Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ярашук: «Улада пабаялася абмяркоўваць законапраект аб дармаедах у парлямэнце»


Аляксандар Ярашук

Аляксандар Ярашук

З грамадзянаў, якія больш за паўгода ня плацяць падаткі, дзяржава абяцае спаганяць аднаразовы збор у памеры 20 базавых велічынь (на сёньня — 3,6 мільёна рублёў).

За ўхіленьне ад выплаты збору, за яго несвоечасовую або няпоўную выплату будзе прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць. Пра гэта ішла размова на нарадзе па абмеркаваньні праекту чарговага дэкрэту прэзыдэнта..

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук заўважае, што нават фармальна ўлада пабаялася абмяркоўваць законапраект аб дармаедах у парлямэнце, а спрабуе правесьці яго прэзыдэнцкім дэкрэтам. Пра ягоны дакладны зьмест пакуль можна толькі здагадвацца, кажа спадар Ярашук і нагадвае: ня так даўно намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Валеры Кавалькоў на прэсавай канфэрэнцыі казаў, што яшчэ ня вызначаны сам тэрмін «дармаедзтва». Што да ацэнкі захадаў дзяржавы, каб спагнаць грошы з так званых «лайдакоў» і «дармаедаў», Аляксандар Ярашук кажа:

Гэта будзе працяг той старой савецкай традыцыі, што да дармаедзтва.

«Гэта будзе працяг той старой савецкай традыцыі, што да дармаедзтва. І можна агульна казаць, пакуль мы ня бачылі ў вочы дэкрэт, што гэта будуць суцэльныя парушэньні і правоў чалавека, і адпаведных канвэнцыяў Міжнароднай арганізацыі працы.

Ніхто ж ня хоча разьбірацца, чаму людзі не працуюць — амаль 500 тысяч, як яны агучылі. Гэта ж, напэўна, перадусім, не віна, а бяда людзей — што яны ня могуць стала працаваць ці ня хочуць афіцыйна афармляць свае працоўныя адносіны. Таму што стаўка беларускіх уладаў на камандна-адміністрацыйныя мэтады кіраваньня, ігнараваньне рынкавай эканомікі — гэта ўсё проста пазбавіла магчымасьці тых, хто сам мог бы стварыць працоўныя месцы, мог бы займацца бізнэсам, прадпрымальніцтвам, і людзі проста ня могуць сябе рэалізаваць. І дзеля шмат якіх прычын яны вымушаны — хто зьяжджаць, а хто працаваць без афіцыйнага афармленьня працоўных адносінаў. Такія захады дзяржавы наагул не вытрымліваюць крытыкі».

Спадар Ярашук прывёў прыклад: у сям’і 4–5 чалавек, адзін зь якіх не працуе. Але сям’я аплачвае квартплату, камунальныя паслугі. А гаспадыня, да прыкладу, гадуе дзяцей і вядзе хатнюю гаспадарку. Ці лічыцца яна «дармаедам»?

На нарадзе гучала лічба, што ў краіне каля 400 тысяч дармаедаў, многія зь якіх працуюць за мяжой, у Беларусі ня плацяць падаткаў, а іх дзеці ходзяць у школы, паліклінікі. Што да тых, хто працуе за мяжой, і статыстыкі, Аляксандар Ярашук распавёў, што 13 студзеня браў удзел у паседжаньні Нацыянальнай рады па працоўных і сацыяльных пытаньнях. Там ішло абмеркаваньне дэмаграфічных праблемаў, са справаздачамі выступалі тры намесьнікі міністраў — працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя і ўнутраных спраў.

«Мікалай Мельчанка, намесьнік міністра ўнутраных спраў, спасылаючыся на дадзеныя Ўсясьветнага банку, кажа, што за мінулы год працоўныя мігранты, якія зьехалі з краіны, пералічылі на рахункі сваіх сем’яў 1 мільярд даляраў.

«Мікалай Мельчанка, намесьнік міністра ўнутраных спраў, спасылаючыся на дадзеныя Ўсясьветнага банку, кажа, што за мінулы год працоўныя мігранты, якія зьехалі з краіны, пералічылі на рахункі сваіх сем’яў 1 мільярд даляраў. Уявіце сабе: 1 мільярд даляраў! І, паводле дадзеных МУС, такіх грамадзянаў, што зьехалі працаваць за мяжу, — 4 тысячы чалавек. Я ўстаю і кажу: „Вы ўсур’ёз пра гэта кажаце? А чаму вы ігнаруеце лічбу Ўсясьветнага банку: 1 мільён 100 тысяч беларусаў, якія зьехалі на працу за мяжу?“ Ён кажа: „Гэта — недакладныя лічбы“. Я пытаюся: „А якія дакладныя? 4 тысячы? Вы хочаце тут нам распавесьці, што 4 тысячы беларусаў пералічылі 1 мільярд даляраў? Па 250 тысяч даляраў кожны?“ Усе пачалі сьмяяцца. А віцэ-прэм’ер Сямашка незадаволена прабурчаў: „Вы там зусім са статыстыкай заблыталіся“. Вось гэтым усё і сказана».

Людзей проста падштурхоўваюць зьяжджаць, — выказаў думку Аляксандар Ярашук. — І найбольш ініцыятыўныя і актыўныя гэта і зробяць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG