Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэты крок быў зроблены пад уплывам ЗША, якія спрабуюць нармалізаваць адносіны з рэжымам братоў Кастраў.

Куба вызваліла з турмаў пяцьдзясят тры палітычных зьняволеных, чые імёны былі ўзгодненыя з адміністрацыяй Абамы ў ходзе перамоваў аб нармалізацыі двухбаковых адносін. Пра гэта паведамілі ў панядзелак агенцтву Reuters неназваныя прадстаўнікі амэрыканскай адміністрацыі.

Гэтае рашэньне кубінскіх уладаў ліквідавала важны бар’ер на шляху правядзеньня наступнага раўнду амэрыкана-кубінскага дыялёгу, які адбудзецца ў кубінскай сталіцы 21–22 студзеня.

Разам з тым, як зазначылі высокапастаўленыя прадстаўнікі адміністрацыі, ЗША ня спыняць намаганьняў, накіраваных на вызваленьне і іншых кубінскіх палітвязьняў.

Белы дом перадаў у панядзелак дэпутатам Кангрэсу сьпіс кубінскіх дысыдэнтаў, чыё вызваленьне з кубінскіх турмаў было ўмовай нармалізацыі дыпляматычных адносін паміж дзьвюма краінамі.

Адміністрацыя Барака Абамы падвяргалася ў апошнія тыдні жорсткай крытыцы з боку заканадаўцаў за няздольнасьць дамагчыся ад Гаваны выкананьня абяцаньня аб вызваленьні «вязьняў сумленьня». Як паведаміў адзін з лідэраў апазыцыі, семнаццаць з пяцідзесяці трох людзей у сьпісе выйшлі на волю яшчэ да таго, як 17-га сьнежня Барак Абама і Рауль Кастра абвясьцілі аб дасягнутай дамоўленасьці, што ўвянчала паўтарагадовы таемныя перамовы, якія праводзіліся пры пасярэдніцтве Ватыкану.

У бліжэйшыя дні адміністрацыя Абамы распачне некаторыя крокі, якія не патрабуюць дазволу Кангрэса, па аблягчэньні двухбаковых дзелавых і турыстычных кантактаў з Кубай.

XS
SM
MD
LG