Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея хоча, каб Украіна аддала Данецкі аэрапорт сэпаратыстам


На думку МЗС Расеі, аэрапорт горада Данецка, згодна з менскімі дамоўленасьцямі, нібыта павінен быць перададзены пад кантроль сэпаратыстаў, а сілы «ДНР» яго захоплівалі, каб спыніць «злачынныя дзеяньні» ўкраінскіх сілавікоў. Тэкст заявы МЗС Расеі быў апублікаваны на сайце ведамства.

У Менскім мэмарандуме ўвогуле не згадваецца данецкі аэрапорт, які ўкраінскія войскі ўтрымліваюць з траўня мінулага года, нягледзячы на шматлікія атакі расейскіх вайскоўцаў і баевікоў.

Пры гэтым МЗС Расеі сьцьвярджае, што нібыта ўкраінскія вайскоўцы з Данецкага аэрапорта «пастаянна абстрэльвалі мірнае насельніцтва», і што таму «ДНР» «ўзяло аэрапорт пад свой кантроль», а украінскія войскі, нібыта «не лічачыся з ахвярамі сярод грамадзянскага насельніцтва, разгарнулі поўнамаштабную баявую апэрацыю ў спробе адбіць гэты стратэгічны аб’ект з тым, каб працягваць абстрэлы жылых раёнаў Данецка» , — заяўляюць у ведамстве Сяргея Лаўрова.

Расейскі МЗС таксама абвінаваціў Украіну ў зрыве пасяджэньня трохбаковай кантактнай групы ў Менску 16 студзеня з-за няяўкі яго прадстаўнікоў.

Пры гэтым МЗС Расеі адзначае, што «расейскі бок дамагаецца няўхільнага выкананьня Менскіх дамоўленасьцей па ўрэгуляваньні крызісу на Ўкраіне», але менавіта Кіеў, як сьцьвярджаюць у Маскве, бярэ курс на канфрантацыю і эскаляцыю канфлікту.

МЗС Расеі адзначае, што 15 студзеня Ўладзімір Пуцін накіраваў Пятру Парашэнку пасланьне аб неабходнасьці няўхільнага выкананьня бакамі канфлікту рэжыму «цішыні» і захаваньня дамоўленасьці аб адводзе цяжкай артылерыі ад лініі кантакту.

Там заяўляюць, што Пуцін адказу не атрымаў, а наўзамен Украіна пачала артылерыйскія абстрэлы Данецка.

У адказ на гэтыя абвінавачваньні МЗС Украіны зьвярнуўся да Расеі з прапановай падпісаць графік імплемэнтацыі Менскіх дамоўленасьцей у рэдакцыі ад 13 лістапада і забясьпечыць спыненьне агню з 19 студзеня. Пра гэта гаворыцца ў заяве МЗС Украіны, апублікаваным на яго сайце.

«13 лістапада 2014 года прадстаўнікі Ўкраіны і Расеі падпісалі працоўны дакумэнт, які прадугледжваў выразны графік імплемэнтацыі палажэньняў Менскага мэмарандуму. Расейскі бок адклікаў свой подпіс з-пад гэтага дакумэнта. Сёньня Ўкраіна ў чарговы раз зьвярнулася да Расеі з прапановай падпісаць графік імплемэнтацыі Менскіх дамоўленасьцей менавіта ў рэдакцыі ад 13 лістапада і забясьпечыць спыненьне агню з 19 студзеня».

МЗС Украіны адзначае, што «Ўкраіна цалкам выконвае Менскія дамоўленасьці і чатыры доўгія месяцы чакае іх выкананьня з боку Расеі і баевікоў».

Ва ўкраінскім зьнешнепалітычным ведамстве перакананыя, што зацьвярджэньне графіку імплемэнтацыі Менскага мэмарандуму «дазволіць неадкладна спыніць агонь і засьцерагчы мірнае насельніцтва рэгіёну ад абстрэлаў баевікоў, чым яны займаюцца чатыры апошнія месяцы, і створыць неабходныя перадумовы для правядзеньня ў бліжэйшы час кансультацый трохбаковай кантактнай групы, сустрэчы міністраў замежных спраў Украіны, Францыі, Германіі і Расіі, а ў далейшым — саміту кіраўнікоў гэтых дзяржаў і ўрадаў ў Астане ».

«Апошнія два месяцы баевікі бесперапынна штурмуюць Данецкі аэрапорт, у якім пастаянна знаходзяцца украінскія „кібаргі“. Таму байкі аб „узяцьці аэрапорта“ просім пакінуць для ўнутранай прапаганды », — гаворыцца ў заяве.

Згодна з Менскім пратаколам ад 5 верасьня і Мінскім мэмарандумам ад 19 верасьня, лінія разьдзелу павінна быць ўстаноўленай у адпаведнасьці з тымі пазыцыямі, якія кожны з бакоў займаў па стане на 19 верасьня. Украінскія вайскоўцы на той момант кантралявалі Данецкі аэрапорт. У тэксьце Менскага пратаколу і Менскага мэмарандума нідзе не пазначана, што Данецкі аэрапорт павінен перайсьці да незаконных узброеным груповак.

Вайсковая апэрацыя ўкраінскіх сілавікоў у Данецкім аэрапорце і вакол яго стала адказам на наступ расейцаў і прарасейскіх баявікоў. Цягам апошняга тыдня рэзка павялічылася колькасьць абстрэлаў ўкраінскіх пазыцый і населеных пунктаў з боку баевікоў «ДНР» і «ЛНР» па ўсёй лініі фронту, у выніку чаго ёсьць ахвяры сярод мірнага насельніцтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG