Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы па Данбасе пад пагрозай зрыву


Прэсавы сакратар МЗС Беларусі ня можа паведаміць, ці адбудуцца сёньня кансультацыі трохбаковай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе ў менскім фармаце.

Сёньня чакаецца чарговы раўнд перамоваў трохбаковай кантактнай групы па Данбасе (Украіна, Расея, АБСЭ, а таксама прадстаўнікі прарасейскіх сэпаратыстаў з Данецка і Луганска). Гэтыя кансультацыі могуць адкрыць шлях для сустрэчы ў Астане лідэраў Украіны, Расеі, Францыі, Нямеччыны ў так званым «нарманскім фармаце». Сустрэча плянавалася на 15 студзеня, але была адкладзеная.

Аднак яснасьці з менскімі кансультацыямі пакуль няма.

«Мы не атрымалі кансалідаванай пазыцыі ўдзельнікаў і ня можам паведаміць, ці адбудзецца сустрэча і калі, але гатовыя прадставіць пляцоўку ў любы момант»,— заявіў Свабодзе прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Прадстаўнікі груповак «ДНР» і «ЛНР» заяўляюць пра гатоўнасьць прыняць удзел у кансультацыях з трохбаковым кантактнай групай у Менску 16 студзеня.

Ігар Платніцкі, які называе сябе «кіраўніком ЛНР», сказаў, што сам не паедзе ў Мінск для сустрэчы з прадстаўнікамі Ўкраіны, Расеі і АБСЭ, але дашле свайго прадстаўніка Ўладзіслава Дайнэгу.

Так званую «ДНР» будзе прадстаўляць Дзяніс Пушылін. Ён сказаў, што ў выпадку дасягненьня прагрэсу на перамовах у Менску ў дыскусіі далучацца Ігар Платніцкі і Аляксандр Захарчанка, які называе сябе «кіраўніком ДНР».

Апошні раз кантактная група праводзіла кансультацыі з прадстаўнікамі баевікоў у Менску 24 сьнежня. Паводле паведамленьня АБСЭ, 15 студзеня прадстаўнікі Ўкраіны, Расеі і АБСЭ сустрэліся ў Кіеве «ў рамках падрыхтоўкі да заплянаваных кансультацый у Менску».

Тым часам з боку сэпаратыстаў і расейскіх войск у Данбасе актывізаваліся абстрэлы украінскіх пазыцый, баевікі працягваюць намаганьні захапіць Данецкі аэрапорт.

Гэтыя атакі прывялі да абстрэлу аўтобуса з цывільнымі грамадзянамі пад горадам Валнаваха Данецкай вобласьці, у выніку якога загінула 14 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG