Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2015 год афіцыйна аб’яўлены ў Беларусі годам моладзі. Людзі кажуць, што па ідэі кожны год мусіць быць годам моладзі, як і кожны, а ня толькі 2014-ы, мусіць быць годам гасьціннасьці. ​

З гледзішча бюджэтных падарункаў мінулы год трэба было назваць годам гатэльнага бізнэсу, як і сёлетні – годам БРСМ. Аднак што да тога шараговаму беларусу, калі ў намінацыях гадоў для яго не праглядаецца ані сэнсу, ані пэрспэктывы.​

Новы, 2015 год варта было б назваць у Беларусі годам Украіны, бо працяг расейскай агрэсіі там наўпрост уплывае на наша жыцьцё. Ужо цяпер прыкметная хваля ўцекачоў з Украіны. Менш прыкметная, але больш маштабная, хваля гастарбайтараў. З маіх назіраньняў, украінцы ў масе сваёй – людзі больш адкрытыя, працуюць якасна і не хапугі ў параўнаньні з разбэшчаным беларускім «рабацягам». Ня кажучы ўжо пра этнічную, мэнтальную, моўную блізкасьць украінцаў з намі.​

Другая назва ў намінацыі – Год чыноўніка. Сваволя бюракратыі ў Беларусі абяцае дасягнуць апагею акурат у 2015-м. Калектыўны Ананіч шчыруе ва ўсіх без выключэньня сфэрах жыцьця. Забараніць, не пушчаць, адабраць і абабраць – гэтыя словы ў абыходку чынавенства гатовыя канчаткова выцесьніць антонімы – дазволіць, паспрыяць, зразумець і падтрымаць. Яшчэ трохі, і беларуская бюракратыя, што заганяе ўсякую жывую ініцыятыву ў кут, апынецца на парахавой бочцы, як гэта заўсёды і здаралася ў гісторыі.​

Яшчэ 2015 год можна назваць годам Пятага наступу на тыя самыя граблі. Беларусы будуць выбіраць прэзыдэнта – «выбіраць» з тым самым посьпехам, што і мінулыя чатыры разы. Выбары – заўсёды інтрыга, але з нашых намэнклятурных разнарадак ніякай інтрыгі ня выцісьнеш, таму ў прэсу паўжартам укідаюцца «дэзы», маўляў, дзейны кіраўнік выстаўляцца ня будзе. Ну каб хоць так падцепліць цікавасьць да падзеі, у выніку якой ніхто асабліва не сумняваецца.​

Але на фоне ўкраінскіх падзеяў чарговы наступ на граблі можа мець і адрозны ад папярэдніх вынік. Атрымаўшы новую шышку ў лоб, беларус можа нарэшце параўнаць сябе з паўднёвым суседам і першы раз у жыцьці задумацца, хто ён, дзе жыве, якой масьці. А то надоечы распытваў я дзетак зь Цюцюкевічаў пра тое, дзе яны жывуць, як называецца горад. Кажуць: наш горад, наш родны горад, наш любімы горад, а як называецца – ня ведаюць. І згадалася мне, як многія дакараюць амэрыканцаў, што тыя жывуць сваімі праблемамі, ня надта ведаючы, што там робіцца ў сьвеце. У нас жа дакладна наадварот – раскажуць і пра Данбас, і пра Парыж і, само сабой, пра амэрыканцаў, так і ня ўспомніўшы, дзе жывуць і хто такія самі.​

Мая надзея – што ўспомняць. Бо гэта ж натуральна, калі твой адрас – і горад і вуліца, а не абстрактны Савецкі Саюз. ​

У новай кніжцы Алеся Аркуша «Мясцовы час» я прачытаў просьценькі ўспамін пра 1991 год, калі Беларусь абвясьціла сябе незалежнай: «Усё! Цяпер мы жывем у незалежнай краіне Беларусь! Зьдзейсьнілася запаветная мара! Цяпер усё, што мы рабілі, набывае сэнс і пэрспэктыву».​

Сёньня часта здаецца, што ўсё, што мы рабілі – усякая жывая чалавечая ініцыятыва – даўно страціла і сэнс і пэрспэктыву, мы ўсе даўно рухаемся наперад экстэнсіўна, выдабываючы рэшткі энтузіязму з глыбіні душы. Наш паравоз калі й рушыць па рэйках, дык уручную. Таму апошняй у намінацыі назвы году назаву назву-пажаданьне: каб 2015-ы стаў годам сэнсу і пэрспэктывы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG