Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэрлінская сустрэча ў «нармандзкім фармаце»: даць шанец міру


Сяргей Лаўроў, Франк-Вальтэр Штайнмаер, Павал Клімкін, Ляран Фабіюс
Сяргей Лаўроў, Франк-Вальтэр Штайнмаер, Павал Клімкін, Ляран Фабіюс

Міністры замежных спраў Украіны, Расеі, Нямеччыны і Францыі праводзяць сустрэчу ў Бэрліне, дзе абмяркоўваюць сытуацыю ва Ўкраіне. Гэтая сустрэча адбываецца за некалькі дзён да магчымых перамоваў лідэраў чатырох краін у сталіцы Казахстану Астане.

Павал Клімкін, Франк-Вальтэр Штайнмаер, Ляран Фабіюс і Сяргей Лаўроў спрабуюць дыпляматычна «расчысьціць» шлях, зьняць усе няўзгодненасьці перад магчымай сустрэчай па ўрэгуляваньні на Данбасе на вышэйшым узроўні 15 студзеня ў Астане — хоць пакуль невядома, ці адбудзецца яна.

Апошнім часам дыпляматычная актыўнасьць была напружанай — нават у Парыжы ў нядзелю адбылася кароткая сустрэча Ангелы Мэркель, Франсуа Алянда і Пятра Парашэнкі.

Інфармацыі з Бэрліну аб выніках перамоваў яшчэ няма, але кіраўнік нямецкай дыпляматыі Франк-Вальтэр Штайнмаер перад пачаткам сустрэчы сказаў, што «сытуацыя ва Ўкраіне зьяўляецца вельмі цяжкай. Людзі гінуць, таму што няма спыненьня агню ва Ўсходняй Украіне. Гуманітарная сытуацыя ўсё яшчэ вельмі небясьпечная і ня знойдзена ўстойлівага шляху выхаду з крызісу».

У той жа час ён дадаў, што выхад з крызісу можа быць толькі палітычным.

Кіраўнік расійскай дыпляматыі Сяргей Лаўроў падкрэсьліў важнасьць увасабленьня ў жыцьцё ўсяго таго, пра што было дамоўлена ў Менску: «На гэтым адрэзку часу мы разглядаем „нармандзкі фармат“ як такі, што дазволіў вырашыць галоўную задачу — ён спрыяў пачатку прамога дыялёгу і падпісаньню Менскіх дамоўленасьцяў. Мы чакаем, што сустрэча ў Бэрліне дапаможа паспрыяць поўнаму выкананьню ўсяго, пра што было дамоўлена ў Менску усімі бакамі».

Галоўныя моманты Менскіх дамоўленасьцяў — гэта поўнае спыненьне агню і абстрэлаў, абмен усімі закладнікамі і палоннымі, кантроль над мяжой Украіны і Расеі, адвод цяжкай тэхнікі абодвума бакамі на 15 кілямэтраў і стварэньне такім чынам фактычна дэмілітарызаванай 30-кілямэтровай зоны, а таксама ўзмацненьне назіральнай ролі АБСЭ за выкананьнем мінскіх пагадненьняў.

Ці будзе сустрэча ў Астане — пакуль невядома

10 студзеня канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель паведаміла прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну, што для правядзеньня сустрэчы ў Астане патрэбен прагрэс у рэалізацыі дамоўленасьцей, дасягнутых у Менску ў верасьні.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд заявіў, што ён паедзе ў Астану толькі пры ўмове, што ёсьць шанец на прасоўваньне наперад у вырашэньні крызісу. У той жа час францускі лідэр дадаў, што прарыў у рэалізацыі Менскіх дамоўленасьцяў можа адбыцца.

Над гэтым цяпер і працуюць дыпляматы ў Бэрліне.

Кіраўнік нямецкай дыпляматыі Штайнмаер зазначыў, што ня ведае, ці будзе прагрэс на бэрлінскіх перамовах, але дадаў: «Я толькі ведаю, што было б няправільна не ажыцьцявіць новую спробу».

Паводле апошніх дадзеных ААН, ужо больш за 4800 чалавек загінулі ад красавіка 2014 у выніку баёў паміж урадавымі сіламі і прарасейскімі сэпаратыстамі на ўсходзе Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG