Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кіраўнік групоўкі «ДНР», якая прызнаная ва Ўкраіне тэрарыстычнай, Аляксандар Захарчанка ў чацьвер удзень заявіў пра тое, што 95 працэнтаў тэрыторыі Данецкага аэрапорту, за які ідуць баі ўжо ня першы месяц, апынуліся пад кантролем сэпаратыстаў, а жывымі застаюцца дзясятак украінскіх вайскоўцаў. Аднак, штаб Антытэрарыстычнай апэрацыі (АТА) абверг гэтую інфармацыю, пацьвярджаючы толькі, што маштабныя сутыкненьні ў тэрміналах працягваліся на працягу ўсяго дня. «Кібаргі» паведамілі пра параненых і забітых, але запэўніваюць, што ад занятых пазыцыяў не адыходзяць.

Яшчэ ўдзень у штабе АТА заявілі, што Аляксандар Захарчанка аддаў загад баевікам да канца дня ўзяць штурмам Данецкі аэрапорт. Далей пачаліся маштабныя атакі.

Дарадца міністра абароны Ўкраіны Юры Бірукоў, які падтрымлівае сталую сувязь з байцамі ў аэрапорце, распавёў пра артылерыйскія абстрэлы і баі на кароткіх адлегласьцях з ужываньнем стралковай зброі, якія ў асноўным праходзяць у будынку новага тэрмінала. Цяпер вялікая яго частка пад кантролем «кібаргаў», аднак у пэўных памяшканьнях змаглі замацавацца баевікі.

Захарчанка яшчэ ўдзень пасьпяшаўся заявіць, што ўся тэрыторыя аэрапорта на працягу 30 хвілінаў будзе занятая сэпаратыстамі. Аднак увечары баі працягваліся. Словы Захарчанкі абверг прадстаўнік АТА Андрэй Лысенка.

«Пра лідэра баевікоў адзін клясык сказаў: „Брэша, як сабака на месяц“. Ён яшчэ ўчора паведамляў, што яны ўзялі аэрапорт, што ўсё нармальна. А сёньня яны гатовыя яго „вызваляць“. Непасьлядоўна, нелягічна, ілжыва, правакацыйна — больш не магу пракамэнтаваць», — заявіў Лысенка.

Місія АБСЭ не змагла трапіць у аэрапорт з-за страляніны

Таксама ў штабе АТА ў чацьвер папярэджвалі аб магчымай правакацыі з боку баевікоў у сувязі зь візытам місіі АБСЭ на тэрыторыю аэрапорта. Зрэшты, з-за напружанай сытуацыі назіральнікі не змаглі праінспэктаваць аб’ект.

«Сёньня ў нас былі дзьве спробы трапіць у аэрапорт, але мы да яго так і не дабраліся. Мы, калі былі на месцы, зрабілі ўласную ацэнку сытуацыі па бясьпецы. Былі чуваць стрэлы, а мы — грамадзянская місія, таму было прынятае рашэньне вярнуцца на свае пазыцыі», — распавяла прэс-аташэ місіі Ірына Гудыма.

Адзін з валянтэраў, які дапамагае байцам ў аэрапорце і на працягу дня трымае сувязь зь імі, Аляксей Мачанаў пацьвердзіў, што заявы Захарчанкі пра захоп аэрапорта няслушныя. Паводле яго слоў, у «кібаргаў» шасьцёра параненых і адзін забіты.

Цяпер кібаргам з боем даводзіцца прабівацца ў аэрапорт

Сілам, якія базуюцца ў сяле Пяскі пад Данецкам, з боем удалося прабіцца да тэрміналаў і эвакуяаваць тых, каму неабходная мэдыцынская дапамога. Камандзір батальёна АУН Мікалай Каханоўскі распавёў Радыё Свабода, што Пяскі таксама застаюцца пад сталым ударам баевікоў. Тут працягваецца пазыцыйная барацьба сіламі артылерыі. Сувязь з аэрапортам не абрывалася. У той жа час, як адзначаюць вайскоўцы, за апошнія некалькі дзён, заўважылі, што з боку сэпаратыстаў агонь стаў значна больш прыцэльным, такім чынам, мяркуюць, што на дапамогу баевікам прыйшлі расейскія вайскоўцы.

«Афіцэры, якія там працуюць, кажуць пра тое, што вельмі зьмяніўся характар артылерыйскіх абстрэлаў і трапляньняў. Сэпаратысты так сапраўды раней не стралялі, і ёсьць адчуваньне, што зьмяніліся артылерысты і наводчыкі — на расейцаў, якія робяць гэта прафэсійна. Для людзей, якія знаходзяцца ў зоне баявых дзеяньняў, відавочна, што калі характар агню і дакладнасьць зьмяніліся, то туды прыйшло больш прафэсійнае падразьдзяленьне, а не апалчэнцы», — распавёў Мачанаў.

15 студзеня ў зоне АТА пазыцыі ўкраінскіх вайскоўцаў абстралялі 129 разоў. Баевікі атакавалі 35 населеных пунктаў на Данбасе.

Арыгінал публікацыі зьмешчаны на сайце ўкраінскай службы Свабоды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG