьці. Будзем адстойваць Жыцьцё дзень і ноч, усе разам! Выйдзіце! Станьце на Майдане і на вуліцах абараняць вашых дзяцей, іх жыцьцё і іх будучыню!!! «

Гэты ўрывак узяты з той часткі кнігі, якая апісвае студзеньскія падзеі. Усяго ж у сямістастаронкавым выданьні — пяць частак, якія дазваляюць прасачыць зьмены ацэнкі падзеяў на Эўрамайдане у залежнасьці ад таго, як улады з усё большай жорсткасьцю стараліся здушыць пратэст. У лістападзе гаворка ідзе ў асноўным пра разгон студэнцкай дэманстрацыі, у сьнежні — пра тое, як на дзіва мірна атрымліваецца мітынгаваць, у студзені — пра рэпрэсіўныя законы, пачатак супрацьстаяньня на вуліцы Грушэўскага і першыя сьмерці, у лютым — пра масавы расстрэл удзельнікаў пратэсту на вуліцы Інстытуцкай, а ў сакавіку — пра посттраўматычны сындром. Акрамя прозы, якая, вядома, пераважае ва ўсіх сацыяльных сетках, удзельнікі Эўрамайдана цытуюць паэтаў, знаходзячы ў вершах, напісаных у мінулым і пазамінулым стагодзьдзі, паралелі з тым, што адбываецца.

Анастасія Савіцкая і Андрэй Міргародзкі падчас прэзентацыі кнігі

Анастасія Савіцкая і Андрэй Міргародзкі падчас прэзентацыі кнігі

Укладальнік кнігі Анастасія Савіцкая распавяла, што вырашыла нічога не зьмяняць і не рэдагаваць запісы з «Фэйсбука», якія увайшлі ў кнігу, таму яна атрымалася на дзьвюх мовах: рускай і ўкраінскай. На першай старонцы гаворыцца: «Прысьвячаецца людзям Украіны».

— Падчас Эўрамайдана сацсеткі сталі альтэрнатыўнай крыніцай інфармацыі. Гэта і вяло вас да складаньня кнігі з тэкстаў, апублікаваных за час пратэстаў у «Фэйсбуку»?

Не, на жаль ці проста па чыстай выпадковасьці, ідэя зьяўленьня кнігі належыць Андрэю Міргародзкаму. Ён меў дачыненьне да фотаальбома пра Майдан, які называецца «Maidan.

— Не, на жаль ці проста па чыстай выпадковасьці, ідэя зьяўленьня кнігі належыць Андрэю Міргародзкаму. Ён меў дачыненьне да фотаальбома пра Майдан, які называецца «Maidan. History of making» і выйшаў літаральна праз два тыдні пасьля нашай кнігі. Ён казаў, што было б нядрэнна гэты фотаальбом разбавіць тэкстамі з «Фэйсбука», і папрасіў мяне сабраць іх, таму што ведаў, што я — актыўны ўдзельнік Майдана і практычна кругласутачна ў сацсетках. Я пачала зьбіраць матэрыял, і гэтая праца мяне вельмі захапіла. Я не магла адарвацца і ўвесь вольны час выдаткоўвала на «Фэйсбук», на пошук тэкстаў. Мне ўвесь час здавалася, што тэкстаў мала, і хацелася, каб Андрэй ацаніў маю працу, бо лічыла, што гэта было вельмі адказнае заданьне. Але потым я так захапілася, што апынулася, што матэрыялу вельмі шмат, і мы, ацаніўшы аб’ём, вырашылі рызыкнуць і зрабіць самастойную кнігу — без фатаздымкаў, проста тэксты.

— Чаму вы назвалі кнігу менавіта «Фантомны боль»?

— Мы хацелі падкрэсьліць той стан, у якім усе мы цяпер знаходзімся. Мы — людзі Майдана, мы — украінцы. Як вядома, фантомны боль — гэта тое, чаго ўжо няма ў целе, але яно працягвае балець. Так украінцы сябе адчуваюць пасьля Майдана. Як зьява, якая адносіцца да пэўнай тэрыторыі, Майдан скончыўся, плошчы з намётамі ўжо няма, а падзеі яшчэ адклікаюцца ўнутры. Нам усім вельмі балюча. І фантомны боль — гэта, як мне здаецца, найбольш дакладная, найбольш ёмістая назва для таго, што мы ўсе адчуваем. Паралельна атрымалася так, што першыя літары, Ф і Б, як «Фэйсбук». Я ўбачыла гэтыя літары і падумала: як добра ўсё складваецца.

— Ці лічыце вы, што мэты, якія зьявіліся ў пратэстоўцаў за некалькі месяцаў пратэсту, дасягнутыя? Ці гэта яшчэ і фантомны боль з-за таго, што ня ўсё з таго, што хацелася, удалося рэалізаваць?

А тое, што ня ўсё рэалізавана, — гэта іншы боль: неапраўданыя чаканьні або, можа быць, жаданьне, каб гэта хутчэй спраўдзілася.

— Фантомны боль усё такі мае дачыненьне да таго, што мы страцілі на Майдане нашых лепшых людзей. А тое, што ня ўсё рэалізавана, — гэта іншы боль: неапраўданыя чаканьні або, можа быць, жаданьне, каб гэта хутчэй спраўдзілася. Фантомны боль — гэта боль, зьвязаны зь мінулым. Нас доўга будуць трывожыць сьмерці людзей. Мэты, якія ставіў перад сабой Майдан, безумоўна, часткова дасягнутыя. Мы хацелі памяняць уладу — мы гэта зрабілі. Мы хацелі новы ўрад — мы яго так ці інакш маем. Але ў той жа час мы ўсе разумеем, што нам трэба ўсім яшчэ шмат працаваць. Пачынаць трэба зь сябе. Мы разумеем, што Ўкраіне давядзецца яшчэ вельмі доўга і цяжка працаваць. Ня хочацца згадваць Маскву, але «Масква не адразу будавалася». Так і з нашай дзяржавай, якая да мінулай зімы мела адно напаўненьне і зьмест, а цяпер, мне здаецца, мы ідзем да іншага. Проста шлях няблізкі і нялёгкі.

— Вы згадалі Расею, а сярод паведамленьняў у сетках, якія трапілі ў вашу кнігу, я са зьдзіўленьнем выявіла, што яшчэ ў студзені, да ўсіх наступных трагічных і драматычных падзеяў, былі згадкі пра магчымую рэакцыю Расеі на тое, што адбываецца. Людзі пісалі, што могуць быць праблемы ў Крыме, у Данбасе, згадваўся Данецк. Ці здавалася вам год таму, што Расея можа адрэагаваць такім страшным чынам? Або падчас Майдана гэтыя разважаньні ўспрымаліся па-іншаму, і ўсе думалі пра тое, каб дасягнуць галоўных мэтаў Майдана?

Я пра Расею наогул мала думала ў той момант. Я была ўся паглыбленая ў наш пратэст, у нашы падзеі.

— Калі казаць толькі пра мяне, то, напэўна, я так ня думала. Я пра Расею наогул мала думала ў той момант. Я была ўся паглыбленая ў наш пратэст, у нашы падзеі. Я не аналізавала і не прагназавала паводзіны Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны. Напэўна, я занадта добра ставілася да дзейнага расейскага ўраду, недаацэньвала Пуціна. Напэўна, калі б мяне прымусілі тады пра гэта добра падумаць, я б усё роўна не ўявіла таго, што адбываецца цяпер.

— Ваша кніга падзеленая на некалькі частак. Адна з гэтых частак, даволі шырокая, прысьвечаная забойствам пратэстоўцаў у студзені і лютым. Ёсьць там сьведчаньні тых людзей, якія бачылі страляніну, на вачах якіх гінулі людзі. Хачу спытаць вас не як складальніка кнігі, а як непасрэднага ўдзельніка тых падзеяў, што вы памятаеце пра гэтую страляніну?

Партрэты загінулых за час пратэстаў

Партрэты загінулых за час пратэстаў

— Мы да гэтага часу ня ведаем, хто страляў, але забівалі нашых мірных мужчынаў, у якіх для абароны былі толькі драўляныя шчыты і роварныя шаломы. Складана сказаць, хто страляў. Ці былі снайпэры на дахах? Кім былі нанятыя? Хто яны? Мы ня ведаем. Расьсьледаваньне да гэтага часу не даведзенае да канца. Я не была на месцы страляніны, каб сказаць, хто ў якой форме страляў. Але магу сказаць адназначна, што каласальная агрэсія і жорсткасьць была з боку людзей, якія былі па той бок барыкадаў, людзей, якія ахоўвалі будынак кабінэта міністраў і Януковіча. Хачу падкрэсьліць, што зброі на Майдане не было. Хлопцы ішлі з голымі рукамі, абараняцца ім было няма чым.

— Па тых тэкстах, якія сабраныя вамі ў кнізе, можа скласьціся ўражаньне, што гаворка ішла пра ідэалістаў, пра людзей, у якіх была сьветлая ідэя, якая разьбілася аб камяні той трагедыі, якая адбылася ў лютым. У вас было такое адчуваньне?

— Цалкам магчыма, што тыя людзі, якія выйшлі на Майдан, збольшага — максымалісты, збольшага — ідэалісты.

— Цалкам магчыма, што тыя людзі, якія выйшлі на Майдан, збольшага — максымалісты, збольшага — ідэалісты. Але ў той жа час усе мы — рэалісты. Мы разумелі, што пратэст ня можа быць доўга мірным. Мы разумелі, што проста стаяньнем на Майдане мы нічога не даможамся. І адназначна дзейная ўлада нас перастаіць. Мы не маглі не ўсьведамляць, што рана ці позна сілавы разгон непазьбежны. Напэўна, мы не былі гатовыя, што будзе столькі сьмерцяў, што разгон будзе такім сілавым. Мы чакалі штурму. Мы чакалі, што будуць сілай зносіць намёты, разганяць людзей. Вось такога ўжываньня сілы мы чакалі, але відавочна не таго, што будуць забіваць. Сьмерцяў не чакаў ніхто. Хоць пасьля таго, як у студзені на Грушэўскага былі першыя сьмерці, калі зьявіліся «цітушкі», гэта значыць, хуліганы, якія зьбівалі людзей у лясах, калі зьявіліся зьніклыя бязь вестак, вядома, было страшна. Але мы не думалі, што маштаб забойстваў будзе такім каласальным. Пасьля першых забітых, вядома, мы разумелі, што знаходзімся пад прыцэлам, але што забіваць будуць так маштабна і гэтак адкрыта, не чакаў ніхто. Да гэтага часу, калі я іду па Інстытуцкай — там, дзе былі расстрэлы, — я ня веру, што гэта цэнтар гораду. У мяне ёсьць фатаграфіі зь мінулага году, дзе я іду па той жа вуліцы зь сяброўкай, з калыскай і дзіцем — там, дзе забівалі. Я ў гэта да гэтага часу не магу паверыць. Калі я пра гэта кажу, мне ня верыцца, што ў цэнтры Кіева ў мірны час забівалі людзей. Таму, нягледзячы на тое, што мы былі такімі ідэалістамі, мы досыць рэальна глядзелі на рэчы, але ніхто не чакаў таго, што здарылася.

— Ці плянуеце вы скласьці з паведамленьняў у сацсетках яшчэ адну кнігу, якая будзе прысьвечаная падзеям пасьля Майдана: узброенага супрацьстаяньня ў Данбасе, анэксіі Крыму?

Напэўна, не. Калі казаць пра працяг, у нас ёсьць думка зрабіць ангельскую вэрсію, але не такую аб’ёмную, каб замежнікам яе было зручней чытаць.

— Напэўна, не. Калі казаць пра працяг, у нас ёсьць думка зрабіць ангельскую вэрсію, але не такую аб’ёмную, каб замежнікам яе было зручней чытаць. Яшчэ я зьвярнула ўвагу, што людзі, якія былі ўдзельнікамі Майдана, цяпер, з нагоды гадавіны, сталі пісаць пра тое, што было год таму. Гэта зусім іншыя ўражаньні. Перажытыя эмоцыі зноў успыхнулі, і было вельмі шмат цікавых публікацыяў. Магчыма, я знайду ў сабе сілы і зьбяру іх. Калі, вядома, нехта мяне не апярэдзіць. Што тычыцца анэксіі Крыма і вайны, я не гатовая зьбіраць гэты матэрыял. Ён зусім іншы. Там занадта шмат сьмерцяў, занадта шмат крыві. Гэта вайна.

Анастасія Савіцкая разам з суаўтарам Андрэем Міргародзкім плянуюць выдаткаваць усе сродкі ад продажу кнігі на дабрачыннасьць. Паколькі палова накладу раскупленая, аўтары ўжо набылі абсталяваньне для аддзяленьня хірургіі кіеўскага Ваеннага клінічнага шпіталя, у якім праходзяць лячэньне байцы ўкраінскай арміі, якія атрымалі раненьні ў Данбасе.

XS
SM
MD
LG