Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самадзейную мячэць разграмілі на фоне барацьбы з «нефармаламі»?


Беспрэцэдэнтным для Беларусі называе КДБ затрыманьне групы 20 «мусульманаў-салафітаў». Але ў краіне, дзе экстрэмісцкімі прызнаюцца нават рэпартажныя фотаздымкі, а АМАП разганяе панк-канцэрты, дзеяньні спэцслужбаў цяжка ўспрымаць з адназначным даверам.

«На тэрыторыі Беларусі раней прэцэдэнтаў, калі выяўлялася група, якая прадстаўляла рэлігійныя экстрэмісцкія арганізацыі — прыежджая ці сфармаваная тут, — не было. Асобныя пэрсаналіі і рэлігійныя эмісары, якія сьледавалі праз тэрыторыю Беларусі, як правіла транзытам, іх выяўлялі і выдваралі», — кажа ў камэнтары для Радыё Свабода прэс-сакратар КДБ Артур Стрэх.

11 сьнежня ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» Артур Стрэх паведаміў пра затрыманьне пад Менскам 20 мусульман-салафітаў, «рэлігія якіх заснаваная на прынцыпах джыхаду і непрыняцьця любых веравызнаньняў, апроч ісламу».​

Паводле КДБ, група складалася з 15 беларусаў і пяцёх замежнікаў — чальцоў ісламскай арганізацыі Хізб ут-Тахрыр, пад уплывам ідэяў якой нібыта і сфармавалася група.

«Ні пра які джыхад там размовы ніхто ня вёў, — паведамляе Радыё Свабода крыніца ў мусульманскай супольнасьці. — Наадварот там была літаратура пра непрымальнасьць тэрарызму ў ісламе. Прыкметна, што два тыдні пра гэта ніхто не гаварыў, а сваю заяву КДБ зрабіла пасьля нападу тэрарыстаў на францускі часопіс. Яўна ж каб паказаць свой удзел у барацьбе з міжнародным тэрарызмам, якога ў Беларусі ніколі не было».

Паводле зьвестак Радыё Свабода, мусульманская супольнасьць, якая зьбіралася ў Калядзічах, не была афіцыйна зарэгістраваная і мела канфлікт з муфціятам. Гэтая група веруючых ня згодная з будаўніцтвам новай мячэці ў Менску на месцы старых татарскіх могілак. Паводле канонаў ісламу, будаўніцтва мячэці на магілах забароненае. Нібыта таму яны і зьбіраліся ў Калядзічах.

Сам малельны дом у Калядзічах, куды напрыканцы сьнежня наведаліся супрацоўнікі КДБ і МУС, зусім ня быў закрытым. Туды некалькі разоў прыяжджала дзяржаўнае тэлебачаньне рабіць сюжэты з мусульманскіх сьвятаў.

Затрыманых пратрымалі некалькі гадзінаў і адпусьцілі. У некаторых былі праведзеныя ператрусыы.

Прэс-сакратар КДБ Артур Стрэх у размове з карэспандэнтам Радыё Свабода паскардзіўся, што прэса праяўляе да гэтага інцыдэнту зашмат цікавасьці. Такую ж думку выказаў і муфцій Алі Варановіч: «Як нешта добрае, сьвята якое, дык ніхто не тэлефануе, — кажа ён. — А тут адны за адным журналісты».

Хто такія Хізб ут-Тахрыр і што ім трэба ў Беларусі?

«Я не магу сказаць, ці прызнаная Хізб ут-Тахрыр у Беларусі экстрэмісцкай арганізацыяй, але у шэрагу краінаў яна дакладна прызнаная экстрэмісцкай, — кажа Артур Стрэх. — Калі б (у Беларусь — РС) прыехала любая іншая арганізацыя і займалася супрацьпраўнай дзейнасьцю, зь ёй было б тое самае».

Хізб ут-Тахрыр, ці Партыя вызваленьня, — панісламісцкая міжнародная палітычная арганізацыя. Заснаваная ў 1953 годзе ва Ўсходнім Ерусаліме, яна мае мільён чальцоў па ўсім сьвеце і штаб-кватэру ў Ліване.

Расея прызнала Хізб ут-Тахрыр тэрарыстычнай арганізацыяй на пачатку 2000-х. У Казахстане, Кіргізстане і Таджыкістане яе лічаць экстрэмісцкай.
У Канадзе, ЗША, Францыі, Даніі, Вялікай Брытаніі забароны на дзейнасьць Хізб ут-Тахрыр няма. У Нямеччыне прычынай яе забароны стала антысэміцкая ідэалёгія.

Ксенія Сьвятлова

Ксенія Сьвятлова

Аглядальнік па арабскіх пытаньнях Ксенія Сьвятлова зь 9 каналу ТВ Ізраіль называе Хізб ут-Тахрыр «безумоўна радыкальнай ісламісцкай арганізацыяй:

«Чым адрозьніваецца Хізб ут-Тахрыр ад Аль-Каеды і IДзІЛ чаму пра іх ня так часта чуваць, як пра іх найбольш актыўных канкурэнтаў? На погляд іх багасловаў, час для стварэньня халіфату пакуль не падышоў. Яны перакананыя, што толькі тады, калі ўсе мусульмане змогуць выступіць супольна, гэтая арганізацыя будзе дастаткова магутная для стварэньня ісламскага халіфату. А ня так, як гэта адбываецца цяпер, калі некаторыя арабскія ўрады супрацоўнічаюць з Захадам, іншыя ўвогуле не займаюцца ўвядзеньнем законаў шарыяту, як напрыклад Туніс, і імкнуцца да сьвецкага ладу жыцьця».

Ксенія Сьвятлова распавядае, што чальцы Хізб ут-Тахрыру, як правіла, добра адукаваныя людзі.

«Яны ведаюць мовы, яны добра разьбіраюцца ў Каране, а не цытуюць 2-3 найбольш вядомыя ўрыўкі. Добра разумеюць у ісламскіх навуках і вельмі ўмела апэруюць сваімі ведамі, каб вэрбаваць людзей».

Сяргей Богдан

Сяргей Богдан

«Цалкам магу сабе ўявіць, што нейкія эмісары Хізб ут-Тахрыр вырашылі, што тут можна нешта зрабіць», — кажа старэйшы аналітык базаванага ў Лёндане і Менску Цэнтру Астрагорскага Сяргей Богдан.

«Яны вельмі актыўная на постсавецкай прасторы, — працягвае ён. — Ва Ўзбэкістане даведзеная прыналежнасьць да Хізб-ут Тахрыру, можна сказаць, роўная сьмяротнаму прысуду. Трапіць у турму з такім абвінавачаньнем ці нават проста падазрэньнем вельмі страшна. Для Карымава (Іслам Карымаў — прэзыдэнт Узбэкістану — РС) гэта „вораг нумар два“ пасьля Ісламскага руху Ўзбэкістану».

Хізб ут-Тахрыр дэкляруе негвалтоўныя мэтады, аднак крытыка арганізацыі ўсё часьцей зьвязаная з тым, што дзеяньні супярэчаць ідэалёгіі.

«Ёсьць краіны, дзе Хізб ут-Тахрыр займаецца ня толькі прапагандысцкай дзейнасьцю, але і актыўна трэніруе сваіх людзей у абыходжаньня са зброяй, падрыхтоўцы магчымых захопаў. Цяпер яны кажуць, што гэта накіравана толькі на ахову, напрыклад, сваіх мячэцяў ад хуліганаў ці праціўнікаў. Але ў любым выпадку ёсьць нямала выпадкаў, калі актывісты і лідэры гэтых арганізацый былі западозраныя ў пакупцы вялікіх партый зброі і яе перапродажы».

Хізб ут-Тахрыр і салафіты — не адно і тое ж

Пра «беспрэцэдэнтнасьць» цяперашняга затрыманьняў Беларусі можа сьведчыць і тое, што КДБ, апісваючы сытуацыю, ня надта ахайна абышоўся з тэрмінамі. Прынамсі так лічыць прадстаўнік інфармацыйнага офісу Хізб ут-Тахрыру ва Ўкраіне Фазыл Амзаеў. Пра выпадак пад Менскам Амзаеў даведаўся зь беларускіх СМІ. Ані пацьвердзіць, ані абвергнуць гэтую інфармацыю ён ня можа, але зьвяртае ўвагу, што КДБ не прывяло канкрэтных фактаў пра прыналежнасьць дэпартаваных асобаў да Хізб ут-Тахрыру.

Фазыл Амзаеў

Фазыл Амзаеў

«З аднаго боку, КДБ сьцьвярджае, што „былі затрыманыя 20 мусульман-салафітаў“, а з другой што група была сфармаваная пад уплывам Хізб ут-Тахрыр. Адмыслоўцам і экспэртам цудоўна вядома, што салафіты і Хізб ут-Тахрыр — гэта розныя ісламскія арганізацыя, якія маюць адрозныя погляды па шэрагу ісламскіх пытаньняў і мэтаду распаўсюду Іслама».

Паводле Амзаева, такая блытаніна выклікае сумнеў у прыведзеных КДБ фактах.

Салафія — панятак вельмі шырокі і агулам азначае памкненьне і патрабаваньне вярнуцца ладу жыцьця і веры першаснай мусульманскай супольнасьці. Груба кажучы, ня кожны салафіт абавязкова ўваходзіць у Хізб ут-Тахрыр, і ня кожны ўдзельнік Хізб ут-Тахрыра — салафіт.

«Салафізм гэта найбольш пурысцкі варыянт іслама, — тлумачыць Ксенія Сьвятлова. — Прыхільнікі яго прапаноўваюць вярнуцца да тых звычак, якія былі прынятыя пры прароку ў сёмым стагодьдзі. Гэта ўключае і форму адзеньня, напрыклад, галабія-кашулі, якія даходзяць да сярэдзіны лыткі, гэта форма барады. То бок усё — пачынаючы ад зьнешняга выгляду да спосабу малітвы».

У Беларусі салафіты сапраўды ёсьць, і менавіта пасьлядоўнікі гэтай плыні былі сярод затрыманых у Калядзічах. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў муфцій Алі Варановіч. Ён лічыць, што гэтая плынь ня надта распаўсюджаная ў Беларусі. «Вось іх было 20 чалавек, так яны і распаўсюджаныя, калі мусульманаў ў нас 30, а можа і 50 тысяч», — кажа Алі Варановіч.

Зь некаторымі беларускімі салафітамі Радыё Свабода размаўляла падчас здымак сюжэта пра сьвяткаваньне Курбан-Байраму ў 2012 годзе, але яны пажадалі застацца ананімнымі і хавалі свае твары.

Унутры салафізму ёсьць панятак джыхадзісцкі салафізм, — кажа Ксенія Святлова.

«Тут ужо мы кажам пра Аль-Каеду, ІдзІЛ ды іншыя падобныя арганізацыі. Гэтыя людзі лічаць, што сучаснае грамадзтва прыйшло да маральнага краху і таму неабходна вярнуцца ў залатое стагодзьдзе ісламу. Сярод іх ёсьць і тыя, хто сьцьвярджае, што трэба ўзяць зброю ў рукі і сілай дамагацца таго парадку, які некалі існаваў».

Прадстаўнікі Беларусі рэдка былі заўважаныя ў наўпроставай сувязі ў радыкальным ісламам. Найбольш вядомы зь іх мянчук Сяргей Малышаў (Андрэй Місюра ці Амін аль-Ансары), якога ў 2005 годзе затрымала гішпанская паліцыя паводле падазрэньня ў дачыненьні да Аль-Каеды і вярбоўцы тэрарыстаў-самагубцаў у Гішпаніі. Малышаў нібыта быў экспэртам па хімічнай зброі і ваяваў у Чачні. Каб даведацца пра ягоны лёс, прэс-служба КДБ параіла зьвярнуцца ў гішпанскую паліцыю.

«Радыкалізаваць мусульманскую грамаду ў Беларусі немагчыма»

«Я ня ведаю, каб яны нешта рабілі ў Беларусі. Калі салафіты тут сапраўды ёсьць, то пра гэтую партыю я ня ведаю», — так Алі Варановіч адказвае на пытаньне, ці вядома яму нешта пра дзейнасьць Хізб ут-Тахрыр у Беларусі.

Ня чуў пра «беларускі» Хізб ут-Тахрыр і Сяргей Богдан, і яшчэ каля дзясятка апытаных намі мусульманаў, актыўных у супольнасьці. Але гэта ня азначае, што яны не маглі тут зьявіцца.

Паводле Ксеніі Сьвятловай, прыхільнікі Хізб ут-Тахрыру маглі трапіць у Беларусь: «Ёсьць такі панятак, як „даўа“ — гэта заклік, заклік да веры. Як да мусульманаў, якія не практыкуюць іслам, так і да немусульманаў. Пад эгідай распаўсюду інфармацыі пра іслам у розныя краіны трапляе шмат людзей. Яны могуць маскаваць сваю дзейнасьць іншымі прычынамі, напрыклад, бізнэсам».

Калі браць пад увагу глябальныя мэты Хізб ут-Тахрыра, то Беларусь як такая ня можа выклікаць вялікую ўвагу такой арганізацыі. Мусульманская супольнасьць тут значнага ўплыву ня мае, і ў агляднай будучыні мець ня будзе — мяркуе экспэрт. — Але гэта ня значыць, што ня будуць весьціся спробы завэрбаваць тут асобных людзей.

У Беларусі няма ўмоваў для дзейнасьці такіх арганізацый, як Хізб ут-Тахрыр. Прыйсьці яна, канечне, можа, але разьвіцца — не.

«Дзе ў Беларусі ўзяць рэлігійных экстрэмістаў? Цалкам выключаць магчымасьць таго, што хто Хізб ут-Тахрыр нешта мае ў Беларусі, немагчыма, бо калі паглядзець на масштабы дзейнасьці яе ў Сярэдняй Азіі, то яны сур’ёзныя. Іншая справа, што ў Беларусі няма ўмоваў для дзейнасьці такіх арганізацый, як Хізб ут-Тахрыр. Прыйсьці яна, канечне, можа, але разьвіцца — не», — упэўнены Сяргей Богдан.

Фазыл Амзаеў, у сваю чаргу, лічыць, што перасьлед Хізб ут-Тахрыр адбываецца у краінах, якія маюць праблемы са свабодамі, нароўні з іншымі апазыцыйнымі грамадзкімі і палітычнымі арганізацыямі.
«Праблема ў постсавецкім сындроме, якім, на жаль, хварэюць гэтыя краіны, і Рэспубліка Беларусь у тым ліку», — кажа Амзаеў.

Яшчэ адна крыніца Радыё Свабода, абазнаная ў справе гэтага інцыдэнту, робіць падобную ж выснову: «Група мусульман не падпарадкавалася афіцыйнаму рэлігійнаму органу, які кантралюецца дзяржавай. За гэта яны і паплаціліся, — кажа крыніца. — Гэта ўжо звычайны выпадак. Пазаўчора былі затрыманьні на канцэртах. А за два дні да таго арышты ў Гародні антыфашыстаў (афіцыйнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі пакуль няма — РС)».

Аналітык Сяргей Богдан пакуль не мяркуе, што гэты выпадак можа стаць падставай для рэпрэсій у бок мусульманскай супольнасьці. Паводле ягоных назіраньняў, у спэцслужбаў могуць быць прычыны зьвяртаць увагу на дзеяньні асобных людзей.

«Магчыма радыкалізаваць пару чалавек, — кажа ён. — Але радыкалізаваць усю мусульманскую грамаду ў Беларусі немагчыма».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG