Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магерыні: вяртаньне да «звыклых адносінаў» з Расеяй цяпер немагчыма


Вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага зьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні заявіла, што ад пачатку наступнага тыдня міністры замежных спраў краін ЭЗ пачнуць стратэгічную дыскусію аб адносінах Эўразьвязу з Расеяй. Але пытаньня аб тым, каб вярнуцца да «звыклых адносінаў» з Расеяй не стаіць, сказала яна, выступаючы ў Эўрапейскім парлямэнце ў Стразбуры.

«Гэта абсалютна ясна для ўсіх нас, і ў гэтым мы адзіныя: мы не адступаем, — сказала Магерыні. — Але, зь іншага боку, нам спачатку трэба ўсім абмяняцца пазыцыямі і думкамі, каб, калі дойдзе да палітычнага дыялёгу або тэхнічнага дыялёгу, не пачалі зьяўляцца асобныя меркаваньні асобных дзяржаў».

Паводле яе, Эўразьвязу час падумаць аб пераходзе да такіх адносінаў з Расеяй, якія ня столькі рэагавалі б на дзеяньні Масквы, колькі б іх апярэджвалі. Акрамя таго, Фэдэрыка Магерыні ўзгадала аб гібелі 12 чалавек у выніку абстрэлу на Данбасе, якая адбылася ўчора ў Валнавасе, і заклікала да таго, каб гэтая падзея ня стала тэндэнцыяй і каб можна было вярнуцца ў супрацьстаяньні на ўсходзе Ўкраіны да папярэдняй сытуацыі, калі яна, паводле яе словаў, паляпшалася.

На працягу сёлетніх вясны і лета скончыцца тэрмін санкцый, якія ў некалькі этапаў накладаў на Расею Эўрапейскі зьвяз, кожны раз на год — некаторыя з-за анэксіі Крыму, іншыя з-за ўмяшаньня ў справы на ўсходзе Ўкраіны. У ЭЗ рыхтуюцца вырашаць, што рабіць зь імі далей. Кіраўніцтва Эўразьвязу і група вядучых краін выступаюць за тое, што санкцыі нельга зьмяншаць безь ліквідацыі Расеяй прычын увядзеньня гэтых абмежаваньняў. Але некаторыя іншыя сябры ЭЗ, больш эканамічна залежныя ад Расеі, кажуць, што аддалі б перавагу паслабленьню гэтых санкцый.

XS
SM
MD
LG