Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рассельгаснагляд адмаўляецца пашырыць імпарт беларускага мяса


Беларуская сьвініна

Беларуская сьвініна

Рассельгаснагляд пакуль не мае падстаў для зьняцьця забароны з беларускіх мясакамбінатаў, у прадукцыі якіх выяўлены геном вірусу афрыканскай чумы сьвіней (АЧС) — пра гэта заявіў Інтэрфаксу кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данквэрт пасьля сустрэчы ў панядзелак у Маскве зь міністрам сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Леанідам Зайцам.

Паводле Данквэрта, кіраванае ім ведамства плянуе ў бліжэйшыя дні вывучыць матэрыялы аб выпраўленьні парушэньняў, якія падаў беларускі бок, і да 24 студзеня падаць сьпіс пытаньняў па іх.

Кіраўнік Рассельгаснагляду скрыткаваў парадак правядзеньня вэтэрынарнага кантролю ў Беларусі. Паводле яго, у адрозьненьне ад Расеі, у Беларусі па шэрагу прадпрыемстваў вэтэрынарны кантроль робіцца ў лябараторыях міністэрства аховы здароўя і Белдзяржстандарту. «Вэтэрынары ніякага ўплыву на гэтыя лябараторыі не маюць, ніколі іх не правяралі» — падкрэсьліў Данквэрт і дадаў, што у цяперашнім стане Рассельгаснагляд не можа давяраць усім беларускім аналізам безь пераправеркі.

Сяргей Данквэрт заявіў, што ў апошні час было выяўлена шмат спробаў ўвозу празь Беларусь у Расею забароненых у Расеі эўрапейскіх гародніны і садавіны па падробленых фітасанітарных сэртыфікатах.

Паводле расейскага чыноўніка перамовы з кіраўніком Мінсельгасхарчу Беларусі былі арыентаваны на пошук сумесных пазыцый. «Але, на жаль, пакуль яны знойдзеныя не былі» — сказаў Сяргей Данквэрт.

У сярэдзіне мінулага сьнежня Аляксандар Лукашэнка на прэсавай канфэрэнцыі па выніках самітаў мытнага саюзу і АДКБ у Маскве заявіў, што Рассельгаснагляд увёў абмежаваньні на імпарт беларускай прадукцыі і, насуперак усім міжнародным нормам, забараніў транзыт тавараў зь беларускай тэрыторыі: «Гэта ўсё зроблена ў аднабаковым парадку безь якіх-небудзь кансультацый, абмінаючы Эўразійскую эканамічную камісію! Больш за тое, як стала вядома ў выніку сёньняшніх перамоваў з Уладзімерам Уладзімеравічам [Пуціным], і безь ягонай згоды».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG