Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Марыюпалі людзі прывыклі жыць ля лініі фронту


У Данецкай вобласьці абвешчаная жалоба. 13 студзеня ракета, выпушчаная з устаноўкі залпавага агню «Град», трапіла ў раёне гораду Валнаваха ў рэйсавы аўтобус. Загінулі 12 і атрымалі раненьні 16 чалавек.

Жыхарка Марыюпаля, якая папрасіла не называць яе імя, распавяла Свабодзе, як у іхнім горадзе адрэагавалі на трагедыю і якім чынам марыюпальцы цяпер могуць трапіць у Данецк:

«Валнаваха, дзе адбылася гэтая трагедыя, — не зусім побач з Марыюпалем. Яна знаходзіцца на трасе, якая вядзе ў Данецк. Абвешчаная жалоба, але мы, марыюпальцы, на месца трагедыі кветкі прынесьці ня можам, бо далёка. Аднак я ведаю, што жыхары Валнавахі і суседніх сёлаў нясуць кветкі і сьвечкі на месца, дзе абстралялі аўтобус, хоць гэта і небясьпечна. Адразу, як здарылася трагедыя, інфармацыя пайшла ў сацыяльныя сеткі, і людзі выйшлі на вуліцы, плакалі і вельмі спачувалі родным загінулых».

У аўтобусе, які трапіў пад абстрэл, хутчэй за ўсё, не было жыхароў Марыюпаля, бо ён ехаў па маршруце Данецк — Златавустаўка, лічыць жанчына. Але зь іншым аўтобусам, у якім ехалі яе аднагараджане, ледзь ня здарылася аналягічная трагедыя:

Калі аўтобус выяжджаў з Валнавахі, за сем мэтраў ад яго ўпаў снарад „Граду“, аскепкі якога ператварылі аўтобус у рэшата, людзі загінулі.

«Калі аўтобус выяжджаў з Валнавахі, за сем мэтраў ад яго ўпаў снарад „Граду“, аскепкі якога ператварылі аўтобус у рэшата, людзі загінулі. Але яшчэ некалькі дзясяткаў марыюпальцаў цудам пазьбеглі сьмерці і калецтваў, бо за некалькі хвілін па гэтым жа маршруце ехаў аўтобус з Данецку ў Марыюпаль, дзе дакладна ехалі жыхары Марыюпаля. Той аўтобус зачапіла аскепкамі, але людзі, на шчасьце, не пацярпелі».

Як паведаміла жанчына, учора траса Данецк — Марыюпаль была цалкам зачыненая. Сёньня, паколькі гэта адзіны шлях паміж двума гарадамі, транспарт у абмежаваным рэжыме ходзіць.

«Я званіла на вакзал. Кажуць, што маршрутаў у Данецк няма, бо вадзіцелі баяцца ехаць. Але ёсьць іншы маршрут — праз Вуглядар, дзе трэба перасаджвацца. Гэта вельмі актыўная траса, бо яна адзіная, якая зьвязвае Марыюпаль і Данецк, і зразумела, што шмат людзей езьдзяць і па працы, і па асабістых справах. Раней маршруткі з Марыюпаля ў Данецк хадзілі кожныя паўгадзіны, і недахопу пасажыраў ніколі не было».

Жыхарка Марыюпаля кажа, што ўжо прывыкла да абстрэлаў і што ўвогуге горад жыве сваім звычайным жыцьцём:

Калі казаць пра Марыюпаль, то ўчора быў абстраляны пасёлак Гранітнае, які ў прыгарадзе. У выніку абстрэлу загінула 2-гадовая дзяўчынка.

«Калі казаць пра Марыюпаль, то ўчора быў абстраляны пасёлак Гранітнае, які ў прыгарадзе. У выніку абстрэлу загінула 2-гадовая дзяўчынка. Гэта вельмі блізка здарылася, і абстрэлы былі вельмі добра чуваць у горадзе. Але жыхары ўжо прывыклі да абстрэлаў і выбухаў. Страшна, вядома, калі залпы ідуць, але панікі няма. Людзі жывуць, як і раней. Адзінае, што цяжкасьці ў тых, чые сваякі жывуць на акупаванай тэрыторыі. Каб трапіць да сваякоў, трэба выпісваць спэцпропуск, а гэта ня вельмі проста».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG