Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя да выбараў не гатовая, а Лукашэнка працягне гульню ў міратворца, — палітоляг Андрэй Ягораў


Андрэй Ягораў, палітоляг

Андрэй Ягораў, палітоляг

Ці адбудзецца сёлета лібэралізацыя грамадзка-палітычнага жыцьця? Якой будзе выбарчая кампанія? Як будуць разьвівацца стасункі між афіцыйным Менскам і Захадам? Канфлікт ва Ўкраіне: чыёй пазыцыі трымаецца Аляксандар Лукашэнка і што чакае праграму «Ўсходняе партнэрства»?

Свае меркаваньні на гэты конт Свабодзе выказаў дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі, палітоляг Андрэй Ягораў.

Андрэй Ягораў скептычна ставіцца да гатоўнасьці ўладаў лібэралізаваць у год прэзыдэнцкіх выбараў грамадзка-палітычнае жыцьцё. Ён заўважае, што лібэралізацыі на ўзор выбарчай кампаніі 2010 году ня будзе. Рэжым у Беларусі ня мае патрэбы ў ёй, зазначае экспэрт. Пра выбарчую кампанію апазыцыі Андрэй Ягораў, кажа, што яна будзе значна горшай, чым у 2010 годзе, бо на ягоную думку, палітычная апазыцыя не падрыхтаваная да выбараў:

«Яна ні мае ні адзінага кандыдата, ні нейкай уцямнай кааліцыі, якая б змагла зрабіць асэнсаваным палітычны ўдзел апазыцыі ў гэтых выбарах. Таму ўсё карыснае, што можа зрабіць беларуская апазыцыя: папросту ня ўдзельнічаць у гэтых выбарах, але яна ня можа гэтага зрабіць па розных суб’ектыўных прычынах. Мы будзем назіраць дужа бессэнсоўную кампанію, падобнай да тых, якія былі і ў папярэднія гады».

Што да пазыцыі ўлады адносна выбараў, то Андрэй Ягораў, называе яе спэктаклем і гульнёй. На ягоную думку, улада будзе намагацца дэманстраваць, што на выбарах ёсьць палітычная барацьба. Экспэрт дапускае, што ўлада нават будзе ўзвышаць вагу апазыцыі:

«Вядома ж будуць выказваньні, якія дыскрэдытуюць апазыцыю, але троху і ўздымаюць яе рэйтынг, каб паказаць, што палітычная канкурэнцыя існуе, аднак апазыцыя такая слабая, што ня можа перамагчы нікога. Адзінае інтрыга застаецца: ці выпусьцяць з турмаў палітвязьняў і ці дазволяць кампанію праводзіць адкрыта, ці будуць перасьледаваць удзельнікаў як звычайна».

Андрэй Ягораў лічыць, што Аляксандар Лукашэнка працягне разыгрываць міратворчую карту ва Ўкраіне, дэманструючы нэўтральнасьць. Тым ня менш, на думку палітоляга, кіраўнік беларускай дзяржавы ўсё адно трымацца прарасейскай пазыцыі у канфлікце. Экспэрт нагадвае, што Беларусь па рэзалюцыі ў ААН па тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны падтрымала расейскі бок, а таксама на сваёй тэрыторыі мае расейскія вайсковыя базы.

«Лукашэнка паўтарае тую ж самую пазыцыю, якую мае Расея, што ва Ўкраіне — грамадзянская вайна, ён не называе, хто ёсьць хто ў гэтым канфлікце, — тлумачыць Ягораў. — Хаця зразумела, што гэта расейская агрэсія супраць Украіны і без расейскай падтрымкі сэпаратыстаў нічога б там не было».

Разам з тым, адзначае Андрэй Ягораў, Лукашэнка ўмела дэманструе і прыхільнасьць да Ўкраіны, паколькі яна важны эканамічны партнэр Беларусі:

«Так ён між двух агнёў мітусіцца. Магчыма, для яго гэта аптымальная пазыцыя. Ён любіць гуляць словамі. У яго гэта атрымліваецца і ён выкручваецца. Тэатральны драматызм сытуацыі ён разыгрывае даволі добра і гледзячы па рэакцыі як гэта ўспрымаецца ва Ўкраіне, у Эўразьвязе, Расеі — гэта яму ўдаецца».

Андрэй Ягораў наведаў Магілёў дзеля ўдзелу ў дыскусіі адносна праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства», якая праходзіла ў сядзібе абласной арганізацыі партыі БНФ. У ёй сабралі два дзясяті актывістаў мясцовай апазыцыі.

Ініцыятыва Эўразьвязу адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі і яе будучыні, зазначыў у інтэрвію Свабодзе Андрэй Ягораў. Цяперашні беларускі рэжым, на ягоную думку, ня можа адэкватна гэтую праграму ўспрыняць, бо «Ўсходняе партнэрства» вымагае палітычных рэформаў, лібэралізацыі і збліжэньня са стандартамі Эўразьвязу ў галіне дэмакратыі, дзяржаўнага кіраваньня, незалежнасьці судовай сыстэмы і юстыцыі.

«Гэта той кошт, які ня можа заплаціць лукашэнкаўскі рэжым, таму „Ўсходняе партнэрства“ ў Беларусі прасоўвацца дужа кепска, — кажа экспэрт. — Улада пэўныя інструмэнты бярэ для рэалізацыі, а нешта выкідвае. Тым ня менш для будучыні краіны „Ўсходняе партнэрства“ — вельмі добрая ініцыятыва».

Андрэй Ягораў нагадвае, што Беларусь, адзіная краіна на постсавецкай прасторы, якая ня мае дамовы з Эўразьвязам пра партнэрства і каапэрацыю. Стасункі між афіцыйным Менскам і Эўразьвязам пасьля рэфэрэндуму 1996 году маюць цыклічны характар: ад замарозкі з увядзеньнем санкцыяў да аднаўленьня кантактаў. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі, кажа экспэрт, звычайна ажыўляецца дыялёг. Пасьля выбараў адносіны пагаршаюцца да ахалоджваньня.

З канца 2013 году фаза цыклю прыпадае на наладжваньне кантактаў. Адбываюцца візыты ў Менск высокіх эўрапейскіх чыноўнікаў, тое ж робяць і беларускія чыноўнікі зь Міністэрства замежных спраў. На думку Андрэя Ягорава, бакі маглі б дамовіцца пра прыймальны ўзровень адносінаў, але пры выкананьні базавых ўмоваў Захаду:

«Трэба выпусьціць палітычных вязьняў. А па-другое — гэта правядзеньне больш-менш свабодных дэмакратычных выбараў. Эўрапейцы, вядома ж, хацелі б, каб яны былі цалкам свабодныя і дэмакратычныя, але іх бы задаволіла і паляпшэньне ўмоваў выбараў і адсутнасьць такіх вычварэньняў, якія былі пры канцы 2010 году. Калі гэтыя дзьве ўмовы былі б выкананыя, то мы б маглі б разьлічваць на больш нармальны ўзровень адносінаў з Эўразьвязам».

На думку Андрэя Ягорава, цяпер праграма «Ўсходняе партнэрства» ў крызысе. Пасьля падпісаньня дамовы пра асацыяцыю з Эўразьвязам Малдовы, Грузіі ды Ўкраіны перад Эўразьвязам паўстае пытаньне, што рабіць з краінамі-ўдзельніцамі ініцыятывы, якія не падпісалі такой дамовы. Падзеі ва Ўкраіне паказалі, казаў Андрэй Ягораў, што ня толькі ўрад адказвае за эўрапейскі шлях разьвіцьця нацыі, але і грамадзянская супольнасьць, пры гэтым інтарэсы ўраду не заўжды супадаюць і нават супярэчаць інтарэсам грамадзянскай супольнасьці. Што да беларускай пэрспэктывы «Ўсходняга партнэрства», то, як заўважае экспэрт, калі ўмовы Эўразьвязу ня будуць выкананыя, то Захад можа наважыцца на цынічны фармат адносінаў з афіцыйным Менскам, як тое адбываецца цяпер з Азэрбайджанам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG