Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэсуэла: у краму — ня больш за два разы на тыдзень


У дзяржаўнай харчовай краме ў Каракасе

У дзяржаўнай харчовай краме ў Каракасе

На фоне ўзмацненьня дэфіцыту тавараў ўлады ў Вэнэсуэле абмежавалі наведваньне дзяржаўных харчовых крамаў двума разамі на тыдзень.

Пра гэта паведамляюць The Times і РИА-Новости. У Вэнэсуэле ўжо ўведзеныя карткі на базавыя тавары для малазабясьпечаных слаёў насельніцтва. Падзеньне коштаў на нафту зводзіць на нішто ўсе спробы ўраду справіцца з крызісам.

Вэнэсуэльскім паліцыянтам, якія ахоўваюць парадак каля дзяржаўных крамаў, у якіх тавары прадаюцца па фіксаваных нізкіх коштах, загадалі правяраць дакумэнты ў пакупнікоў. Наведваньне гэтых крамаў для грамадзянаў краіны абмежаванае двума разамі на тыдзень.

Супрацоўнікі іміграцыйнай службы таксама нясуць дзяжурства каля гандлёвых кропак, каб прадухіліць куплю ежы замежнікамі. Дэфіцыт тавараў назіраецца нават на чорным рынку. Жыхарам краіны штодня даводзіцца праводзіць у чэргах па некалькі гадзін, каб купіць такія тавары, як малако або мука.

Ажыятаж пры продажы дэфіцыту вымусіў мясцовыя ўлады зьвяртацца да рознага роду абмежаваньняў. Напрыклад, у штаце Яракуй забаранілі стаяць у чэргах па начах, паколькі яго губэрнатар Хуліё Леон Эрэдыя палічыў, што такую актыўнасьць праяўляюць у асноўным спэкулянты.

Кіраўнік нацыянальнай службы харчовай бясьпекі Карлас Асорыя сьцьвярджае, што доўгія чэргі сьведчаць аб прадуктовым багацьці. Выступаючы па дзяржаўным тэлебачаньні, ён заявіў: «Калі б у Вэнэсуэле не было ежы, не было б і чэргаў, якія мы тут бачым. У нас не зьбіралася б столькі людзей у гэтых крамах. Гэта найлепшая дэманстрацыя таго, што ў нас ёсьць».

Вэнэсуэла вымушаная была ўвесьці карткавую сыстэму для куплі ў дзяржаўных крамах у сувязі з ростам коштаў, павелічэньнем дэфіцыту тавараў і агульным эканамічным крызісам, выкліканым падзеньнем коштаў на нафту.

Прэзыдэнт краіны Нікалас Мадура назваў зьніжэньне кошту нафты, ад экспарту якой Каракас атрымлівае 95% валютных паступленьняў, «эканамічнай вайной», разьвязанай ЗША. Атрыманыя ад продажу энэрганосьбітаў сродкі ўрад накіроўвае на сацыяльныя праграмы для дапамогі бедным слаям насельніцтва, якія забясьпечваюць палітычную падтрымку ўлады.

The Times са спасылкай на аналітыкаў адзначае, што з скарачэньнем гэтых праграмаў расьце верагоднасьць узмацненьня антыдзяржаўных пратэстаў. Каб папоўніць бюджэт, Мадура дамовіўся пра крэдыт у 20 мільярдаў ад Кітаю. Ён таксама атрымаў запэўніваньні ад Катару аб прадастаўленьні пазыкі ў некалькі мільярдаў даляраў. Па словах Мадуры, крэдыты «дадуць нам дастаткова кіслароду, каб справіцца з падзеньнем коштаў на нафту». Ён таксама паабяцаў эканамічныя рэформы, каб пераадолець інфляцыю, якая складае 63%.

XS
SM
MD
LG