Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля артыкулаў Свабоды пра заходнюю дапамогу Мінпрыроды апублікавала на сайце свой «партфэль праектаў»


Пасьля шэрагу дасьледаваньняў Свабоды пра заходнюю дапамогу, частка якога была прысьвечаная дзейнасьці Міністэрства прыроды і навакольнага асяродзьдзя Беларусі, гэтае ведамства выклала на сваім сайце сьпіс праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Як гаворыцца ў заяве ў адказ на шэраг публікацый Радыё Свабода пра міжнародную тэхнічную дапамогу, «Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь надае вялікае значэньне пашырэньню і актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва, разглядаючы ўзаемадзеяньне з міжнароднымі арганізацыямі і іншымі дзяржавамі ў рамках міжнародных дзьвюх- і шматбаковых пагадненьняў у галіне аховы навакольнага асяродзьдзя, як адзін з інструмэнтаў для вырашэньня першачарговых задачаў у галіне аховы навакольнага асяродзьдзя».

Далей ведамства дае поўны пералік донараў і праграмаў міжнароднага супрацоўніцтва, у якіх бярэ ўдзел Мінпрыроды, а таксама іх каштарыс і падрабязна тлумачыць, як праходзіць конкурс праектаў экалягічных ініцыятываў.

Пры канцы публікацыі ўтрымліваюцца крытычныя заўвагі на адрас асобных эколягаў:

«Варта асобна адзначыць, што расходаваньне фінансавых сродкаў на ўсіх стадыях рэалізацыі праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі жорстка кантралюецца з боку донараў. У мэтах інфармаваньня грамадзкасьці аб дзейнасьці па міжнароднаму тэхнічнаму супрацоўніцтву Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь у 2013-2014 гг. былі праведзены прэс-туры па Рэспубліцы Беларусь, у ходзе якіх падрабязна асьвятлялася дзейнасьць Мінпрыроды ў рамках рэалізаваных праектаў.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Рэспублікі Беларусь выказвае надзею на тое, што публікацыі неправеранай, ангажаванай і ілжывай інфармацыі асобных эколягаў асобных грамадзкіх арганізацый не адаб’юцца на дасягнутым высокім узроўні супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Праграмай разьвіцьця ААН, Сусьветным банкам, Эўрапейскай камісіяй, Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй ААН, Глябальным экалягічным фондам, Праграмай ААН па навакольным асяродзьдзі, Праграмай ААН па прамысловым разьвіцьці і іншымі донарамі ў справе захаваньня жывой Прыроды для нашых будучых пакаленьняў».

Каардынатар таварыства экалягічных арганізацыяў «Зялёная сетка» Яраслаў Бекіш, які ў інтэрвію Свабодзе выказаў шэраг крытычных заўвагаў пра засваеньне міжнароднай дапамогі гэтым ведамствам, гэтак зрэагаваў на публікацыю ў сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Паводле назіральнікаў Міністэрства прыроды і навакольнага асяродзьдзя Беларусі зьяўляецца найбольш адкрытым у справе інфармаваньня грамадзкасьці пра праграмы міжнароднага супрацоўніцтва.

XS
SM
MD
LG