Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валютчык: Чаму б не зарабіць на неразваротлівасьці дзяржавы?


Падзеньне курсу беларускага рубля, якое не спыняецца ад канца мінулага году, не прывяло да зьяўленьня валюты ў абменных пунктах. Фармальна банкі выстаўляюць даляры па максымальна магчымым курсе — 15 300 рублёў, эўра — блізу 18 000. Але ў наяўнасьці найчасьцей нічога няма, толькі тое, што здаюць кліенты. Калі няма прасьвету на фінансавым рынку, функцыі дзяржавы бяруць на сябе валютчыкі.

Жыхар аднаго з правінцыйных гарадоў Арсень Д. не саромеецца называць сябе «хлопцам па выкліку». Сам ён працуе ў аўтамабільным бізнэсе, але актывізуецца падчас праблемаў на валютным рынку. Кліентаў абслугоўвае, не зважаючы на адлегласьці — маўляў, пакуль дзяржава дае падставы зарабіць, грэх тым не скарыстацца. Да таго ж шмат для каго валютчыкі становяцца безальтэрнатыўным шляхам канвэртацыі:

«Ну, а чаму я мушу саромецца? Калі існуе такое становішча — а я лічу, што гэта цалкам віна дзяржавы — пры якім няма магчымасьці шараговаму абывацелю набыць замежную валюту, то альтэрнатыва абавязкова ўзьнікне. Мы ведаем, што немалая колькасьць людзей завязаная на далёкае і блізкае замежжа, гэта для іх адзіны спосаб заробку, і без валюты — нікуды. Адпаведна, для нас гэта таксама заробак. Па вялікім рахунку, цяпер з боку дзяржавы існуе забарона на куплю валюты, а мы знаходзім шляхі, каб дапамагчы людзям. У бальшыні краінаў такое проста немагчыма ўявіць, там прадказальная фінансавая палітыка. А нам улады самі даюць немалыя бонусы. Мне не патрэбна фізычна працаваць, стаяць ля станка, я зараблю пэўную суму грошай на неразваротлівасьці дзяржавы. Пры гэтым, як кажуць, і людзі задаволеныя, і мне на карысьць».

А як Арсень вызначае сваю маржу? Кажа, што дзень на дзень не прыходзіцца і «ганарар» збольшага залежыць ад двух складнікаў — «аб’ёму і тэрміновасьці». Але, дадае пасьля, найбольшы працэнт набягае за рызыку, бо невядома, чым урэшце ўсё скончыцца:

Ды тут залежыць ад таго, колькі каму патрэбна. Калі, скажам, вялікія аб’ёмы і трэба канвэртаваць тэрмінова, то даходзіць да 18500 за даляр. Купляю дзесьці ад 16 000, у сярэднім 1000 рублёў да афіцыйнага курсу.

«Ды тут залежыць ад таго, колькі каму патрэбна. Калі, скажам, вялікія аб’ёмы і трэба канвэртаваць тэрмінова, то даходзіць да 18500 за даляр. Купляю дзесьці ад 16 000, у сярэднім 1000 рублёў да афіцыйнага курсу. Людзі асьцерагаюцца, што грошы папросту прападуць, таму не баяцца пераплаціць. Купляюць, як ужо казаў, па 18 000–18 500, абы толькі пазбавіцца ад рублёвага балясту. Пасьля Новага году назіраецца тэндэнцыя: і фізычныя асобы, і невялікія фірмы здымаюць грошы з рублёвых укладаў і пераводзяць у валюту. Плюс да ўсяго, камусьці трэба ў камандзіроўку, камусьці — у адпачынак, камусьці трэба за навучаньне плаціць: беларускія не заўсёды праходзяць, калі, напрыклад, дзеці вучацца ў Расеі. І як попыт нараджае прапанову, то выстаўляю 18 500. Само сабой, не па 15 000, як афіцыйны курс у банках».

Арсень расказвае, што найперш працуе з сталымі кліентамі, якія захаваліся яшчэ ад мінулых валютных крызісаў, але карыстаецца і так званым «сарафанным радыё», калі зьвяртаюцца «знаёмыя знаёмых». Сувязь — выключна праз скайп. Мабільны тэлефон, паколькі апэратары не гарантуюць канфідэнцыйнасьці, адмятаецца:

Дапусьцім, калі афіцыйны курс дзесьці 15 000, то яны даюць зьніжку нават да 14 500, абы толькі не прапусьціць сталага кліента.

«Пра што гаворка? За столькі гадоў ужо склалася кола сталых кліентаў. Вядома, крыху зьбіваюць „фішку“ прадпрымальнікі, перадусім аптавікі. Яны рэалізуюць свае тавары — той жа абутак, тую ж вопратку — робячы зьніжку сваім сталым кліентам, калі тыя разьлічваюцца валютай. То бок — людзі ідуць і ведаюць, што для іх будзе выстаўлены больш прыемны курс. Дапусьцім, калі афіцыйны курс дзесьці 15 000, то яны даюць зьніжку нават да 14 500, абы толькі не прапусьціць сталага кліента. Бо калі яны ведаюць, што ёсьць прыток валюты па прымальным курсе, ім выгадней нават дзесьці прадзешавіць, але самае галоўнае — каб валюта была. Таму што ў дзяржаўных установах яе не набудзеш».

Адчаяўшыся выстойваць чэргі ля абменьнікаў, пакупнікі валюты ідуць на чорны рынак — не зважаючы нават на тое, што за «супрацьпраўныя дзеяньні» могуць паплаціцца нароўні з самімі валютчыкамі. Але, як кажа Арсень, гэта ня прыхамаць, а безвыходнасьць:

У выніку людзі набываюць валюту, каб уратаваць свае ашчаджэньні, каб не зрабіць сваю працу бясплатнай.

«Ідуць, бо, найперш, баяцца страціць свае ашчаджэньні — людзі адчуваюць, што няма стабільнасьці, канкрэтыкі ў грашовай палітыцы. Адпаведна, з кожным днём абясцэньваюцца іх сродкі, якія трэба нейкім чынам ратаваць. Бо калі яшчэ ўчора нешта можна было набыць за адну суму, сёньня той сумы ўжо не хапае. У выніку людзі набываюць валюту, каб уратаваць свае ашчаджэньні, каб не зрабіць сваю працу бясплатнай. Калі пераводзяць у валюту, зьяўляецца хоць нейкае спадзяваньне, што прыбыткі не абваляцца гэтак жа, як у 2011-м, калі, як мы памятаем, курс рубля літаральна за паўгода ляснуўся ажно ў тры разы. Таму да беларускага рубля народ ставіцца зь недаверам. І ў гэтым не валютчыкаў трэба абвінавачваць, а дзяржаўных «стратэгаў».

Як кажа кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка, пакуль нацыянальная валюта не пачне выклікаць даверу ў насельніцтва, да таго часу яе будзе ліхаманіць — з усім наборам адпаведных наступстваў:

Як кажуць, supply — demand, „попыт — прапанова“. Безадказна абвінавачваць ва ўсім уяўных спэкулянтаў, таму што попыту на беларускія рублі няма нідзе ў сьвеце!

«Як кажуць, supply — demand, „попыт — прапанова“. Безадказна абвінавачваць ва ўсім уяўных спэкулянтаў, таму што попыту на беларускія рублі няма нідзе ў сьвеце! Быў перад Новым годам у Вільні, зайшоў у банк, кажу — вазьміце: „Ой, не-не, яны нам не патрэбныя“. Няма попыту. Мы, вядома, прапанавалі б мяхі сваіх беларускіх мільёнаў, але ж нікому яны і задарма непатрэбныя. Я накіраваў канкрэтныя прапановы наконт стабілізацыі нацыянальнай валюты яшчэ 10 лютага 2011 году, усяго было шэсьць зваротаў да прэзыдэнта. Летась 25 красавіка выступаў на міжнароднай канфэрэнцыі па эканоміцы ў Акадэміі навук, паабяцалі: Віктар Іванавіч, цягам месяца абавязкова дадзім адказ. Больш за восем месяцаў мінула — нуль. Нікому ня трэба, усе баяцца, усе сядзяць на добрых пасадах — дзеля справядлівасьці, займаюць іх, але не прымаюць кіраўнічых рашэньняў. І баяцца хоць нешта данесьці кіраўніку краіны, чалавеку, які выконвае абавязкі прэзыдэнта. Маўчаць, усе хаваюцца, усе ўбаку і пры гэтым усе разумныя».

З улікам дэнамінацыяў розных гадоў курс рубля ад пачатку 1990-х дасягнуў 150 мільёнаў за даляр. Такімі антырэкордамі ў найноўшай гісторыі сьвету могуць «пахваліцца» ўсяго некалькі дзяржаваў — пераважна афрыканскіх.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG