Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міколу Статкевіча перавялі ў шклоўскую калёнію


Мікола Статкевіч у судзе. 26 траўня 2011 года.

Мікола Статкевіч у судзе. 26 траўня 2011 года.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Мікалай Статкевіч пераведзены з магілёўскай турмы № 4 у шклоўскую калёнію № 17, паведаміла Свабодзе жонка палітвязьня Марына Адамовіч.

Паводле Марыны Адамовіч, у магілёўскай турме ёй паведамілі, што Мікола Статкевіч быў этапаваны 12 студзеня.

«Учора намякалі, што паедзе ў Шклоў, а сёньня дакладна сказалі, што яго менавіта туды накіравалі. Але зьвестак, што ён ужо ў шклоўскай калёніі, пакуль няма. Магчыма, што пакуль і не давезьлі, бо 3 гады таму, як перавозілі са Шклова ў Магілёў, дык везьлі 8 гадзінаў, усю ноч», — паведаміла Марына Адамовіч карэспандэнту Свабоды.

«Этапавалі ў Шклоў, на старое месца, адкуль тры гады таму яго перавялі ў турму», — цытуе БелаПАН Марыну Адамовіч.

Жонка Міколы Статкевіча адзначыла, што гэтая калёнія «выключная ў пляне ціску на палітвязьняў»:

«Менавіта туды прыехаў Лукашэнка са сваёй цудоўнай прапановай — маўляў, я вам дам самалёцік-паравозік, а вы едзьце з краіны. Думаю, гэта было адрасавана пэрсанальна Міколу. Гэта было сказана літаральна каля калёніі, калі ён прыяжджаў на мясцовы завод газэтнай паперы».

Адамовіч спадзяецца, што «сытуацыя ў краіне зьмянілася» і на палітвязьня ня будзе чыніцца такі ціск, як раней, хаця ўжо сам «працэс этапаваньня, пераезду на новае месца цяжкі, і гэта выпрабаваньне для палітвязьня».

У траўні 2011 году суд Ленінскага раёну Менску прыгаварыў Статкевіча да шасьці гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Першапачаткова апазыцыйны палітык утрымліваўся ў шклоўскай калёніі № 17, аднак у студзені 2012 году яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы адбыцьця пакараньня, перавёўшы на тры гады ў магілёўскую турму № 4. Гэты тэрмін скончыўся 12 студзеня.

58-гадовы Мікалай Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, які да гэтага часу знаходзіцца ў зьняволеньні. Яму ня раз прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён катэгарычна адмаўляецца.

XS
SM
MD
LG