Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама і Кэмэран: Мы не дазволім здушыць свабодны голас


Пра адзінства Вялікабрытаніі і Злучаных Штатаў у барацьбе з выклікамі часу пішуць у лісце, апублікаваным у The Times, прэм’ер-міністар Аб’яднанага каралеўства Дэйвід Кэмэран і прэзыдэнт ЗША Барак Абама. Прапануем вам тэкст публікацыі ў скароце.

Дзьвесьце гадоў таму ў гэтым месяцы Вялікабрытанія і Злучаныя Штаты ваявалі адно з адным у бітве пры Новым Арлеане. Гэта была апошняя бітва, дзе нашы краіны сустракаліся як ворагі. З таго часу нашы асаблівыя адносіны як саюзьнікаў і партнэраў былі трывалым падмуркам нашай агульнай бясьпекі і росквіту.

Тым ня менш, мы ведаем, што прагрэс і росквіт ніколі не гарантаваныя. Мы пацьвярджаем нашае перакананьне, што наша здольнасьць абараняць нашы свабоды грунтуецца ў нашай эканамічнай сіле і каштоўнасьцях, якія мы шануем — свабодзе выказваньня, вяршэнстве закону і моцных дэмакратычных інстытутах.

Як нагадалі трагічныя падзеі ў Парыжы на мінулым тыдні, тэрарызм, канфлікты і нестабільнасьць пагражаюць тым каштоўнасьцям, якія вызначаюць нас як свабодныя народы. Сёньня мы зноў пацьвярджаем прыхільнасьць нязьменнай місіі: ахоўваць нашы народы, нашы эканомікі і нашы каштоўнасьці. Зноў Брытанія і Амэрыка стаяць разам. Зноў нам патрэбнае моцнае і рашучае кіраўніцтва для вырашэньня задач нашага часу.

Па-першае, мы павінны зрабіць усё, што ад нас залежыць, каб падтрымаць нашы эканомікі супраць глябальнага эканамічнага спаду.

Мы працуем, каб заключыць усеабдымнае гандлёвае пагадненьне паміж ЗША і ЭЗ, што значна пашырыць гандаль паміж нашымі краінамі і дасьць новыя магчымасьці для мільёнаў працаўнікоў у Эўропе і ў Злучаных Штатах.

Мы будзем працягваць змагацца з тымі, хто пагражае нашым каштоўнасьцям і нашаму ладу жыцьця. Калі свабоды, якія мы шануем, сталі аб’ектам нападу ў Парыжы, сьвет адказаў у адзін голас. Разам з нашымі францускімі саюзьнікамі мы ясна далі зразумець тым, хто думае, што яны могуць заткнуць рот свабодзе слова і выказваньня з ужываньнем гвалту, што нашы галасы будуць толькі гучнейшыя. Мы пераможам гэтых забойцаў-барбараў і іх скажоную ідэалёгію, якая спрабуе апраўдаць забойства нявінных людзей, будзь то дзяцей, якія наведваюць школу ў Пэшавары, альбо дзяўчатак, якіх прымушаюць стаць тэрарыстамі-смяротніцамі на поўначы Нігерыі.

У сьвеце больш за мільярд мусульманаў, пераважную большасьць зь якіх ванітуе ад цьверджаньняў тэрарыстаў, што яны дзейнічаюць у імя ісламу. Злучаныя Штаты і Вялікабрытанія будуць працягваць працаваць у шчыльным кантакце з усімі тымі, хто верыць у мір і памяркоўнасьць.

Нарэшце, мы будзем працягваць супрацьдзейнічаць агрэсіўнай палітыцы Расеі ва Ўкраіне. Калі мы дазволім, каб такія фундамэнтальныя парушэньні міжнароднага права заставалася непакаранымі, мы ўсе пацярпім ад нестабільнасьці, якую гэтыя парушэньні спараджаюць. Наша моцная і дружная рэакцыя паслала недвухсэнсоўны сыгнал, што міжнародная супольнасьць не будзе назіраць за тым, як Расея спрабуе дэстабілізаваць Украіну.

Мы будзем працягваць рабіць ціск на Расею, каб вырашыць крызіс дыпляматычным шляхам. У той жа час мы будзем і надалей падтрымліваць Украіну, каб рэалізаваць эканамічныя і дэмакратычныя памкненьні ўкраінскага народа.

Бясьпека і росквіт ідуць поруч. Супрацьдзейнічаючы тэрарыстам, стоячы разам у барацьбе супраць агрэсіўных дзеяньняў Расеі, працягваючы нашы намаганьні па спрыяньні эканамічнаму росту, мы будзем працягваць мацаваць бясьпеку і росквіт, якіх заслугоўваюць нашы народы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG