Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Задай пытаньне рэктару ЭГУ! Дарыюс Удрыс?


Дарыюс Удрыс
Дарыюс Удрыс

«Нам трэба спадзявацца на свабодную і эўрапейскую будучыню для ўсёй Беларусі і на вяртаньне ЭГУ ў сваю краіну».

Цяпер шорт-ліст складаецца зь сямі імёнаў. Сярод кандыдатаў — тры беларусы (Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Краўцэвіч і Тацяна Шчытцова), два амэрыканцы (цяперашнія правост ЭГУ Дэвід Полік і Эдвард Рослаф), прарэктар па разьвіцьці і камунікацыі Дарыюс Удрыс, які мае грамадзянства Літвы і ЗША, і сёмы — літовец Шарунас Ліекіс.

Мяркуецца, што канчатковыя рэкамэндацыі па кандыдатуры новага рэктара Агульнаму сходу сузаснавальнікаў (гэта орган, адказны за прыняцьце канчатковага рашэньня) будуць зробленыя да 1 сакавіка 2015 году.

Раней публікаваліся інтэрвію з Аляксандрам Мілінкевічам і Алесем Краўцэвічам.

Сёньня Свабода прапануе інтэрвію з Дарыюсам Удрысам, дадатковыя пытаньні яму можна пакінуць у камэнтарах да гэтага артыкула.

Дарыюс Удрыс: «Вывучэньне Беларусі і яе кантэксту павінна быць часткай абавязковага навучальнага курсу для ўсіх студэнтаў»

— Вы працуеце ў ЭГУ, добра ведаеце сытуацыю знутры. Ці сапраўды ўнівэрсытэт перажывае цяпер крызіс, складаную сытуацыю, зь якой трэба шукаць выйсьце?

— Так, сытуацыя складаная. Нам цяжка ўдаецца перайсьці ад дыскусіяў да спраў. А калі ўдаецца, то часта атрымліваецца так, што гэта хутчэй нас адчужае, чым яднае. І адказныя за гэта ўсе бакі, а ня толькі кіраўніцтва.

Праблемныя моманты кіраваньня перарасьлі ў сур’ёзныя праблемы, бо мы не займаліся імі і не вырашалі іх. За апошні год факультэцкія рэформы праводзіліся без дастатковых развагаў наконт таго, як ураўнаважыць бюджэт, і цяпер мы сутыкнуліся зь вялікім бюджэтным дэфіцытам. Калі мы ня вырашым яго, нашы рэзэрвы будуць вычарпаныя за бліжэйшыя 3–4 гады.

У дадатак да гэтага нас чакае падзеньне колькасьці абітурыентаў. Гэтая праблема працягнецца да наступнага дзесяцігодзьдзя. Таму нам трэба больш сур’ёзна падыходзіць да маркетынгу і набору студэнтаў. Некаторыя дыскусіі наконт зьмены арыентацыі ЭГУ выкліканыя фінансавымі меркаваньнямі. Ці выжывем мы, калі будзем набіраць студэнтаў пераважна ў Беларусі? Некаторыя прапануюць пачаць кампанію набору ў іншых краінах. Я думаю, што было б значна лепей для нас засяродзіцца больш на тым, каб прыцягнуць шматлікіх таленавітых беларускіх абітурыентаў, якія б маглі падаць дакумэнты ў ЭГУ, але ня робяць гэтага. Адкрыцьцё новых рынкаў — справа дарагая, гэта можа адцягнуць нас ад нашай галоўнай місіі і да таго ж, магчыма, і не прынясе фінансавай карысьці, асабліва калі вядучыя донары вырашаць, што мы страчваем наш беларускі дух.

— Якім, на вашу думку, павінен быць унівэрсытэт? Беларускім, эўрапейскім, літоўскім?

— Я прыйшоў у ЭГУ, каб пазнаць беларусаў, каб даведацца больш пра Беларусь і дапамагчы будаваць беларускую ўстанову для эўрапейскай Беларусі. Моцная беларуская ідэнтычнасьць — унікальны аргумэнт, і любы, хто сюды прыходзіць, беларус ён або не, мусіць гэта паважаць.

Што яшчэ больш важна — беларусы, якія шукаюць свабоды і магчымасьцяў самаўдасканаленьня праз адукацыю, павінны былі б адчуць, што гэты ўнівэрсытэт для іх — свой, і павінны былі б актыўна далучыцца да яго разьвіцьця. Ён сапраўды павінен стаць маяком для Беларусі і «домам далёка ад дома» для беларусаў. Бо менавіта таму нас падтрымліваюць донары. Я ніяк не зацікаўлены ні ў амэрыканізацыі, ні ў літуанізацыі ЭГУ. Думаю, не зацікаўленыя ў гэтым і донары.

Наша бачаньне ЭГУ павінна было б быць «Беларускі ўнівэрсытэт з шырэйшай рэгіянальнай пэрспэктывай» — беларускі ўнівэрсытэт адкрыты для ўсіх, але засяроджаны на Беларусі і на паляпшэньні яе дачыненьняў з Эўропай і астатнім сьветам. Знаходжаньне ў Літве на гэты момант — вялікая перавага. Тут ЭГУ можа сапраўды быць эўрапейскім і беларускім, у адпаведнасьці з найлепшымі традыцыямі і Эўропы, і Беларусі. Нам трэба спадзявацца на свабодную і эўрапейскую будучыню для ўсёй Беларусі і на вяртаньне ЭГУ ў сваю краіну добра кіраванай і паважанай установай. ЭГУ павінен быў бы разьвівацца з разьлікам на вяртаньне, як толькі беларускія ўлады пераканаўча прадэманструюць, што гатовыя паважаць незалежнасьць і акадэмічныя свабоды ЭГУ.

— Якім чынам павінна прысутнічаць у ЭГУ Беларусь, беларуская мова?

— Вывучэньне Беларусі і яе кантэксту павінна быць часткай абавязковага навучальнага курсу для ўсіх студэнтаў. Наша засяроджанасьць на Беларусі ў акадэмічна свабодным асяродзьдзі — гэта тое, што робіць нас унікальнымі. Прынцыповая справа для ЭГУ — мець моцныя беларусазнаўчыя праграмы для навучаньня і дасьледаваньняў, важныя для Беларусі і суседніх краінаў. І беларусы павінны былі б браць большы ўдзел у кіраваньні і прыняцьці рашэньняў.

Што да моўнай палітыкі ў беларускім унівэрсытэце, — гэта, вядома, складанае пытаньне. Я б не хацеў, каб нехта адчуваў прымус ва ўжываньні той ці іншай мовы, і не хацеў бы, каб нехта адчуваў сябе другарадным на падставе гэтага выбару. Разам з тым мова, на якой мы гаворым, фармуе наша разуменьне таго, хто мы такія. Я ведаю гэта з свайго досьведу літоўца, які рос у Амэрыцы.

Я думаю, што найлепшы спосаб падтрымкі беларускай мовы палягае ў тым, каб ЭГУ паказаў добры прыклад у распрацоўцы высакаякасных матэрыялаў і курсаў на беларускай мове. Гэта магло б быць дасягнута шляхам розных заахвочваньняў — выплаты бонусаў выкладчыкам, спэцыяльных прэміяў, узнагародаў, грантаў і стыпэндыяў за акадэмічную працу і матэрыялы, распрацаваныя выкладчыкамі, студэнтамі і іншымі на беларускай мове. Я меў гонар сустракацца ў сьвеце зь беларусамі, якія гатовыя і ахвочыя фінансаваць і падтрымліваць такія праекты, але яны мелі адчуваньне, што гэтае пытаньне для ЭГУ ня вельмі важнае. Мы мусім ясна паказаць ім, што для нас гэта сапраўды важнае пытаньне.

— На канфэрэнцыі, якая нядаўна адбылася, кіраўніцтва наракала, што ня можа запрашаць аўтарытэтных, усясьветна вядомых прафэсараў з-за мяжы з прычыны недахопу сродкаў. Ці сапраўды фінансавая сытуацыя цяжкая? І як вы зьбіраецеся прыцягваць донарскія сродкі?

— Думаю, што нашы галоўныя праблемы — не фінансавыя. Нам патрэбнае лепшае кіраваньне. Ёсьць спэцыяльныя фонды, якія выдзяляюць сродкі на запрашэньне прафэсараў з-за мяжы, і аддзел, які я ўзначальваю, пасьпяхова дапамагаў атрымаць такое фінансаваньне. Выклік, які стаіць перад намі, — як лепш выкарыстаць тое, што нам даступна і што мы ўжо маем. Мы можам мець і маем выкладчыкаў з-за мяжы, але калі сыстэма інтэграцыі іх у нашы навучальныя праграмы не працуе, мы страчваем магчымыя станоўчыя эфэкты. Да таго ж празьмерныя затраты ў некаторых галінах азначаюць, што ня хопіць сродкаў на стратэгічныя інвэстыцыі ў іншых — інвэстыцыі, якія б павысілі прэстыж і вартасьць ЭГУ і тым самым прыцягнулі б яшчэ больш сродкаў. Цяперашнія донары ўжо нейкі час чакаюць ад нас прадстаўленьня абноўленай стратэгіі нашага будучага разьвіцьця і збалянсаванага ды ўстойлівага бюджэту. Далей адкладаць няма куды.

— Таксама многія кажуць пра адсутнасьць дэмакратыі, акадэмічных свабодаў у ЭГУ. Кажуць пра непразрыстасьць працэдуры выбараў рэктара. Нават кандыдат на пасаду рэктара Аляксандар Мілінкевіч скардзіўся, што ня ведае дакладна працэдуру выбараў. Адміністрацыя, вышэйшае кіраўніцтва практычна недаступныя для СМІ. Ці пагаджаецеся вы з гэтымі тэзамі?

