Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка абвесьціць ваенную мабілізацыю, але выступае за мірнае ўрэгуляваньне


Прэзыдэнт Пятро Парашэнка заявіў пасьля таго, як у выніку абстрэлу баевікоў на Данбасе сёньня загінулі ня менш за 11 пасажыраў рэйсавага аўтобуса і 17 былі параненыя, што ўжо заўтра падпіша ўказ аб чарговай хвалі мабілізацыі.

«Упэўнены, што ўкраінскі народ падтрымае гэтае рашэньне, і мабілізацыя пройдзе пасьпяхова», — заявіў ён.

«Будучы прыхільнікамі міру, мы гатовыя абараняць сваю зямлю. Зь верасьня мінулага года, за час, пакуль нам удалося спыніць актыўныя баявыя дзеяньні, мы нарасьцілі мышцы. Штотыдзень перадаем у войскі сотні адзінак зброі і ваеннай тэхнікі, як новай, так і адрамантаванай», — сказаў прэзыдэнт Украіны.

На дзеяньні сэпаратыстаў «нашы воіны здольныя даць годны адпор», сказаў ён і дадаў: «І тыя, хто сёньня зноў штурмаваў Данецкі аэрапорт, адчулі гэта на ўласных скурах».

І пры гэтым Пятро Парашэнка адзначыў: «Аднак я застаюся прыхільнікам мірнага ўрэгуляваньня на Данбасе — у рамках майго мірнага пляну і Менскіх дамоўленасьцяш. Рабіў, раблю і буду рабіць для гэтага ўсё магчымае. І нават — немагчымае».

13 студзеня украінскі бок паведаміў аб гібелі 11 і раненьні 17 цывільных асобаў у выніку трапленьня ракеты, выпушчанай з устаноўкі залпавага агню «Град», у аўтобус у Валнаваха у Данецкай вобласьці, і вінаваціць у гэтым прарасейскіх баевікоў. Яны сваю віну адмаўляюць, а расейскія і прарасейскія выданьні разыходзяцца ў вэрсіях. У прыватнасьці, «Інфармацыйны партал Данецкай рэспублікі» днём раней паведамляў, што баевікі трапілі ў блёкпост украінскай арміі ў Валнаваха, а ўжо цяпер заявіў, што гэта, нібыта, немагчыма.

«Трагедыя адбылася ў аўторак, каля блёкпаста ўкраінскіх праваахоўнікаў у раёне Валнаваха — прамое трапленьне ў пасажырскі рэйсавы аўтобус «Златавустаўка-Данецк», — паведаміў начальнік ГУ МУС Украіны ў Данецкай вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG