Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыўдзіцца — гэта не па-хрысьціянску


Я сам благі хрысьціянін, але назіраючы за крытыкай на адрас расстраляных тэрарыстамі карыкатурыстаў Charlie Hebdo з хрысьціянскага царкоўнага і каляцаркоўнага боку — маўляў, нельга было правакаваць і нельга было абражаць веру — скажу вось што.

Калі тваёй веры можна нанесьці шкоду якісьці дурацкі малюнак — значыць, твая вера нічога ня вартая.

Задамося пытаньнем амэрыканскіх пратэстантаў: What would Jesus do?

Калі Езуса ўкрыжоўвалі (а ня проста малявалі пра яго крыўдную карцінку ў часопісе), ён сказаў наступнае: «Ойча, прабач ім, бо ня ведаюць, што робяць» (Лк. 23:34).

І пагатоў Нагорную пропаведзь наконт Charlie Hebdo можна цытаваць яшчэ далей (Лк 6:27-38):

27 Але кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць.
28 Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць.
29 Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю.
30 Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту.
31 І як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце.
32 Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць.
33 І калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае.
34 І калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.
35 Але вы любіце ворагаў вашых, і рабіце дабро, і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, і будзе ўзнагарода вашая вялікая, і будзеце сынамі
Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых.
36 Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны.
37 Не судзіце, і ня будуць судзіць вас; не асуджайце, і ня будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам.
38 Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і зь верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана.​

Для мяне найважнейшая хрысьціянская каштоўнасьць — гэта недасяжнае для шараговага чалавека ўменьне цярпець і трываць зьнявагу з боку злодзея, адказваць прабачэньнем і любоўю на нянавісьць і гэтым атрымліваць калясальную маральную перамогу над непрыяцелем. У гэтым сапраўдная духоўная сіла хрысьціянства і хрысьціяніна.

Яшчэ раз: Езус дэманстраваў гэтыя якасьці на ўласным жахлівым пакутлівым укрыжаваньні, а тут — якіясьці малюнкі на паперы ці ў інтэрнэце. Малюнкі!

Эўрапейская талерантнасьць — яна, як вы думаеце, адкуль? Менавіта ад стагодзьдзяў хрысьціянскага гартаваньня Эўропы. Разважаць пра «самі вінаваты», «ня трэба было правакаваць» і гэтым ускосна апраўдваць тэрарыстычны акт — у гэтым, мне здаецца, вельмі мала хрысьціянскага.

Таксама ў гэтым кантэксьце красамоўна, калі афіцыйны прадстаўнік РПЦ крытыкуе фільм «Левіятан» за тое, што там у несымпатычным вобразе прадстаўленае ўзаемадзеяньне РПЦ і карумпаванага расейскага чынавецтва. Больш за тое, называе такую крытыку «грахом». Але што тут і казаць.

Алесь Чайчыц

для svaboda.org

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG