Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ пацьвердзіла: аўтобус пад Валнавахай расстралялі з «Граду»


Гэта абвяргае вэрсію прарасейскіх сэпаратыстаў аб тым, што па аўтобусе стралялі з аўтаматычнай зброі.

Днём у аўторак у выніку трапляньня снарада ў аўтобус каля кантраляванага ўкраінскімі вайскоўцамі блёкпаста Бугас ў Данецкай вобласьці загінулі 13 чалавек, яшчэ 15 атрымалі раненьні.

У паведамленьні, распаўсюджаным АБСЭ, паказваецца, што прадстаўнікі місіі прыбылі на месца трагедыі ўвечары ў аўторак. У 12-15 мэтрах ад разьбітага аўтобуса яны выявілі варонку ад ракеты, выпушчанай з ўстаноўкі «Град». Сам аўтобус меў шматлікія пашкоджаньні ад аскепкаў ракеты.

Украінскія ўлады абвінавачваюць у зьдзяйсьненьні гэтага злачынства ўзброеных прарасейскіх сэпаратыстаў, якія кантралююць асобныя раёны Данбаса. Прадстаўнікі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі», у сваю чаргу, заяўляюць аб сваёй недатычнасьці да абстрэлу.

Рада Бясьпекі ААН асудзіла абстрэл пасажырскага аўтобуса ў Данецкай вобласьці і заклікала правесьці аб’ектыўнае расьсьледаваньне і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка абвясьціў студзеня 15 днём жалобы па загінуўшых у выніку баявых дзеяньняў у Данбасе.

XS
SM
MD
LG