Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Майра Мора ня зьвязвае спрашчэньне візавага рэжыму з вызваленьнем палітвязьняў


Майра Мора

Майра Мора

Чарговы этап перамоваў Беларусі з Эўразьвязам па спрашчэньні візавага рэжыму і падпісаньні пагадненьня аб рэадмісіі пройдзе не раней за люты, паведаміла журналістам кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора.

Ацэньваючы ход гэтых перамоваў, Майра Мора сказала:

«Гэта нармальны перамоўны працэс, падчас якога абодва бакі кожны раз пазначаюць свае пазыцыі, нейкія спрэчныя пытаньні застаюцца, іх вырашаюць і зноў сустракаюцца».

Яна таксама ўдакладніла, што пытаньні бязвізавага рэжыму для ўладальнікаў дыпляматычных пашпартоў абмяркоўваюцца, але мандат Эўракамісіі на вядзеньне перамоў на гэты момант не мяняўся, паведамляе БелаПАН.

Дыплямат патлумачыла гэта тым, што некаторыя палажэньні пагадненьняў аб спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі патрабуюць у тым ліку заканадаўчых зьменаў з абодвух бакоў.

Камэнтуючы заяву прадстаўнікоў Латвіі, якая цяпер старшынюе ў ЭЗ, аб магчымасьці ўвядзеньня бязьвізавага рэжыму для Беларусі, Мора адзначыла, што пакуль пра гэта заўчасна гаварыць да падпісаньня пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму:

«Першы этап — гэта спрашчэньне візавага рэжыму, а затым можа быць яго адмена. Гэта, калі хочаце, нейкі маяк на гэтым шляху ».

Яна таксама адзначыла: зьмяненьне мандату Эўракамісіі на вядзеньне перамоваў аб спрашчэньні візавага рэжыму ніяк не зьвязана з вызваленьнем палітвязьняў.

«Гэта не зьвязаныя рэчы, таму што спрашчэньне візавага рэжыму — гэта мера, якая прызначаецца ўсяго беларускага народу», — сказала яна.

Першы раунд кансультацый па пытаньнях заключэньня пагадненьняў аб спрашчэньні візавага рэжыму і аб рэадмісіі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам прайшоў у Менску 12-13 чэрвеня 2014 года, другі — у Брусэлі 24-25 лістапада. Трэці раўнд кансультацый заплянаваны ў Менску.

XS
SM
MD
LG