— Маё агульнае ўражаньне як кандыдата — мы занадта скрытныя. Гэта не адпавядае сучасным эўрапейскім падыходам, і я зьмяню гэта, калі буду рэктарам. Так, мы — «прыватны» ўнівэрсытэт, але мы — публічна фінансаваная ўстанова з публічнай місіяй, мы маем адказнасьць перад донарамі і грамадзтвам і мусім забясьпечыць празрыстасьць мэханізму прыняцьця рашэньняў і выкарыстаньня рэсурсаў. Мы таксама павінны падаваць як найлепшы прыклад іншым.

— Калі вас абяруць рэктарам, ці будзеце вы мяняць каманду?

— Так. Галоўнымі крытэрыямі будуць кампэтэнтнасьць, адданасьць місіі, жаданьне і здольнасьць удзельнічаць у каманднай працы калегіяльна і паважліва.

— Якія вашы першыя крокі будуць на пасадзе рэктара?

— Вярнуць супольнасьці ЭГУ адчуваньне гонару і прыналежнасьці, аднавіць кантакт з грамадзтвам, пачынаючы зь беларускіх партнэраў. Мы мусім пераадолець нашу самаізаляцыю, пашырыць прысутнасьць як у Беларусі, так і ў Літве, зьмяніць культуру прыняцьця рашэньняў і фінансавага плянаваньня ва ўнівэрсытэце так, каб аддзелы і кіраўнікі ўсіх узроўняў маглі прапаноўваць і ажыцьцяўляць рашэньні і ідэі. Мы мусім таксама неадкладна даць рады сур’ёзнаму бюджэтнаму дысбалянсу, які ўтварыўся, пакуль ішлі палітычныя гульні.

Я б неадкладна распачаў працэс распрацоўкі канцэпцыі і фармаваньня бюджэту на 2015–2016 гады і далей з удзелам усёй супольнасьці ЭГУ з рэальнымі магчымасьцямі прыняцьця рашэньняў. Мы зноў павінны навучыцца працаваць як сям’я і аднавіць той дух, на якім быў адбудаваны ЭГУ дзесяць гадоў таму. Наш дэфіцыт мог бы зараз жа быць зьменшаны на дзьве траціны толькі праз аптымізацыю кіраваньня. Я гатовы пакласьці на стол канкрэтныя прапановы ўжо ў першы дзень, гатовы распачаць працэс прыняцьця рашэньняў і кіраваць ім паважліва і калегіяльна. Я не сумняваюся, што, працуючы разам, мы зможам знайсьці дадатковыя крыніцы даходу і ашчаджэньня, каб інвэставаць у прыярытэтныя напрамкі — такія, як набор студэнтаў, прафэсійнае разьвіцьцё, акадэмічныя праграмы і дасьледаваньні. Але мы не дасягнем посьпеху, калі ня зможам пераадолець глыбокі раскол паміж «кіраўніцтвам» і рэштай унівэрсытэту, раскол, які ўзьнік у выніку таго, што кожны бок «бараніўся» ад другога.

Я б таксама прапанаваў, каб мы неадкладна пераарыентавалі нашу місію на Беларусь і публічна разьвеялі ўсе сумневы ў тым, што ЭГУ ёсьць і застанецца беларускім унівэрсытэтам, які абараняе акадэмічныя свабоды для беларусаў. У нас ужо ёсьць шмат рэсурсаў, якія мы маглі б выкарыстаць лепей, улучна з больш чым 2 тысячамі нашых былых студэнтаў. Я б стварыў апэратыўныя працоўныя групы, у якія б увайшлі былыя студэнты, выкладчыкі, студэнты і сацыяльныя партнэры, для вырашэньня канкрэтных праблемаў — такіх, як набор студэнтаў, разьвіцьцё праграмаў і дасьледаваньняў, улучна з моцнымі беларусазнаўчымі праграмамі, ахоп грамадзянскай супольнасьці, прафэсійнае разьвіцьцё прафэсарска-выкладчыцкага складу і пэрсаналу, а таксама больш практычнае навучаньне і кансультаваньне студэнтаў. Нашы колішнія студэнты выказалі энтузіязм і жаданьне паўдзельнічаць у гэтых працэсах. Іх удзел дапаможа ЭГУ ўзьняцца на наступны, вышэйшы ўзровень.

Урэшце, мы мусім удакладніць, што для нас значыць быць «гуманітарным унівэрсытэтам» і як нашы студэнты будуць падрыхтаваныя для далейшага жыцьця. Я ўдзельнічаў у шматлікіх дыскусіях на гэтую тэму, дзе ўсе мы тапталіся на тым самым месцы. Нашаму калектыўнаму разуменьню ў гэтым пытаньні не хапае ўзгодненасьці і пасьлядоўнасьці. Мы павінны быць здольныя растлумачыць самім сабе, а таксама студэнтам і іхным бацькам — што мы ім прапануем і як гэта падрыхтуе студэнтаў да іх далейшага жыцьця ў якасьці карысных грамадзянаў і спэцыялістаў. І нашы навучальныя праграмы павінны адлюстроўваць гэтае разуменьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG