Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд ЗША ацэніць законнасьць аднаполых шлюбаў


Вярхоўны суд Злучаных Штатаў паведаміў у пятніцу аб тым, што ён разгледзіць пытаньні аб тым зьяўляецца канстытуцыйнай забарона аднаполых шлюбаў і ці павінны штаты, дзе існуе падобная забарона, прызнаваць такія шлюбы, заключаныя ў іншых штатах.

Вярхоўны суд прыняў да разгляду некалькі пазоваў з чатырох штатаў — Агаё, Кентукі, Мічыган і Тэнэсі. Пазоўнікі, аднаполыя пары аспрэчваюць рашэньне фэдэральнага апэляцыйнага суда, які прызнаў канстытуцыйнай забарону на аднаполыя шлюбы ў некаторых штатах. Суд вырашыў вынесьці рашэньне па адным з самых вострых сацыяльных пытаньняў краіны пасьля таго, як фэдэральныя апэляцыйныя суды разышліся ў сваіх вэрдыктах адносна канстытуцыйнасьці такіх шлюбаў. Большасьць прызналі іх забарону не адпаведнай канстытуцыі ЗША.

У мінулым годзе Вярхоўны суд адмяніў некаторыя дыскрымінацыйныя ў адносінах да аднаполых сем’яў палажэньні фэдэральнага закону «Аб абароне шлюбу». Пасьля гэтага рашэньня фэдэральныя суды ў некалькіх штатах прызналі несапраўднымі забароны на заключэньне шлюбаў прадстаўнікамі аднаго полу.

Калі Вярхоўны суд вырашыць, што чатыры штаты парушаюць канстытуцыйныя правы грамадзянаў, забараніўшы аднаполыя шлюбы, то гэта будзе азначаць фактычную легалізацыю аднаполых шлюбных саюзаў ва ўсёй краіне. Аднак назіральнікі не бяруцца прадказаць рашэньне Вярхоўнага суда.

Разгляд пазоваў прызначаны на красавік, рашэньне чакаецца ў канцы чэрвеня. Зараз аднаполыя шлюбы забароненыя ў 14 штатах.

XS
SM
MD
LG