Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрбія паміж брусэльскім молатам і маскоўскім кавадлам


Kosovo -- Ethnic Serbs hold a Serbian national flag during an event to mark the anniversary of the 1389 Battle of Kosovo at Gazimestan, near the capital Pristina, 28Jun2013

Kosovo -- Ethnic Serbs hold a Serbian national flag during an event to mark the anniversary of the 1389 Battle of Kosovo at Gazimestan, near the capital Pristina, 28Jun2013

Ад пачатку 2015 году Сэрбія старшынюе ў Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе. Мы запыталі Драгана Штаўляніна, калегу з Паўднёваславянскай службы нашага радыё, якім чынам гэтая сытуацыя можа паўплываць на эўрапейскую палітыку.

Якія асноўныя накірункі дзеяньня бачыць Бялград падчас свайго старшынёўства ў АБСЭ?

Перш за ўсё Сэрбія паспрабуе выкарыстаць сваю пазыцыю дзеля таго, каб разьвіць адносіны і з Масквой, і з Брусэлем. У Сэрбіі добрыя адносіны з Масквой, адначасова Сэрбія зьяўляецца кандыдаткай на ўступленьне ў Эўразьвяз, таму Бялград будзе імкнуцца знайсьці вырашэньне праблемы Ўкраіны ў адносінах Расеі і Эўразьвязу. Хоць я асабіста не чакаю нейкіх адчувальных вынікаў.

Ці сапраўды ў Сэрбіі шмат сымпатыі для Расеі?

Сярод сэрбаў традыцыйна жыве прыхільнасьць да славян, асабліва праваслаўных. А Расея, з гістарычных прычын, усё яшчэ бачыцца як вялікі ахоўнік [славяншчыны]. Калі гаварыць пра некаторыя канкрэтныя моманты, дык Сэрбія расчаравалася ці нават часткова адчула сябе здраджанай рашэньнем Масквы пакінуць ідэю пабудовы газаправоду «Паўднёвы паток». Ну і 70% замежнага гандлю Сэрбіі прыпадае на Эўразьвяз, а на Расею — усяго каля 10%. Але, з другога боку, Сэрбія разьлічвае на падтрымку Расеі, што тычыцца блякаваньня ў Радзе Бясьпекі ААН прыняцьця Косава ў ААН. Значыць, Сэрбія спрабуе неяк балянсаваць паміж Расеяй і Захадам, хоць гэта даволі цяжкое заданьне.

Эўразьвяз хоча, каб Сэрбія далучылася да санкцый супраць Расеі. Як Бялград вырашае гэтае пытаньне?

У канчатковым выніку Сэрбія будзе прымушаная далучыцца да гэтых санкцый. Але у Эўразьвязе разумеюць усю складанасьць сытуацыі ў Сэрбіі, таму цяпер моцна не націскаюць. Тым ня менш у Брусэлі ўвесь час паўтараюць, што раней ці пазьней Бялграду трэба будзе далучыцца да агульнай замежнай палітыкі Эўразьвязу. Сэрбія, з аднаго боку, падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, гэта значыць, не прызнае анэксіі Крыму Расеяй; з другога боку, Сэрбія не далучаецца да эўрапейскіх санкцый супраць Расеі. Тут мы бачым якраз памкненьне Бялграду задаволіць і Брусэль, і Маскву адначасова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG