Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце — культурная сталіца 2015: ці дачакаюцца берасьцейцы «Дня вышыванкі»?


Званьне культурнай сталіцы 2015 году ў Беларусі атрымала Берасьце. Што будзе пераважаць у зьвязаных з гэтым імпрэзах — нацыянальны калярыт або тэма Другой усясьветнай вайны?

З нагоды наданьня Берасьцю статусу культурнай сталіцы ў Акадэмічным тэатры драмы адбылася ўрачыстая цырымонія з удзелам міністра культуры Барыса Сьвятлова. Міністар перадаў старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандру Рагачуку адпаведны сэртыфікат. Барыс Сьвятлоў распавёў, што адным з галоўных мерапрыемстваў будзе адзначэньне 50-годзьдзя прысваеньня Берасьцейскай крэпасьці званьня «Крэпасьць-герой».

Акрамя таго, чыноўнікі падкрэсьлілі, што шмат мерапрыемстваў будзе зьвязана зь сьвяткаваньнем 70-годзьдзя перамогі ў Другой усясьветнай вайне.

Доктар архітэктуры, берасьцейская грамадзкая дзяячка Ірына Лаўроўская кажа, што сумняецца, ці паболее ў Берасьці імпрэзаў з нацыянальным калярытам:

Берасьце апошнім часам усё глыбей і глыбей пагружаецца ў сьвяткаваньне вайсковых датаў.

«Берасьце апошнім часам усё глыбей і глыбей пагружаецца ў сьвяткаваньне вайсковых датаў. І крэпасьць дамінуе, як і дамінавала заўжды. Я б хацела бачыць больш менавіта мясцовай традыцыі, мясцовых нейкіх адзнакаў, канфэрэнцыяў, фэстаў і гэтак далей. У нас гэта адбываецца „па разнарадцы“, як кажуць. Таму галоўныя мерапрыемствы ў культурнай сталіцы ўсё-ткі будуць круціцца вакол тэмы вайны», — кажа Ірына Лаўроўская.

Пасьля канцэрту Аляксандра Саладухі ў Берасьці

Пасьля канцэрту Аляксандра Саладухі ў Берасьці

Ірына Лаўроўская лічыць, што менавіта грамадзтва павінна найперш брацца за распрацоўку культурных мерапрыемстваў, «а не атрымліваць іх у гатовым выглядзе зьверху».

Намесьнік старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму Генадзь Барысюк у інтэрвію Радыё Свабода распавёў, што канцэпцыя культурнай сталіцы ўключае ў сябе ня толькі афіцыйныя сьвяткаваньні, зьвязаныя з 70-годзьдзем перамогі ў вайне, але і розныя грамадзкія вулічныя мерапрыемствы, «якія павінны паказваць культуру і душу Берасьця»:

Генадзь Барысюк: «Усе ідэі мы ўспрымаем. Гэта ні ў якім разе ня будуць толькі нейкія афіцыйныя мерапрыемствы».

Карэспандэнт: «У Менску вельмі папулярныя былі „Дні вышыванкі“, калі прадавалася адзеньне з нацыянальнай вышыўкай...»

Генадзь Барысюк: «Я чуў, я чуў...»

Карэспандэнт: «Скажыце, а ці магчымае правядзеньне такіх мерапрыемстваў на дзяржаўным узроўні ў Берасьці?»

Генадзь Барысюк: «У нас ёсьць сьвята гораду і іншыя мерапрыемствы. У межах гэтага могуць быць такія лякальныя мерапрыемствы, калі яны людзям цікавыя. Мы плянуем зрабіць і такі гістарычны кірунак — абыграць і тэму манэтнага двара, і гэта ў тым ліку... Гэта проста трэба абмеркаваць, і калі гэта рэальна і канкрэтна, то чаму не?»

Прадстаўнік берасьцейскай культурна-асьветніцкай ініцыятывы «Грунт» Віктар Клімус кажа, што ягоная суполка займаецца папулярызацыяй нацыянальнага калярыту незалежна ад таго, што Берасьце абвешчана культурнай сталіцай:

Безумоўна, мы плянавалі працяг і разьвіцьцё гэтай тэмы, думалі і пра вышыванкі, і пра больш сур’ёзныя формы прома-прадукцыі.

«Безумоўна, мы плянавалі працяг і разьвіцьцё гэтай тэмы, думалі і пра вышыванкі, і пра больш сур’ёзныя формы прома-прадукцыі. І мы будзем гэта рабіць. Я буду спадзявацца, што гэта будзе мець ня меншы розгалас, чым аналягічныя мерапрыемствы ў Менску. Спадзяёмся, што да гэтых ініцыятыў далучацца і мясцовыя ўлады, прадстаўнікі бізнэсу і іншых грамадзкіх структур».

Школа народных танцаў ініцыятывы «Грунт»

Школа народных танцаў ініцыятывы «Грунт»

Ініцыятыва «Грунт» адчыніла ў Берасьці культурны цэнтар «Грунтоўня», дзе моладзь ладзіць імпрэзы дзеля папулярызацыі беларускай культуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG