Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Задай пытаньне рэктару ЭГУ! Алесь Краўцэвіч?


Алесь Краўцэвіч

Алесь Краўцэвіч

У сакавіку адбудуцца выбары рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Пакуль інтрыга вакол пытаньня, хто ўзначаліць беларускую ВНУ на выгнаньні, застаецца, Свабода плянуе інтэрвію з усімі кандыдатамі. Чытачы нашага сайту таксама могуць задаць свае пытаньні, якія мы пастараемся данесьці да прэтэндэнтаў на рэктарскую пасаду.

Сёньня мы прапануем гутарку з Алесем Краўцэвічам. Пакідайце свае пытаньні яму, а таксама іншым кандыдатам у камэнтарах да гэтага артыкула.

Цяпер шорт-ліст складаецца зь сямі імёнаў. Сярод кандыдатаў — тры беларусы (Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Краўцэвіч і Тацяна Шчытцова), два амэрыканцы (цяперашнія правост ЭГУ Дэвід Полік і Эдвард Рослаф), прарэктар па разьвіцьці і камунікацыі Дарыюс Удрыс, які мае грамадзянства Літвы і ЗША, і сёмы — літовец Шарунас Ліекіс.

Мяркуецца, што канчатковыя рэкамэндацыі па кандыдатуры новага рэктара Агульнаму сходу сузаснавальнікаў (органу, адказнаму за прыняцьце канчатковага рашэньня) будуць зробленыя да 1 сакавіка 2015 году.

Алесь Краўцэвіч: ЭГУ можа стаць кузьняй беларускіх нацыянальных кадраў

Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч жыве ў Горадні. Прызнаны спэцыяліст па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Мае вялікі досьвед выкладаньня гістарычных дысцыплінаў у вышэйшых навучальных установах Беларусі і Польшчы. Цяпер вырашыў балятавацца на пасаду рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні. Ён адзін зь сямі кандыдатаў, якія бяруць удзел у конкурсе.

Гарадзенскі навуковец лічыць ЭГУ вельмі цікавай навучальнай установай. Ён перакананы, што гэта нармальная сытуацыя, калі адбываецца дыскусія, выказваюцца розныя погляды на разьвіцьцё ўстановы. Аднак унутры ЭГУ пачаліся канфлікты, якія выйшлі за межы ўнівэрсытэту. І калі справа дайшла да судовых разбораў, да пікетаваньня, да звальненьня некаторых выкладчыкаў перад заканчэньнем тэрміну кантракту, то гэта азначала, што крызіс рэальна існуе, зазначае ён. Алесь Краўцэвіч прызнаецца:

«Чаму я вырашыў удзельнічаць у гэтым конкурсе? Па-першае, мяне хвалюе лёс гэтага ўнівэрсытэту. Гэта адзіная ВНУ, якая не падпадае пад ідэалягічны кантроль з боку лукашыстаў. Па-другое, яна мае шанец стаць беларускай нацыянальнай установай. Цалкам беларускай нацыянальнай яна цяпер не зьяўляецца. Гэта праблема. Былі крытычныя заўвагі ў бок ЭГУ, што ён адыходзіць ад беларускасьці. І там сапраўды цяжка знайсьці ў праграме тэмы, кірункі, якія непасрэдна зьвязаныя зь беларушчынай. І для мяне важныя вось гэтыя два моманты — што гэта свабодная навучальная ўстанова і што яна можа стаць кузьняй беларускіх нацыянальных кадраў. І трэцяе: я маю адносна невялікі, але вопыт працы на вышэйшай кіроўнай пасадзе ВНУ, я быў першым прарэктарам Гарадзенскага ўнівэрсытэту ў 1994–95 гадах. Я якраз адышоў, калі ўмацаваўся Лукашэнка, калі стала ясна, хто ён такі. І я вырашыў, што магу прыдацца гэтай установе».

Радыё Свабода: «Але як зьмяніць крызісную сытуацыю ў ЭГУ, як палепшыць зьмест навучаньня, як, нарэшце, зрабіць, каб унівэрсытэт сапраўды стаў кузьняй беларускіх нацыянальных кадраў?»

«Канкрэтную праграму дзеяньняў адразу выпрацаваць цяжка, трэба азнаёміцца з канкрэтным становішчам у ЭГУ. Але мне здаецца, што вельмі важна ўсё-ткі ўзмацніць беларускасьць, беларускія кірункі. Ня проста беларусістыку. Вось, напрыклад, узяць „сусьветную культурную спадчыну“: абавязкова павінен у гэтым курсе быць моцны блёк, зьвязаны зь беларускай культурай, яе месцам у культурнай спадчыне Эўропы. І гэта можна рабіць, існуюць пэўныя маркетынгавыя мэтады — як прывабіць студэнтаў на гэтыя беларускія кірункі. Проста, каб тыя, хто хоча паступаць ва ўнівэрсытэт на беларускі кірунак, ведалі, што спэцыяльнасьць прыдасца ня толькі ў Беларусі. Што атрыманая адукацыя ня будзе абмежаваная толькі нашымі ўнутранымі праблемамі, а менавіта Беларусь будзе вывучацца ў кантэксьце эўрапейскай культурнай прасторы».

Важна таксама, што ЭГУ — незалежны ўнівэрсытэт, што там не чытаюцца курсы гэтак званай дзяржаўнай ідэалёгіі, там не перасьледуюць выкладчыкаў за свабодныя погляды, не змушаюць выкладчыкаў хваліць уладу, дадае доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч з Горадні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG