Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму я павінна пакінуць украінскую зямлю на разарваньне акупантам?»


Данецк, студзень 2015

Данецк, студзень 2015

Украінская рэдакцыя Радыё Свабода працягвае публікаваць рубрыку «Лісты з акупаванага Данбасу», аўтарамі якой сталі жыхары захопленых сэпаратыстамі раёнаў на ўсходзе Ўкраіны. Жыхарка Данецку, якая падпісалася як «Украінка», вылічае прычыны, чаму яна застаецца ў варожым для сябе горадзе і асяродзьдзі.

«Я нарадзілася на Днепрапятроўшчыне, правяла там дзяцінства і да гэтага часу бязьмежна люблю гэты блаславёны край, але і ў гэтым раі сустракала махляроў, гультаёў, п’яніцаў... Першыя гады пасьля пераезду я ненавідзела Данецк, ён здаваўся мне змрочнай, халоднай, шэрай бэтоннай пачварай. Я палюбіла гэты горад, толькі калі сустрэла тут мноства выдатных людзей, калі абышла пешшу яго імклівыя вуліцы і ўтульныя завулкі, дасьледавала яго нядоўгую, але бурную гісторыю.

Вы скажаце, што так пашанцавала толькі мне. Упэўнена, што не. Проста Данецк, як і любы вялікі горды горад, не адчыняецца адразу. А ганарыцца яму ёсьць чым: вырасьці за 145 гадоў зь некалькіх казацкіх зімовак і памешчыцкіх маёнткаў у мільённы горад, які годна прымаў эўрапейскі спартовы турнір — дастатковая для гэтага падстава! А колькі вядомых людзей Данбасу сталі ўпрыгожаньнем ўкраінскай і расейскай культураў! Гэтая зямля нарадзіла яшчэ вельмі шмат не вядомых вам, але ня менш выдатных людзей. За іх і за гэта край варта змагацца!

У гэтыя Каляды я страціла сваіх родных з Днепрапятроўшчыны. Яны адмовіліся ад мяне, абвясьціўшы здрадніцай, я ня зьехала з акупаванай тэрыторыі, працягваю працаваць у школе (прычым бясплатна, чаго яны наогул ня могуць зразумець). А з размоваў у чэргах я ведаю, што ў падобнай сытуацыі апынуліся і іншыя мае землякі. Першай рэакцыяй былі боль і крыўда, але пасьля я падумала: можа, сапраўды, ня ведаючы дакладна, што тут адбываецца, не разумеюць, чаму мы да гэтага часу застаёмся дома? Магчыма, варта ўсё растлумачыць, каб іншым не давялося, як мне, у сьвяточныя дні аплакваць страчаных родных?

Вось жа, чаму ўкраінцы застаюцца ў Данецку, нягледзячы на ўсе «вабноты» акупацыі: немагчымасьць свабодна выказваць свае думкі, а асабліва пачуцьці да радзімы Ўкраіны, фізычныя катаваньні ў паліцэйскіх падвалах (а часам і сьмерць!) з-за іншадумства, адкрытыя рабункі аўто, паборы, беспрацоўе, бясплатная праца на прадпрыемствах, якія ледзь мадзеюць, адсутнасьць нармальнай мэдычнай дапамогі і адукацыі, пастаянныя артабстрэл, частая адсутнасьць вады, электраэнэргіі, гнятлівую псыхалягічную атмасфэру ў горадзе?

Па-першае, тут застаюцца нашы нямоглыя старыя, якім цяпер, як ніколі, патрэбная дапамога. У горадзе да гэтага часу шмат інвалідаў, вывезьці якіх складана, дый потым бадзяцца па інтэрнатах або здымных кватэрах немагчыма. Па-другое, многія засталіся ахоўваць жытло, бо ў пакінутых памяшканьнях ДНР-аўцы разьмяшчаюць сваіх. Па-трэцяе, у людзей не хапае матэрыяльных рэсурсаў на пераезд. Цяпер гэты матыў варта паставіць на першае месца.

Ёсьць і іншыя прычыны. Я, напрыклад, проста не разумею, чаму павінна пакінуць сваю — УКРАІНСКУЮ! — зямлю на разарваньне акупантам? Няўжо вы сапраўды не разумееце, што зьехаць — гэта значыць, даць магчымасьць акупантам пасяліцца ў нашых дамах, выкарыстоўваць нашы прамысловыя магутнасьці для рамонту іх зброі, карыстацца нашымі матэрыяльнымі і культурнымі дасягненьнямі?! Такім, на вашу думку, павінен быць патрыятызм?

Я застаюся працаваць у школе, таму што ня ведаю, хто, акрамя мяне, будзе нагадваць дзецям аб іх радзіме — Украіне, навучыць іх роднай, проста некалі ганебна забытай іх бацькамі або бабулямі і дзядулямі, украінскай мове. Таму што не хачу страціць гэтае пакаленьне, як мы страцілі ўжо пакаленьне 80-90-х гадоў. А менавіта дзеці тых бурных часоў узялі сёньня зброю ў рукі! То лепш пакінуць гэтых дзяцей, неяк вырастуць самі? Такім, на вашу думку, павінен быць патрыятызм?

Украінка, настаўніца, горад Данецк».

XS
SM
MD
LG