Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва новага віцэ-прэм’ера па гуманітарных пытаньнях Натальлі Качанавай — выганяць дзяцей з садочкаў «за прагулы» — абурыла грамадзян.

Віцэ-прэм’ер Беларусі Натальля Качанава заявіла днямі ў інтэрвію журналістам, што лічыць няправільнай сытуацыю, калі бацькі ня водзяць сваіх дзяцей у дзіцячы садок бяз важкіх прычынаў. Качанава заявіла, што гэтае пытаньне патрабуе вырашэньня «матэрыяльным рычагом», альбо варта зусім пазбаўляць такую сям’ю месца ў садочку.

Маладая маці зь Берасьця Алена кажа, што ідэя віцэ-прэм’ера Натальлі Качанавай яе проста абурае:

«Вось паглядзіце на маю сытуацыю — я два дні працую, два дні дома. За садок плаціць — каля 500 тысяч. Калі я выходная, то часта пакідаю дзіця дома. Такім чынам я эканомлю пэўную суму з аплаты за садок. Акрамя таго, я ведаю, што калі маё дзіця ня пойдзе ў садок, то не прынясе адтуль нейкія балячкі, соплі ды ўсё такое. Я лічу, што гэта лепей для яго здароўя».

Пры гэтым Алена кажа, што ў працоўныя дні ёй пакінуць дзіця няма з кім. Алена перакананая, што нельга вырашаць за бацькоў, калі ім весьці дзіця ў садок, а калі самім яго даглядаць.

Кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі згадвае, што ідэя Натальлі Качанавай ня новая, яе выказваў яшчэ былы віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік:

Ігар Маслоўскі

Ігар Маслоўскі

«Мы ў свой час прынялі такую жорсткую заяву і накіравалі свае прапановы, у тым ліку проста высьмеялі гэтую ідэю. Прабачайце, гэта чыстая дыскрымінацыя, што забаронена заканадаўствам і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь».

Ігар Маслоўскі раіць Натальлі Качанавай заняцца пошукам сродкаў на будоўлю новых школаў і садкоў, «а не палохаць бацькоў сваімі заявамі».

Берасьцейскія сацыял-дэмакраты ўжо каля двух гадоў ладзяць кампанію «За даступнасьць адукацыі па месцы жыхарства». Зьбіралі подпісы, ліставаліся з чыноўнікамі, патрабуючы празрыстасьці ў фінансаваньні адукацыі, будаўніцтва школаў і садкоў:

«Сытуацыя крышачку зрушылася зь мёртвай кропкі. У гэтым годзе ўвялі ў эксплюатацыю сярэднюю школу № 1. Зараз мы атрымалі ліст, што школа-садок у мікрараёне Паўднёвы будзе ўведзеная ў гэтым годзе. Гэта пэўны посьпех, мы дамагліся будаўніцтва гэтай школы», — кажа Ігар Маслоўскі.

Нэгатыўна да ідэі Натальлі Качанавай паставіўся і былы намесьнік начальніка ўпраўленьня адукацыі Берасьцейскага аблвыканкаму Мікалай Коўш:

Мікалай Коўш

Мікалай Коўш

«Гэта ўсё ў адным ланцугу — зрабіць усё так, каб чалавек быў у нейкіх путах. Ці на працы, ці на адпачынку, ці ва ўстанове адукацыі, мэдыцыны... Віцэ-прэм’ер Тозік — некалі пра яго прэзыдэнт сказаў — „як ляпне нешта...“ Ну, гэта працяг той, ня вельмі разумнай, палітыкі. Па дзіцячых садках вельмі-вельмі вялікія праблемы: колькасьць месцаў, далёка ці не ад дому гэтыя дзіцячыя садкі, напаўняльнасьць... Шмат праблемаў. Але новая віцэ-прэм’ер пэўна не за тую праблему ўзялася. Усё гэта накіравана на тое, каб недзе зэканоміць на сыстэме адукацыі».

Мікалай Коўш лічыць, што эканоміць лепей на будаўніцтве менш патрэбных для адукацыі будынкаў, на скарачэньні апарату чыноўнікаў, але не на будаўніцтве дзіцячых садкоў, або пазбаўленьні месцаў у садках. Спадар выказаў Свабодзе спадзяваньне, што прапанова Натальлі Качанавай застанецца толькі ідэяй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG