Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Госьціца»: самы незвычайны беларускі тэатар у асобах


Актрыса Сьвятлана Зелянкоўская і сьпявачка Паліна Смолава, юрыстка Радаслава Вячорка і рэжысэрка Вераніка Янушэўская — сябры тэатру сапраўднай культуры «Госьціца» за 28 гадоў разьляцеліся па ўсім сьвеце і розных сфэрах жыцьця.

Сёньня ў «Госьціцы», магчыма, апошні канцэрт, які зьбярэ прадстаўнікоў усіх пакаленьняў. Легендарная заснавальніца тэатру Ларыса Сімаковіч кажа, што цяпер такое мастацтва мала патрэбнае публіцы.

Колішнія і цяперашнія сябры згадваюць, як гэта было і што гэта значыць.

Ларыса Сімаковіч. Здымак Арцёма Канцавога.
Ларыса Сімаковіч. Здымак Арцёма Канцавога.

Сьвятлана Зелянкоўская, актрыса тэатру і кіно

«Госьціца — гэта цэлы сусьвет. Можна нават сказаць, краіна: сьветлая, зь дзіцячымі мроямі і сьветапоглядам. Тут, мне здаецца, выхоўваліся годныя, разумныя і духоўна багатыя людзі. Для мяне „Госьціца“ — як радзіма.

Я тут з 1991 году, з 13 гадоў, і можна лічыць, што дасюль — мы рыхтуем цяпер канцэрт.

Я тут з 1991 году, з 13 гадоў, і можна лічыць, што дасюль — мы рыхтуем цяпер канцэрт. Апошнія часы сустрэч было менш, таму што ў 2004 годзе нас... пагналі з тэлебачаньня. Былі праекты, але ня так шмат — бо цяжкасьці зь месцам рэпэтыцыяў. Шмат людзей сышло — месца аб’ядноўвае.

Тых, хто застаўся, яднала ня толькі месца, але і ідэя — падтрымліваньне сапраўднай культуры, дасьледаваньне каранёў, фальклёру і традыцыяў, але найперш падтрыманьне роднай мовы. Яшчэ яднала ня столькі ідэя, колькі тое, што ў „Госьціцы“ можна быць як дома, табе даюць магчымасьць раскрыцца і ты можаш быць сапраўдным. Ларыса Іванаўна — таленавіты ў гэтым сэнсе чалавек, яна можа адкрыць сутнасьць, схаваную ў кожным».

Сьвятлана Зелянкоўская
Сьвятлана Зелянкоўская

Радаслава Вячорка, юрыст і фрылансэр па онлайн-маркетынгу

«Гэта быў гурток, мы яго называлі „сьпеўкі“. Сьпеўкі праходзілі на Макаёнка, там была група ў чалавек 10 (мне было 8–9 год), і была старэйшая група, гадоў па 15 ці 17. Магу згадаць, што ў нас была строгая выкладчыца Ларыса Сімаковіч, яна нас ушчувала, калі нехта фальшывіў. У нас былі канцэрты, мы апраналі строі і выступалі перад публікай. Памятаю, што было страшна, вельмі хваляваліся, каб не сфальшывіць і каб запомніць кожны рух танцу».

Радаслава Вячорка
Радаслава Вячорка

Вераніка Янушэўская, рэжысэр

«Калі ёсьць Ларыса Іванаўна — ёсьць „Госьціца“. Яна ня можа пра гэта ня думаць, не сьпяваць, ня жыць.

Калі я прыйшла ў 2002 годзе, заставалася толькі старэйшая група, каля 10 чалавек, і было амаль закрыцьцё праекту пры „Белтэлерадыёкампаніі“ — яго ціснулі і рабілі выгляд, што гэта ня так.

Калі я прыйшла ў 2002 годзе, заставалася толькі старэйшая група, каля 10 чалавек, і было амаль закрыцьцё праекту пры „Белтэлерадыёкампаніі“ — яго ціснулі і рабілі выгляд, што гэта ня так. Мне прапанавалі танцаваць, а калі ў цябе ёсьць вялікая патрэба, то немагчыма адмовіцца. І ўдзень я працавала, а кожны вечар зь сямі да адзінаццаці займалася.

„Госьціца“ — неверагодная. Гэта тое, што імкнецца вярнуць да вытокаў. Убачыць звычайны погляд на нашую народнасьць — гэта не да „Госьціцы“. Гэта вельмі жаноцкае, унутранае, проста жывёльнае ўспрыняцьце сваёй сутнасьці, прыроднасьці. Пры гэтым вельмі цікава, што ўсе дзяўчаты, якія праходзілі праз калектыў, — асобы неверагодна цікавыя і прыгожыя».

Вераніка Янушэўская
Вераніка Янушэўская

Вольга Сьцяжко, піяністка

«У „Госьціцы“ я была з трох гадоў. Успамін, які са мной да сёньня, — сцэнка, дзе я расказвала, як жабка на гары красенцы ткала, і да яе падышоў рачык і спытаў: „Нашто табе, жабка, чатыры лапкі?“ — „А нашто табе, рачык, ззаду вочкі?“

„Госьціца“ для мяне — успаміны дзяцінства. Мы згубіліся, калі я паступіла ў музычны ліцэй, і цяпер вельмі рэдка кантактуем. Але мне імпануе ўсё разам — і музыка, і тэатральныя пастаноўкі, і адукацыя, і фальклёр. Я займаюся музыкай, я піяністка, таму „Госьціца“ для мяне — уводзіны ў мой прафэсійны сьвет».

Вольга Сьцяжко, прадусарскі цэнтар П. Смолавай
Вольга Сьцяжко, прадусарскі цэнтар П. Смолавай

Паліна Смолава, эстрадная сьпявачка

«Гэта быў мой першы прафэсійны калектыў. Я была зусім маленькая — з год 10 да 12. „Госьціца“ — месца, дзе мы ўдзельнічалі ў агульным жыцьці. Кожны раз, бываючы на Макаёнка, на тэлебачаньні, я згадваю, як мы прыходзілі ў гэтую кавярню, як піла каву, маленькая, разам з дарослымі. Заходжу на інтэрвію — і ўспамінаю, як балеў жывот, бо была галодная, бо былі здымкі шэсьць гадзін.

Там не было патураньня, была толькі дапамога ад старэйшых малодшым, але з малодшых патрабавалі гэтаксама. Вучылі спраўляцца зь цяжкасьцямі, зь неразуменьнем, у тым ліку самога сябе.

І, вядома, вакальнае майстэрства, непадобнае да традыцыйнага. Ларыса Іванаўна заўсёды прапагандавала сваю вакальную лінейку — як адчувала, так і намагалася паказаць.

„Госьціца“ — гэта тэатар, а не ансамбль і не вакальны калектыў. Тэатар вакалу, тэатар жыцьця, тэатар сяброў, выдатных пэдагогаў. Гэта мой маленькі кавалачак жыцьця, які вельмі дарагі. Што мяне зьдзівіла ў тым узросьце, што прышчапіла любоў — менавіта ў гэтым калектыве я даведалася, як гэта, калі людзі размаўляюць між сабой на беларускай мове».

Паліна Смолава
Паліна Смолава

Гіргель Сяргей, рэжысэр і драматург

«У „Госьціцы“ я апынуўся ўвосень 1993 году. Вучыўшыся ў ліцэі БДУ, прыйшоў па адрасе (а калектыў у той час разьмяшчалася ў будынку тэлебачаньня), пазнаёміўся з Ларысай Сімаковіч, прасьпяваў урывак ня памятаю чаго, і выявілася — у мяне атрымалася.

— Гэта быў першы, так бы мовіць, творчы посьпех... Канцэртаў ужо ня памятаю, але памятаю рэпэтыцыі. Дакладней, пачуцьцё захопленасьці нейкім асаблівым сьвятлом, якім усё было прасякнута.

Гіргель Сяргей
Гіргель Сяргей

Гэтыя ўспаміны бліжэйшыя да кароткага шчасьлівага сну, чым да канкрэтнай явы... Мой удзел быў непрацяглы, але вельмі яркі, хвалюючы і, верагодна, надаў майму „я“ нейкі імпульс. Удзел у „Госьціцы“ стаў першай часткай мазаікі, зь якой пачала складацца біяграфія. Дзякуй Ларысе Сімаковіч, дзякуй людзям, чыіх твараў і імёнаў я амаль ня памятаю, але памятаю дакладна, што яны былі...»

Канцэрт «Госьціцы» адбудзецца 19 студзеня а 19 гадзіне ў Малой залі КЗ «Менск» (Кастрычніцкая, 5).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG