Паэта Юрыя Гуменюка няма ўжо два гады. Ён пайшоў з жыцьця трагічна. Гарадзенскія літаратары правялі вечарыну памяці, на якой ацэньвалі яго творчасьць, чыталі вершы, а таксама ўрыўкі з кнігі, у якой паэт стаў адным з герояў. Гэта «Мясцовы час», напісаны Алесем Аркушам. Мова пра падзеі 20-25-гадовай даўнасьці, калі яны з Гуменюком (ды іншымі маладымі аўтарамі) стваралі Таварыства вольных літаратараў.
Якраз у той час у Горадні пачалі пісаць некалькі маладых паэтаў: Юры Гумянюк, Андрэй Пяткевіч, Юры Пацюпа, Эдуард Мазько, пазьней Анатоль Брусевіч. Яны адразу сталі адметнымі. Паэтка Ала Петрушкевіч, якая вяла вечарыну, зазначыла, што ва ўнівэрсытэце яны мелі добрага настаўніка — Аляксея Пяткевіча.
«Ён сышоў з гэтага сьвету нечакана і таямніча, ня так, як усе, — пачаў гаварыць пра Юрыя Гуменюка прафэсар Аляксей Пяткевіч. — І як сапраўдны паэт, ён і быў не такі, як усе, ён ня быў масавым чалавекам. Ён быў стылёвым ва ўсім, заканчваючы сваімі думкамі. Агарошваў часам пераходамі ад аднаго да другога, шматкроп’ямі, абрывамі, шукаў нейкія акцэнты і цяжка было ўявіць яго лёгіку. Што ж, паэты не жывуць лягічна. Ён і ў вершах сваіх быў і эстэтам высокага кшталту, і грубіянам, сумяшчаў высокае і нізкае. Умеў гуляць словам, выказвацца элегантна. Літаральна ўзарваўся знутры выбухам эмоцый, словаў, і ўжо застаўся на гэтым узроўні, роўна, проста ішоў як паэт, уражваючы заўсёды вынаходніцтвам слова».
Кім быў Юры Гумянюк у літаратуры? Аляксей Пяткевіч перакананы:
«Вядома, ён быў тыповым мадэрністам, які ўмее сумяшчаць абсалютна несумяшчальнае. У нас прынята лічыць гэтую плынь постмадэрнісцкай. Мне думаецца, што варта зрабіць маленькую папраўку: постмадэрнізм — гэта зьява заходняя. Там мадэрнізм быў пройдзены і даўно пачаўся гэты пэрыяд постмадэрнісцкага разьвіцьця».
Вышэйназваная група маладых гарадзенскіх паэтаў, паводле Аляксея Пяткевіча, «пісала не ў традыцыі беларускай літаратуры, трымалася крышку асобна, незалежна, крышку з выклікам. Але ці быў гэта постмадэрнізм? Гэтая група ў Горадні была нешта новае абсалютна».
Як кажа Пяткевіч, сам Гумянюк пісаў «цікавыя, яркія, глыбокія, па-грамадзянску сьмелыя вершы».
«Ён быў у літаратуры таленавітым ува ўсім, надрукаваў раман, быў таленавітым эсэістам, пісаў добрыя п’есы для лялечнага тэатру. Ягоная літаратурная крытыка вызначалася выдатным густам, рэзкасьцю і самастойнасьцю... У жыцьці ён быў крышку загадкавым чалавекам, не да канца намі пазнаным, высьветленым», — падсумоўвае Аляксей Пяткевіч.
Ала Петрушкевіч зазначыла, што адметнасьць Гуменюка грунтавалася на нонканфармізьме:
«Тое, што вылучала яго і што палохала многіх. І палохае да сёньня. Хоць ён заўсёды падкрэсьліваў, што ягоная нязгода — гэта не вайна, не барацьба, гэта духоўная пазыцыя. Што датычыць менавіта літаратуры, культуры».
Заснавальнік Таварыства вольных літаратараў Алесь Аркуш распавёў, як пазнаёміўся з гарадзенскім паэтам. Яны мелі задачу пашырыць эстэтычна літаратуру, якая закапалася ў дзьвюх тэмах — вайна і вёска, — кажа Аркуш.
«Пасябравалі праз пошту, — успамінае ён. — Гумянюк, бывала, пісаў па два-тры лісты на тыдзень. Гэта сьветапоглядныя лісты, іх можна выдаць асобнай кніжкай».
З Гуменюком яны прыйшлі да ідэі ўтварыць новую літаратурную арганізацыю, якая будзе трымацца «на двух кітах»: нонканфармізьме і рэгіяналізьме.
«Нонканфармізм — любімае слова Юрыя, — кажа Алесь Аркуш. — У кожным лісьце ён пісаў: трэба навучыцца быць самастойным у літаратуры, навучыцца адмаўляцца ад уплываў — ад дзяржавы, ад грошай».
Што ў зьмесьце «Новага часу»?
Алесь Аркуш расказвае: «Сукупнасьць культурных падзеяў, што адбываліся ў самым цікавым, залатым, пераломным часе — у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў. Гэта мастацкі твор з рэальнымі героямі, на рэальных фактах: нон-фікшан, непрыдуманая літаратура». Клясычным узорам гэтага жанру Алесь Аркуш назваў кнігу пра Освальда Аляксандра Лукашука «Сьлед матылька»: «Я лічу, што гэта адзін з самых лепшых твораў нон-фікшан, напісаных па-беларуску».
У сваёй кнізе Аркуш выкарыстаў лісты Гуменюка ды іншых паэтаў, якія «яскрава захавалі час, перадаюць яго праўдзівасьць, энэргетыку».