Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мусульманскі сьвет пра новыя карыкатуры на прарока Мухамэда у Charlie Hebdo


У відэазвароце, які быў распаўсюджаны ў інтэрнэце сёньня, лідэр емэнскай «Аль Кайды» Наср аль-Ансі заявіў, што менавіта яго арганізацыя дала загад асобам, якія напалі на рэдакцыю Charlie Hebdo , «адпомсьціць за Мухамэда».

Ансі сказаў, што «Аль-Кайда ў Емэне «абрала мэту, склала плян апэрацыі і фінансавала яе» на загад лідэра «Аль Кайды»​ Аймана Завахіры.

Кіраўнік емэнскай Аль-Кайды таксама заявіў, што Францыя належыць да «партыі сатаны» і паабяцаў яшчэ «больш трагедыяў і тэрору.»

Падазраваныя ў злачынстве браты Саід і Шэрыф Куашы таксама заяўлялі, што дзейнічаюць ад імя емэнскай «Аль-Кайды». Яны былі забітыя паліцыя падчас спэцапэрацыі 9 студзеня.

Заява Наср аль-Ансі была абнародаваная ў той жа дзень, калі выйшаў наклад новага нумару Charlie Hebdo з новай карыкатурай на прарока Мухамэда. На ёй прарок плача і трымае ў руках шыльдачку з надпісам «Je suis Charlie» (Я — Шарлі), слоган, якім мільёны людзей ва ўсім сьвеце выказваюць салідарнасьць з ахвярамі тэракту і падтрымку свабодзе слова. Плянуецца выдаць 5 мільёнаў асобнікаў гэтага нумару часопіса.

Нумар быў перакладзены на шэсьць моваў, уключна з арабскай, і будзе прадавацца ў 25 краінах сьвету.

Публікацыя новай карыкатуры на прарока выклікала рэакцыю ў мусульманскім сьвеце.

Іран назваў публікацыю «абразьлівай і правакацыйнай». Прадстаўнік МЗС Ірану сказаў, што публікацыя «правакуе эмоцыі мусульманаў» і можа «разьдзьмуць полымя заганнага круга экстрэмізму».

Выступаючы ў Жэнэве, міністар замежных спраў Ірану Махамад Джавад Зарыф сказаў, што «сьвятыні павінны шанавацца».

Вярхоўны муфтый Эгіпту Шавкі Алам ахарактарызаваў новую карыкатуру на прарока Мухамэда як «неабгрунтаваную правакацыю», якая можа выклікаць «новую хвалю нянавісьці да францускага і заходняга грамадзтва.»

У заяве Міжнароднага саюзу мусульманскіх навукоўцаў, які базуецца ў Катары, адзначаецца, што публікацыя новых карыкатураў умацоўвае ідэю, што «Захад супраць ісламу». На думку саюзу, карыкатуры будуць спрыяць далейшаму «распальваньню нянавісьці, экстрэмізму і напружанасьці.»

Экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава» заявіла на сваёй радыёстанцыі, што публікацыя карыкатуры была «надзвычай дурным ўчынкам».

Тры асноўныя сатырычныя часопісы Турэччыны апублікавалі аднолькавыя чорныя абвесткі з надпісам «Je suis Charlie».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG