Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трохмільённы наклад Charlie Hebdo зьявіўся ў продажы


У многіх краінах сьвету 14 студзеня, роўна праз тыдзень пасьля нападу на рэдакцыю сатырычнага тыднёвіка Charlie Hebdo, у продажы зьявіўся новы выпуск выданьня.

На яго вокладцы побач з надпісам «Усё даравана» намаляваны прарок Мухамед са сьлязой, які трымае ў руках плякат «Я — Шарлі».

Супрацоўнік выданьня Зінэб эр-Разі сказаў, што вокладка сымбалізуе, што журналісты даравалі тым, хто нападаў.

Працуючы ў прадстаўленых іншымі выданьнямі офісах, журналісты Charlie Hebdo, якія засталіся ў жывых, выпусьцілі трохмільённы наклад выданьня — гэта ў 50 разоў больш, чым звычайна. Спэцыяльны выпуск пераведзены на шэсьць моў, уключаючы арабскую, і будзе прадавацца ў 25 краінах сьвету.

​7 студзеня трое нападнікаў забілі 12 чалавек, зь іх 8 журналістаў, у рэдакцыі выданьня Charlie Hebdo ў Парыжы, выкрыкваючы ісламісцкія лёзунгі і заяўляючы, што гэта «помста за прарока» — выданьне раней некалькі разоў малявала карыкатуры на прарока Мухамеда і іншых, высьмейвала ісламістаў.

8 студзеня іншы нападнік забіў у Парыжы жанчыну-паліцэйскага. 9 студзеня, як мяркуюць, гэта ж нападнік, зьвязаны з першымі, захапіў закладнікаў у супермаркэце кашэрных прадуктаў у Парыжы. Пры гэтым загінулі чатыры чалавекі. У той жа дзень паліцыя ў выніку штурму ліквідавала і гэтага, і двух з тых, хто нападаў на журналістаў.

XS
SM
MD
LG