Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт выказаўся за санкцыі адносна Расеі і ў падтрымку Навальных


Фэдэрыка Магерыні (фота ©Shutterstock)

Фэдэрыка Магерыні (фота ©Shutterstock)

Дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту на пасяджэньні ў чацьвер ўхвалілі рэзалюцыю па Ўкраіне, у якой гаворыцца аб рэзкім асуджэньні імі «агрэсіўнай і экспансіянісцкай» палітыкі Расеі ў дачыненьні да суседняй дзяржавы.

Эўрапейскія парлямэнтары заклікалі Раду Эўразьвязу на пасяджэньні ў сакавіку не мяняць прынятых рашэньняў па санкцыях у дачыненьні да Масквы. Санкцыі неабходна захаваць да таго часу, пакуль Расея не адмовіцца ад агрэсіўных дзеяньняў, не пачне прытрымлівацца ўмоваў спыненьня агню ў Данбасе, ня выведзе свае войскі і ня спыніць падтрымліваць сэпаратыстаў, якія ваююць на ўсходзе Ўкраіны, гаворыцца ў рэзалюцыі.

У дакумэнце адзначаецца таксама неабходнасьць супрацьстаяць «інфармацыйнай вайне», якую вядзе Расея, дапамагчы Ўкраіне ў ажыцьцяўленьні рэформаў, ва ўмацаваньні яе абараназдольнасьці.

Таксама ў чацьвер Эўрапарлямэнт ухваліў рэзалюцыю аб «неабгрунтаваных абвінавачваньнях», на падставе якіх былі асуджаныя расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны і яго брат Алег. У рэзалюцыі падкрэсьліваецца, што крымінальны перасьлед актывіста, які змагаецца з карупцыяй, выглядае як палітычна матываваны, і што судовыя працэсы павінны быць свабодныя ад падобнага ўмяшаньня.

Дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікалі кіраўніка дыпляматыі Эўразьвязу Фрэдэрыку Магерыні у тэрміновым парадку прадставіць цэласную стратэгію дзеяньняў у дачыненьні да Расеі, накіраваную на падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту эўрапейскіх дзяржаваў, а таксама на падтрымку дэмакратычных прынцыпаў і вяршэнства права ў Расеі.

XS
SM
MD
LG