Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францускі комік узяты пад варту за допіс у Фэйсбуку


 Dieudonné M'bala M'bala

Dieudonné M'bala M'bala

Затрыманьне скандальнага францускага коміка Дзьёдонэ Мбала Мбала за падазрэньне ў сымпатыі да тэрарыстаў зноў узьняло ў Францыі пытаньне свабоды слова. Дзьёдонэ, адкрыта антысэміцкі комік, можа паўстаць перад судом за «патураньне тэрарызму».

Вядомы францускі комік Дзьёдонэ Мбала Мбала абвясьціў у Facebook: «Je me sens Charlie Coulibaly» («Я адчуваю сябе Шарлі Кулібалі»), зьліўшы ў адно вірусны лёзунг «Je suis Charlie» і імя тэрарыста, які забіў чатырох габрэйскіх закладнікаў і жанчыну-паліцэйскага. Францускае правасудзьдзе вырашыла прыцягнуць яго да адказу, расцаніўшы гэты дэмарш як праяву падтрымкі тэрарызму, піша газэта Libération.

У нядзелю ўвечары Дзьёдонэ апублікаваў у Facebook паведамленьне, у якім у саркастычнай форме апісаў мерапрыемствы, што праходзілі ў той дзень. Пасланьне завяршалася фразай: «Я адчуваю сябе Шарлі Кулібалі». Гаворка ідзе пра тэрарыста Амэдзі Кулібалі, які ўзяў у закладнікі некалькі чалавек. Гэтая публікацыя паслужыла падставай для пачатку расьсьледаваньня па абвінавачваньні ў падтрымцы тэрарызму. Шматлікія культурныя цэнтры, у якіх павінен быў выступаць у бліжэйшы час Дзьёдонэ, заявілі аб намеры забараніць яго спэктаклі. У сераду яго затрымала паліцыя.

У адкрытым лісьце міністру ўнутраных спраў Бэрнару Казьневу, апублікаваным на сайце артыста, Дзьёдонэ апраўдваў свае крокі наступным чынам: «З тых часоў, як я выказваю сваё меркаваньне, ніхто не спрабуе мяне зразумець, ніхто ня хоча мяне слухаць. Заўсёды шукаецца падстава, каб мне перашкодзіць. Да мяне ставяцца гэтак жа, як да Амэдзі Кулібалі, у той час як я нічым не адрозьніваюся ад Charlie».

Перасьлед Дзьёдонэ, у выступах якога спрэс мільгаюць расісцкія і антысэміцкія жарты, выклікаў абвінавачаньні ў падвойных стандартах і зноў узьняў пытаньні свабоды выказваньня. Комік, які ўжо некалькі разоў штрафаваўся за антысэміцкія камэнтары, пастаянна абвінавачвае ўлады ў спробах закрыць яму рот.

Улады настойваюць на тым, што прыхільнасьць Францыі прынцыпам свабоды выказваньня ня можа служыць апраўданьнем падбухторваньня да тэрарызму і нянавісьці, што ў Францыі караецца па закону. Прэм’ер-міністар Мануэль Вал заявіў, што не павінна быць блытаніны паміж тым, што ён назваў «дзёрзкай сатырай» Charlie Hebdo і выступамі Дзьёдонэ. «Расізм, антысэмітызм і патураньне тэрарызму не зьяўляюцца „меркаваньнямі“, яны зьяўляюцца злачынствам», — падкрэсьліў ён.

Прэм’ер-міністар паабяцаў весьці «бязьлітасную барацьбу з тэрарызмам», але заявіў, што Францыя будзе таксама прымаць рашучыя захады супраць тых, хто «забівае словам».

Дзьёдонэ ня ў першы раз прыцягваецца за падтрымку тэрарызму. У верасьні 2014 году ў Парыжы было распачатае расьсьледаваньне па такім жа артыкуле, пасьля таго, як Дзьёдонэ распаўсюдзіў іранічнае відэа забойства амэрыканскага журналіста Джэймса Фоўлі. Звычайна за падтрымку тэрарызму прадугледжваецца пакараньне да 5 гадоў турмы і штраф у 75 тысяч эўра, але ў выпадку Дзьёдонэ пракуратура патрабавала павялічыць зьняволеньне да 7 гадоў і штраф да 100 тысяч эўра, паколькі ягонае відэа было распаўсюджанае праз інтэрнэт.

«Трэба прыкласьці вялізныя намаганьні, каб адукоўваць людзей, — кажа журналіст Эрык Мандонэ. — У некаторых францускіх прыгарадах, дзе Дзьёдонэ ўспрымаецца як змагар і герой, гэтыя дзеяньні францускай юстыцыі абсалютна не зразумеюць».

XS
SM
MD
LG