Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз падтрымаў брагінскія сем’і


Паляпшэньня сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў Брагінскім раёне будуць дабівацца пры дапамозе пашырэньня сеткі сямейных клюбаў.

Эўразьвяз выдаткаваў больш за 400 тысяч эўра на праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Разьвіцьцё патэнцыялу сеткі сямейных клюбаў у Чарнобыльскай зоне з мэтай паляпшэньня сацыяльна-эканамічнай сытуацыі».

Праект разьлічаны на 4 гады. Яго кіраўніком стала каардынатарка праграм грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі зялёны крыж» Натальля Сьвяткіна.

Сямейныя клюбы ўяўляюць сабой нефармальнае аб’яднаньне людзей, зьвязаных пэўнымі інтарэсамі. Сямейныя клюбы закрануць такія важныя для рэгіёну тэмы як «Здаровы лад жыцьця і экалёгія», «Вясковая гаспадарка і прадпрымальніцтва», «Традыцыі і культура», а таксама «Арганізацыя культурнага і сацыяльнага жыцьця ў вёсках і раёне».

«Мы спадзяемся, што дзякуючы ўдзелу ў сямейных клюбах, у жыхароў раёна абудзіцца грамадзкая актыўнасьць, уздымецца самаацэнка. Брагіншчыну больш за 30 год параўноўваюць з зямлёй пад чорнымі крыламі — прыйшоў час разбурыць гэты стэрэатып, — адзначыла Ганна Бабрынёва, намесьнік кіраўніка Брагінскага райвыканкама.

Краязнаўца Аляксей Галіч заўважыў, што Брагінскі раён ня толькі аддалены і праблемны рэгіён. Найперш, ён самы беларускі рэгіён. У вёсцы Мікулічы, напрыклад, дзеці ў школе размаўляюць на літаратурнай беларускай мове. Таму Брагінскі рэгіён можа быць донарам у культурным сэнсе.

На Брагіншчыне на працягу 13 год ўжо дзейнічае 3 клюба. Дзякуючы праекту, такіх клюбаў стане болей. У вёсках яны будуць разьмяшчацца на тэрыторыі будынкаў сельсаветаў. Недарэмна для аб’яднаньня людзей быў абраны фармат сямейных клюбаў, бо менавіта ў сям’і закладваюцца каштоўнасьці,— зазначае Аляксей Галіч.

«Мы ня можам абыйсьціся толькі дзяржаўнымі ўстановамі, таму вядуцца пошукі новых форм працы. Сямейныя клюбы — добры таму прыклад. Школы і Дома культуры не дастаткова для паўнавартаснага разьвіцьця асобы. Сямейныя клюбы — яшчэ адна форма падтрымкі пазытыўных момантаў, напрыклад, захаваньне культурнай спадчыны».

Праца сямейнага клюба пры Брагінскім краязнаўчым музэі ўжо пачалася. Надзея Мялешка, яго кіраўніца, абвясьціла школьнікам пра пачатак творчага конкурсу «Зямля і людзі». У межах фотаконкурсу будуць зробленыя ня толькі здымкі адметных месцаў рэгіёна, але пройдуць майстар-класы з фатографамі-прафэсіяналамі, якія прыедуць у вёскі раёна і ў сам Брагін.

У загадчыцы музэя ўзьнікла задума паказаць на сцэне ў выглядзе тэатральнай пастаноўкі традыцыю вёсак Брагінскага раёна. У кожнай вёсцы ёсьць свой фэст, прастольнае сьвята. Дзеці змогуць пазнаёміць зь ім жыхароў іншых населеных пунктаў раёна.

XS
SM
MD
LG