Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Хрушчова: Пуцін выкарыстоўвае тактыку страху і прабачэньня


Ніна Хрушчова, прафэсар унівэрсытэту «Новая школа» ў Нью-Ёрку
Ніна Хрушчова, прафэсар унівэрсытэту «Новая школа» ў Нью-Ёрку

Уладзімір Пуцін навучыўся шмат чаму з аўтакратычнай тактыкі сваіх папярэднікаў у Крамлі, тым часам як расейскі народ, як падаецца, не навучыўся нічому.

Гэтак лічыць Ніна Хрушчова, прафэсар унівэрсытэту «Новая школа» ў Нью-Ёрку.

У артыкуле, распаўсюджаным міжнародным прэсавым сындыкатам Project Syndicate, Ніна Хрушчова закранае пытаньні папулярнасьці Ўладзіміра Пуціна сярод расейцаў і ягонай тактыкі ў кіраваньні краінай. Фрагмэнты:

«У сярэдзіне сьнежня Пуцін прымаў алігархаў на сваёй штогадовай вячэры — гэта была, так бы мовіць, гасьціна ў часе чумы. Сорак прамысловых і фінансавых лідэраў (большасьць зь якіх кіруюць філіяламі крамлёўскіх фірмаў) узялі ўдзел у мерапрыемстве, каб атрымаць — і даць — запэўніваньні, што разам яны і ўрад перамогуць крызыс. На вячэры Пуцін пацьвердзіў сваё абяцаньне абараняць багацьце алігархаў ад амэрыканскіх і эўрапейскіх санкцый. (...) Калі расейскія бізнэсмэны вернуць на радзіму свае афшорныя рахункі, іх фінансавыя правіны будуць дараваныя і забытыя.

Даверыцца такім абяцаньням — усё роўна што ўчыніць фінансавае самагубства. Усяго некалькі месяцаў таму Пуцін запэўніў усіх, што расейская эканоміка перажыве эўрапейскія і амэрыканскія санкцыі лёгка. Дый падчас фінансавага крызысу 1998 году расейскія алігархі страцілі шмат — і большасьць зь іх ніколі не вярнула сабе тых стратаў. Відавочна, што расейскаму ўраду нельга давяраць, што тычыцца абароны чыйгосьці багацьця, за выключэньнем, магчыма, таго, якое належыць сябрам ураду.

Тым ня менш адмова прыняць абдымкі Крамля ў роўнай ступені небясьпечная. Бо ў пуцінскай Расеі палітычнае іншадумства даводзіць да фінансавага зьнішчэньня. У 2003 годзе багаты алігарх Міхаіл Хадаркоўскі — заўзяты прыхільнік дэмакратызацыі і нястомны крытык Пуціна — быў пасаджаны ў турму па сфабрыкаваных абвінавачваньнях у махлярстве і ўхіленьні ад выплаты падаткаў, і яго нафтавая кампанія ЮКАС пацярпела банкруцтва, распалася і была прададзеная паплечнікам Крамля.

Празь дзесяць гадоў пасьля гэтага пасыл застаецца ранейшы: калі вы будзеце слухацца вашага ўраду, вашы неразумныя паводзіны (ніводзін бізнэс у Расеі не свабодны ад выплатаў „пад сталом“ і ад хабараў) будуць дараваныя. Адмова падпарадкаваньня азначае ваша падзеньне — незалежна ад вашага багацьця ці вядомасьці».

Згадваючы нядаўнія прысуды братам Аляксею і Алегу Навальным, Ніна Хрушчова піша, што тактыка «прабачэньня» сваім ворагам, пры адначасовым пакараньні іхных сямейнікаў і сваякоў, была улюбёнай тактыкай Сталіна. Яна заключае:

«Зразумела, расейцы ведаюць дастаткова, каб турбавацца тым, што ў Пуціна скончыліся ідэі. Але гэты страх не параўнаць зь іх страхам ад таго, што можа адбыцца, калі разгойдаць лодку. А Пуцін, са свайго боку, таксама разумее гэта добра і ведае, што, каб захаваць сваю ўладу, ён ня мае патрэбы ў ГУЛагу, а толькі ў хітрым выкарыстаньні страху і прабачэньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG