Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нядаўна я сур’ёзна задумаўся аб прыродзе нэрвовых зрываў. Натхнілі мяне суразмоўцы з Швэйцарыі, Францыі і Амэрыкі. Швэйцарац падзяліўся са мною даўняй марай: «Хачу паехаць у Львоў». Я адказаў: «Цудоўная мара. Вы не пашкадуеце. Але майце на ўвазе: Вы ўбачыце шмат бедных людзей». Швэйцарац бадзёра адказаў: «У Швэйцарыі таксама шмат бедных людзей». «Вядома, я шмат разоў бываў у Швэйцарыі, — сказаў я, — і ведаю, што там ёсьць бедныя людзі. Але я кажу пра іншыя маштабы». «О не, настойваў швэйцарац, — у нас вельмі шмат беднякоў». Я тупа пачаў казаць пра сярэдні заробак, цэны на тавары першай неабходнасьці і прадметы раскошы, дзіцячую і дарослую сьмяротнасьць, якасьць аховы здароўя, мільёны ўкраінскіх гастарбайтэраў. Але мае аргумэнты адскоквалі як гарох. Урэшце я знайшоў моцны аргумэнт: «Ведаеце, Швэйцарыя — багатая краіна, у якой сярод іншага жывуць і бедныя людзі, а Ўкраіна — бедная краіна, у якой жыве вельмі шмат бедных людзей». «Не, Вы мяне проста ня чуеце, — адказаў швэйцарац, — у нас поўна бедных людзей». Я засьмяяўся і ўспомніў ўкраінскі аналяг несьмяротнага расейскага верша пра папа і сабаку:

— Мы з тобою йшли?
— Йшли.
— Кожух знайшли?
— Знайшли.
— А дэ вiн?
— Та що?
— Та кожух.
— Та який?
— Мы з тобою йшли?..

Гэта я скараціў, арыгінал даўжэйшы.

Гутарка з французам была таксама духаўздымная. Мы гаварылі пра другую сусьветную вайну. Калі гаворка зайшла аб прыходзе да ўлады нацыянал-сацыялістаў у Нямеччыне, француз сказаў: «Нацыстаў фінансавалі амэрыканскія магнаты». Шчыра кажучы, я страціў цікавасьць да размовы, але дзеля прыстойнасьці зазначыў: «У немцаў былі свае магнаты, дый наогул, свая гісторыя, свая культура, свой, калі заўгодна, лёс, яны — дарослая эўрапейская нацыя, самі далі сабе рады, хоць, вядома , нацыстам дапамагалі добразычліўцы з СССР, Амэрыкі, Англіі». Француз велікадушна ўсьміхнуўся і парыраваў: «Не, вы недаацэньваеце ролі Амэрыкі». На гэтым мы разьвіталіся, але ўвечары я выпіў больш, чым належыць, і доўга ня мог заснуць.

Сур’ёзьней за ўсіх на маю душэўную раўнавагу паўплываў амэрыканец. Размова ў нас была публічная, я выступаў у ролі, як цяпер кажуць, мадэратара. Амэрыканскі калега быў малады, прыгожы, таленавіты, харызматычны. Ён мужна выкрываў сваю дзяржаву ад часоў гандлю рабамі і да вайны ў Іраку. Здавалася, ён кожны раз браў штангу на грудзі, а пасьля нечалавечым намаганьнем штурхаў яе. Кожнаму мусіла быць ясна: ён кажа праўду і толькі праўду. Калі ён загаварыў пра паўзучы фашызм у ЗША, я дазволіў сабе кароткую рэпліку: «А як там у Вас з канцлягерамі, Асьвенцімам, ГУЛАГам?». Ён узяў паўзу. Гэта была яго зорная часіна. Магчыма, ён чакаў гэтага моманту ўсё жыцьцё: «Так, у нас гэта таксама было, — ён абвёў аўдыторыю сваімі таленавітымі сумленнымі вачыма. — Падчас вайны мы інтэрнавалі нашых японцаў». Заля замерла і яшчэ доўга ператраўляла горкую амэрыканскую праўду.

У тую ноч я спрэс пазбавіўся сну і думаў пра прыроду нэрвовых зрываў. У чарговы ўік-энд я запрасіў свайго сябра ангельца Джона ў вінны бар «Манарх». Джон — калюмніст, аўтар некалькіх кніг пра палітыку і палітыкаў, у мінуўшчыне спіч-райтэр Маргарэт Тэтчэр. «Чым будзем закусваць?» — спытаўся Джон, сядаючы ў крэсла за столікам. Мы замовілі гішпанскі хамон — сыравялены сьвіны кумпяк. Я расказаў Джону пра свае хваляваньні, сумневы і бессань. Джон паглядзеў на мяне блакітнымі паўночнаатлянтычнымі вачыма і сказаў: «Усё вельмі проста. Ёсьць дыягназ. У псыхалёгіі гэта называецца „кагнітыўны дысананс“. Паводле Орўэла — „двухдумства“. Гэта калі чалавек паверыў у нешта і не ўспрымае новай або супярэчлівай інфармацыі. Тады дзеля псыхалягічнага камфорту чалавек гатовы ахвяраваць праўдай, нават голай праўдай».

«Ага, — важна адрэагаваў я, — але такія людзі заўсёды былі». «Так, а вось дыягназ паставілі ў канцы пяцідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя. Дарэчы, ёсьць розныя віды «кагнітыўнага дысанансу», і я кажу пра выпадкі, зь якімі сутыкнуўся асабіста ты. Хочаш, прывяду іншы прыклад? Ты памятаеш, як мой суайчыньнік Бэрнард Шоў добразычліва адгукаўся пра савецкі рэжым? Гэта таксама выпадак «кагнітыўнага дысанансу». Мне стала крыўдна за Джона, і я вырашыў падбадзёрыць яго: «Ды хіба толькі Шоў? А француз з зачараванай душою, а нямецкі пісьменьнік, які закахаўся ў Маскву ў 1937 годзе?». Паўночнаатлянтычныя вочы Джона прасьвятлелі. Ён перавёў размову на іншую тэму: «Ты які хамон больш любіш: горны або «чорную нагу»?

«Я? Галоўнае, каб сьвіней удосталь кармілі жалудамі. Калі капыток у сьвіньні чорны, значыць, і хамон будзе смачнейшы. Хіба ня так?»

У тую ноч я спаў салодкім сном і нават трошкі парохкваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG