Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты і выпускнікі ЭГУ патрабуюць зрабіць працэс выбару рэктара празрыстым


Студэнцкае прадстаўніцтва і Асацыяцыя выпускнікоў ЭГУ абнародавалі высновы і рэкамэндацыі па выніках канфэрэнцыі «Беларускі ЭГУ: пасьля дзесяці гадоў у Літве», якая прайшла 9–10 студзеня ў Вільні.

Удзельнікі канфэрэнцыі былі згодныя: ад таго, як праходзіць працэс выбараў рэктара, хто ўдзельнічае ў іх і як ацэньваюцца кандыдаты на гэтую пасаду, наўпрост залежыць будучыня ЭГУ.

На канфэрэнцыі выказвалася занепакоенасьць, што, да прыкладу, беларусы практычна ня маюць уплыву на працэс прыняцьця пастановаў і слаба прадстаўленыя ў мэнэджмэнце. Толькі адзін беларус — сталы сябра Кіроўнай рады. Толькі адзін беларус уваходзіць у Агульны збор саўладальнікаў ЭГУ (GAPO), і толькі двое зь пяці топ-мэнэджэраў — беларусы.

Інтарэсы студэнтаў, выкладчыкаў, выпускнікоў і беларускай грамадзянскай супольнасьці не прадстаўленыя ў Кіроўнай радзе ЭГУ належным чынам. Толькі адзін прадстаўнік гэтых групаў — сталы ўдзельнік Кіроўнай рады. GAPO не ўдаецца выконваць сваю ролю найвышэйшага кіроўнага органа ўнівэрсытэту. Звароты да сябраў GAPO ігнаруюцца. GAPO зацьвярджае ўсе пастановы Кіроўнай рады, у тым ліку новы Статут, які быў перагледжаны без удзелу супольнасьці ЭГУ.

Удзельнікі канфэрэнцыі выказалі занепакоенасьць з прычыны адсутнасьці кіраўніцтва ўнівэрсытэту, а таксама нязгоду з тым, як адбываецца сам працэс выбараў. У камісію ня ўключаныя прадстаўнікі ні студэнцкае супольнасьці, ні прафэсарска-выкладчыцкага складу. На думку шат каго з удзельнікаў канфэрэнцыі, Кіроўная рада ЭГУ не забясьпечыла адкрытага і празрыстага працэсу выбараў.

На думку студэнтаў і выпускнікоў, унівэрсытэт павінен даваць больш практычна арыентаваную адукацыю, якая б разьвівала навыкі, неабходныя на сучасным рынку працы.

Удзельнікі канфэрэнцыі прапанавалі канкрэтныя ідэі па актывізацыі дзейнасьці ЭГУ ў Беларусі, а таксама па павышэньні яго пазнавальнасьці ў Літве і Эўропе.

Кіроўнай радзе прапанавана неадкладна ўключыць у склад камісіі па выбарах рэктара прадстаўнікоў студэнцкай і акадэмічнай супольнасьці, а таксама грамадзянскай супольнасьці Беларусі з правам голасу.

Неабходна забясьпечыць празрыстасьць працэсу выбараў рэктара, інфармаваць грамадзкасьць пра кожны этап выбараў.

На думку ўдзельнікаў канфэрэнцыі, кандыдаты на пасаду рэктара павінны прадэманстраваць разуменьне беларускага кантэксту і сувязь зь беларускім грамадзтвам, а таксама прадуманы падыход да фінансавых пытаньняў, у тым ліку плян зьмяншэньня адміністратыўных выдаткаў ЭГУ.

Прапануецца таксама прызначыць у склад Кіроўнай рады па адным прадстаўніку ад студэнцкай супольнасьці і прафэсарска-выкладчыцкага складу, а таксама трох прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці і бізнэс-супольнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG