Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч пахваліў памочніка Лукашэнкі


 Станіслаў Багданкевіч.

Станіслаў Багданкевіч.

Два варыянты дасягненьня стабільнасьці цэнаў і валютнага курсу ў Беларусі агучыў на міжнароднай канфэрэнцыі ў Менску Кірыл Руды — памочнік кіраўніка дзяржавы ў эканамічных пытаньнях:

Варыянт першы — фіксацыя валютнага курсу. Сутнасьць у тым, што заканадаўча грашовая маса прывязваецца да валютных рэзэрваў і фіксуецца курс.

«Варыянт першы — фіксацыя валютнага курсу. Сутнасьць у тым, што заканадаўча грашовая маса прывязваецца да валютных рэзэрваў і фіксуецца курс. Другі варыянт — фіксацыя росту грашовай масы. Пры такім сцэнары Нацбанк усталёўвае мяжу павелічэньня грашовай масы, даводзіць да банкаў парамэтры крэдытаваньня эканомікі і кантралюе іх выкананьне.

Вядома, абодва варыянты маюць свае недахопы, але найгоршае для доўгатэрміновага рэгуляваньня — не рабіць нічога».

Камэнтуючы для Свабоды пазыцыю Кірыла Рудага, былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч адзначыў:

«Найперш я цалкам згодны з апошняй тэзай памочніка Лукашэнкі пра тое, што лепш рабіць штосьці, чым не рабіць наагул нічога. Абодва варыянты сапраўды маюць свае плюсы і свае мінусы.

Аднак у нашых умовах мне падаецца больш прывабным другі варыянт. У нас цяпер вельмі малыя золатавалютныя рэзэрвы. А рублёвая маса дасягнула аж 95 трыльёнаў. І найперш таму, што банкі крэдытуюць стратныя прадпрыемствы. Таму трэба абмежаваць такія крэдыты. І, дарэчы, з прыходам новага кіраўніка Нацбанк пачаў сёе-тое ў гэтым кірунку рабіць.

Дый звычайнаму чалавеку перанесьці рэформу паводле другога варыянту будзе прасьцей. І вось чаму. Мы прызвычаіліся пачынаць дзень з валютнага курсу — а колькі сёньня каштуе даляр? Але насамрэч больш важны паказьнік іншы — ровень інфляцыі. Што найчасьцей купляе любы чалавек? Хлеб, малако, мяса... Што найчасьцей нясуць людзі ў рамонт? Чаравікі, бытавую тэхніку, адзеньне...І паўсюль трэба разьлічвацца рублямі, а не валютай.

І калі ў Беларусі гадавы паказьнік інфляцыі складзе 3–5%, то і курс будзе стабільны. І людзі ня будуць штодня тузацца.

Выказваньні Рудага мне падабаюцца. Ён падрыхтаваны малады чалавек. І калі яго ўзялі памочнікам да Лукашэнкі, я палічыў гэта правільным крокам. Але ён пераважна маўчыць. Шкада, што такія карысныя прапановы гучаць толькі на канфэрэнцыях ды ў навуковых часопісах. Патрэбна публічна заяўляць, удзельнічаць у фармаваньні ідэалёгіі і філязофіі кіраваньня эканомікай».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG