Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народны Журналіст» падвёў вынікі. Якія тэмы былі найважнейшыя для канкурсантаў ФОТА


Што хвалюе тых, аб кім ня пішуць журналісты і хто сам пачаў пісаць, бо ня можа больш назіраць? Навошта трэба конкурс «Народны журналіст», хто ў ім перамог у гэтым годзе і што далей – расказваюць арганізатары, журы і ўдзельнікі.

Вынікі чацьвёртага па ліку конкурсу «Народны журналіст» падвялі 17 студзеня 2015 году ў Менску. Гэты конкурс арганізаваны цэнтрам грамадзянскай адукацыі «Супольнасьць» і ладзіцца для непрафэсійных журналістаў з розных куткоў Беларусі.

Геаграфія ўдзельнікаў сапраўды разнастайная – Салігорск, Мазыр, Ворша, Слуцак, Берасьце… Яны – гэта і моладзь, якая добра памятае выпускныя іспыты, і ледзь не сівыя дзядулі. Усяго прызы ўручалі ў чатырох катэгорыях – тэкст, мультымэдыя, «Барані сваё» і «Малады народны журналіст», плюс асобныя падзякі. Пераможцы атрымалі карысную ў журналісцкай працы тэхніку, ад флэшак да камэраў.

З усімі працамі можна пазнаёміцца на сайце конкурсу. Працы пераможцаў, паводле арганізатараў, моцныя з кропкі гледжаньня падачы матэрыялу, уплыву на чытача і ўласна на рэчаіснасьць. Апошняе, дарэчы, і ёсьць сапраўднай мэтай грамадзянскай журналістыкі.

«Патрабаваць прафэсійных кампэтэнцый ад чалавека, які піша першы раз – я ўжо сёньня пра гэта казаў: самае важнае, што ён проста падняў руку і напісаў, і даслаў, што ён не прайшоў міма. Што, гэта бачаць толькі тыя, хто напісаў?» – камэнтуе Валер Мазынскі, рэжысэр і адзін з чальцоў журы.​

Мультымэдыя: фільм, героем якога заўтра можаш стаць ты

Пераможца ў катэгорыі «Мультымэдыя» – мужчына каля 40 год, жыхар Берасця, які ня так даўно пачаў размаўляць на беларускай мове і ўжо радуецца, што дзіця называе яго «тата». А ў сваім горадзе Сяргей Пятрухін – чалавек, які здымае на відэа месцы і людзей, у якіх ня склалася там, дзе ў іншых ішло роўна.

Сяргей Пятрухін
Сяргей Пятрухін

Напрыклад, жыхароў гістарычнага цэнтру, якіх дзеля выгоды інвэстараў высяляюць на ўскраек. Эпіграфам да працы напісана: «У фільме здымаліся рэальныя ўдзельнікі рэальных падзеяў, сярод якіх заўтра можаш апынуцца ты». Журы нават спачатку палічыла, што перад ім праца прафэсійнага журналіста (а конкурс выключна для непрафэсіяналаў).

Тэкст: нататкі зь «Белкалію»

Адзін з тых, пра чый аклад Салігорску ходзяць легенды, заняў першае месца ў катэгорыі «Тэкст». Імя яго Аляксандар Малочка, малады хлопец і звычайны супрацоўнік «Белкалію».

Тэкст, ужо ня першы для аўтара аб набалелым, расказвае аб транспартных закупках адной з самых багатых беларускіх кампаній і прысьвячаецца антыкарупцыйнай кампаніі. Як у сапраўднай грамадзянскай журналістыцы, публікацыі маюць і вынік – «раптоўнае зьяўленьне элемэнтарнага, але неабходнага інструмэнту, што адсутнічаў дагэтуль паўтара году на прамысловай пляцоўцы 1 РК». І ня толькі.

Малады народны журналіст: «Форт просіць дапамогі»

Наступны пераможца, як і папярэдні, зь Берасьця, імя яго – Зьміцер Суганяеў. Фільм аб форце – частцы Берасьцейскай крэпасьці, пра якую ведаюць далёка ня ўсе турысты і мясцовыя. Ён, форт №8 з 23, знаходзіцца там, дзе дубовы парк у мікрараёне Дуброўка, ужо на працягу 140 гадоў і паступова разбураецца.

Пасьля Другой сусьветнай вайны у ім месьцілася вайсковая частка, а з 2005 году яго тэрыторыя і памяшканьні здадзеныя ў арэнду прыватнікам. Тыя будуюць платы, а частка валоў разбураная – пайшла на пясок.

Барані сваё: слуцкая масласырбаза 1770 году

Перагукаецца тэма з наступнай працай Сержука Кійко – пра сьвежыя едкія колеры гістарычных будынкаў, пра вокны ПВХ і пра Бэрнардынскі кляштар 1770 году, які зараз – склад № 1 сыраробчага камбінату. «Слуцак – стары горад з багатым мінулым, першая згадка пра які датуецца пачаткам ХІІ стагодзьдзя, але ўсё ягонае культурнае багацьце бяздумна пахаванае за апошнія 80 год», – піша аўтар у сваім тэксьце блогавага тыпу.

Праца, адрозна ад дзьвюх папярэдніх, – па-беларуску. Арганізатары кажуць, што дзякуючы конкурсу многія удзельнікі прыходзяць да беларускае мовы у сваіх публікацыях.

«Вёску падштурхоўваюць да выміраньня»

«У гэтым конкурсе людзі рабілі большы акцэнт на абарону спадчыны, абарону ідэнтычнасьці. Думаю, гэта зьвязана зь відавочнымі геапалітычнымі пагрозамі. І гэтым разам азначыліся іншыя балючыя тэмы», – каментуе Вінцук Вячорка, адзін з арганізатараў.

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

Як кажа Вячорка, «адбываюцца дзіўныя працэсы вынішчэньня сацыяльнай і эканамічнай прасторы ў беларускіх вёсках пад выглядам стварэньня аграгарадкоў. Не адбываецца натуральнае выміраньне, а вёску падштурхоўваюць да яго, зьнішчаюць сацыяльную інфраструктуру. Гэта таксама вядзе да лятыфундызацыі земляў – стварэньня буйных зямельных прастораў, якія ў пэрспэктыве могуць належаць аднаму ўласніку».

Доўгатэрміновымі вынікамі конкурсу спадар Вінцук бачыць дамаганьне хай невялікіх, але перамогаў, упэуненасьць дзейных людзей у сваіх сілах. Каб дапамагаць удзельнікам надалей, плянуюцца выезды на месцы ды прафэсійная кансультацыйная падтрымка.

Мэта для конкурснай супольнасьці людзей – каб разьвіваліся гарызантальныя сувязі. Таксама летам 2015 году, калі будзе абвешчаны новы конкурс, плянуюцца майстэрні па журналістыцы, у тым ліку выязныя.​

Выступае Андрусь Такінданг
Выступае Андрусь Такінданг

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG