Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі суд ня хоча аднавіць правы прафсаюзнага лідэра


Віктар Стукаў

Віктар Стукаў

Віктар Стукаў, кіраўнік суполкі СПБ прадпрыемства «Полацак-Шкловалакно», зьвярнуўся ў абласны суд са скаргай на дыскрымінацыю чальцоў незалежнай прафсаюзнай арганізацыі. Але ў судзе сказалі, што ён зьвяртаецца «не па адрасе».

Месяц таму ў задавальненьні ягонай скаргі адмовіў суд Полацку і Полацкага раёну, апавёў Свабодзе прафсаюзны актывіст:

«У сьнежні я зьвяртаўся ў Полацкі суд па двух пытаньнях. Першае — каб мяне бесьперашкодна прапускалі на тэрыторыю прадпрыемства, другое — каб спынілі дыскрымінацыю ў дачыненьні да нашага прафсаюзу. Дыскрымінацыя ў тым, што нас не запрашаюць і не пускаюць на калектыўныя перамовы з працадаўцам, у адрозьненьне ад афіцыйнага, прадзяржаўнага прафсаюзу. Без удзелу ў перамоўным працэсе мы ня можам уплываць, прыкладам, на складаньне працоўнай калектыўнай дамовы. З намі ўвогуле ня хочуць весьці аніякія перамовы, і таму судовыя рашэньні выглядаюць як зьдзек. Мясцовы суд не задаволіў гэтую скаргу, а абласны патлумачыў, што дыскрымінацыя прафсаюзу — гэта не прадмет судовага разбору. Што гэта, маўляў, вырашаецца ў працэсе перамоваў з кіраўніцтвам. Якія перамовы, калі іх няма, бо за гэтае права я якраз і змагаюся?»

Мясцовы суд не задаволіў гэтую скаргу, а абласны патлумачыў, што дыскрымінацыя прафсаюзу — гэта не прадмет судовага разбору

Дарэчы, што да першай скаргі, якую месяц таму задаволіў Полацкі суд, то гэтае рашэньне хоча аспрэчыць ужо кіраўніцтва прадпрыемства, дадае Віктар Стукаў:

«Полацкі суд пастанавіў, каб мне выпісалі пропуск і бесьперашкодна прапускалі на вытворчасьць. Я пэнсіянэр, вызвалены прафсаюзны кіраўнік, і гэтым адміністрацыя карыстаецца, каб стварыць перашкоды для маіх сустрэчаў з рабочымі. У касацыйнай скарзе адміністрацыя напісала, што я „ствараю праблемы“, калі прыходжу на прадпрыемства — правакую на скандалы, парушаю дысцыпліну і гэтак далей. Гэтаму няма ніякіх пацьвярджэньняў, але касацыйная скарга ўжо пададзеная, чакае разбору. А на прадпрыемства мяне па-ранейшаму не пускаюць».

Віктар Стукаў мяркуе, што адміністрацыя перастрахоўваецца, каб ня сталі вядомымі парушэньні ў дачыненьні да працаўнікоў. Суполка СПБ ставіць вострыя пытаньні наконт правоў працоўных, у прыватнасьці, пра парушэньні правілаў аховы працы. Ня так даўно, дзякуючы інфармацыі ад работнікаў «Полацак-Шкловалакна» стаў шырока вядомы выпадак, калі па дамоўленасьці начальнікаў цэхаў у плавільнай печы жыўцом спалілі кошку з кацянятамі. Зразумела, што ў працоўныя абавязкі работнікаў «жывадзёрства» не ўваходзіць, ня кажучы ўжо пра маральны аспэкт гэтага выпадку.

Паводле Віктара Стукава, адміністрацыя баіцца «працёку» любой нэгатыўнай інфармацыі за межы прадпрыемства. А СПБ мае магчымасьць ня толькі зафіксаваць, але і распаўсюдзіць такую інфармацыю — праз уласны бюлетэнь «Стекляшка» або праз свой інтэрнэт-сайт.

XS
SM
MD
LG