Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі тэлеканал Lifenews зьвярнуўся да беларускага экспэрта, паліттэхноляга Аляксандра Фядуты з просьбай пракамэнтаваць сэнсацыйную навіну: Аляксандар Лукашэнка не ідзе на чарговыя прэзыдэнцкія выбары, кандыдатам ад улады будзе міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей, выбары пераносяцца на вясну.

Lifenews і іншыя

«Качка» — першая рэакцыя любога чалавека, хоць крыху абазнанага ў беларускіх палітычных рэаліях. Да таго ж сам тэлеканал у асобе галоўнага рэдактара Анатоля Сулейманава адхрысьціўся ад журналісткі Паліны Кліменкі, якая спрабавала атрымаць камэнтары наконт гарачай «навіны». «Хтосьці спрабуе выкарыстоўваць „Лайф“ у мэтах масавага ўкіду», — напісаў ён у сваім Твітэры. А вось гэта ўжо цікавей.

А яшчэ цікавей робіцца, калі супаставіць «качку» з шэрагам іншых фактаў. Напрыканцы 2014 году на сваёй прэсавай канфэрэнцыі пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў выказаў сумнеў у тым, што дзейны кіраўнік Беларусі будзе балятавацца на выбарах 2015 году: «Я як грамадзянін РФ падтрымаў бы Аляксандра Лукашэнку. Калі ён гэтым разам зноў пойдзе на выбары... Я яшчэ ня чуў, каб Лукашэнка заявіў, што ён абавязкова пойдзе на наступныя выбары».

Ну, тэза фармальна праўдзівая — Лукашэнка сапраўды пакуль наўпрост не заяўляў пра намер балятавацца. Але раней расейскія паслы неяк не фіксаваліся на гэтым досыць фармальным у беларускіх умовах чыньніку.

Варта таксама зьвярнуць увагу на шэраг публікацый у расейскіх мэдыях шавіністычнай скіраванасьці, кшталту інтэрнэт-часопісу «Спутник и погром» і інфармацыйнага агенцтва Regnum, паводле якіх Лукашэнка здрадзіў Расеі ва ўкраінскім крызісе, падтрымлівае «кіеўскіх карнікаў», насаджае беларускі нацыяналізм і думае пра тое, як разам з Беларусьсю «зьбегчы на Захад». Гэта зусім не мэйнстрым расейскай журналістыкі, але па цяперашніх часах ужо ня тое, і каб поўны маргінэс.

Расейскі палітоляг Глеб Паўлоўскі, былы паліттэхноляг Крамля, які дагэтуль някепска абазнаны ў павевах у калідорах расейскай ўлады, інтэрпрэтаваў гэтыя пакуль рахманыя мэдыйныя сыгналы наступным чынам — Крэмль будзе «ператвараць Лукашэнку ў фашыста».

Хто хоча «адстроіць» Лукашэнку?

Урэшце, зь якім неназваным апанэнтам кіраўнік Беларусі вёў спрэчку падчас нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі пасьля інтэграцыйных самітаў у Маскве: «Супакойцеся, спадары, Лукашэнка ня той чалавек, якога можна „адстроіць“. Ён ужо прэзыдэнцкага хлеба наеўся. Нават у самых горшых сытуацыях я пакутаваць ня буду. Але „адстройваць“ мяне можа толькі беларускі народ. Нават калі ўвесь сьвет выступіць сёньня супраць Лукашэнкі, ён усё роўна стане прэзыдэнтам, калі ён гэтага захоча»?

Гэта якія такія спадары павінны супакоіцца і што іх узбудзіла? Расейскія журналісты? Хіба яны спрабуюць «адстроіць» кіраўніка Беларусі? А можа нехта іншы?

Дый кіраўнік Lifenews у сваім камэнтары ня выключыў, што таямнічая Паліна Кліменка задавала пытаньні Фядуту не адно з прафэсійнай цікаўнасьці і любові да «смажанага».

У сьвятле выкладзеных фактаў вэрсія пра «ракіроўку» Лукашэнка-Макей не выглядае адно плодам хваравітай фантазіі маскоўскай «акулы пяра». Аднак наўрад ці мае рацыю і супрацьлеглая вэрсія — што ў Крамлі прынялі рашэньне «зьняць з пасады Лукашэнку» і цяпер мы бачым проста рэалізацыю гэтага канчатковага рашэньня.

Хутчэй за ўсё ёсьць праект, прапанова, якая лунае, абмяркоўваецца ў аналітычных і нават палітычных колах (пра апошняе сьведчыць двухсэнсоўная заява расейскага пасла).

Калі б было прынятае канчатковае рашэньне, інфармацыйны «агонь» па Лукашэнку вялі б з галоўных прапагандысцкіх крамлёўскіх калібраў, і пасол, і іншыя расейскія чыноўнікі выказваліся б менш двухсэнсоўна. А так — «Ёсьць меркаваньне», як казалі ў апараце ў савецкія часы. А цікава было б паспрабаваць, як мінімум паказытаць Лукашэнку нэрвы, каб ня думаў, што ўсё ў яго на расейскім накірунку «схоплена».

Беларуская дылема Крамля

Пазыцыя Масквы і раней, і цяпер была і будзе дваістай, такой, якая знаходзіцца пад уплывам фактараў рознай скіраванасьці. З аднаго боку, мець у Менску партнэра больш згаворлівага і менш патрабавальнага хацелася і хочацца. Цяпер, пасьля ўкраінскіх падзеяў, можа хочацца асабліва, хочацца мець на захад ад Смаленску другую Наваросію, а не аскепак СССР, у якім даволі пакручастым шляхам ідзе працэс нацыятварэньня.

Але з другога боку, ад дабра дабра не шукаюць. Некаторыя беларускія публіцысты ўпэўненыя, што канчатковае ператварэньне Беларусі ў «проста Расею» — адно пытаньне жаданьня Пуціна. Але наўрад ці гэта так і ёсьць і нават наўрад ці гэта так нават ва ўяўленьні Пуціна.

У 2010 годзе куды больш жорсткі інфармацыйны ціск («Хросныя бацькі») ў спалучэньні з эканамічным (газавая вайна) не прывялі да зьмены ўлады ў Менску. Можна, зразумела, сказаць, што і не было такой мэты. Аднак сродкі тады былі скарыстаныя даволі моцныя. Не спрацавала.

Ну дык і цяпер ёсьць рызыка, што не спрацуе. І замест краіны яшчэ больш прывязанай да Масквы яна можа дзякуючы сваёй мудрай палітыцы атрымаць краіну, якая паступова дрэйфуе ў зону іншага геапалітычнага уплыву.

З Лукашэнкам больш-менш зразумела, чаго чакаць, зь нейкім іншым ня будзе той «залежнасьці ад каляіны».

Пробныя шары

Таму, хутчэй за ўсё, у каляпалітычных і палітычных колах Масквы варыцца нешта нейкае, нейкія групы адстойваюць меркаваньне, што някепска было б Лукашэнку «адстроіць», паставіць на месца, а ў лепшым выпадку — замяніць на больш прымальную постаць. Вось наконт магчымасьці абодвух варыянтаў і запускаюцца пробныя шары: словы пасла, публікацыі ў пэўных выданьнях, пытаньні Lifenews. Нічога асаблівага — разьведка боем. Не атрымаецца, а хіба быў той бой, хіба нехта складаў усе яйкі ў адзін кошык?

Ня выключана, што ў цяперашнім стылі гібрыдных войнаў быў проста дадзены дазвол на самадзейнасьць інфармацыйных стралковых-гіркіных, паспрабуйце, хлопцы і дзяўчаты, а мы паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Мы ж у любым выпадку ні пры чым.

Напэўна, у тых самых крамлёўскіх кабінэтах ёсьць людзі, якія катэгарычна супраць такіх экспэрымэнтаў. Ці не катэгарычна, але супраць.

Магчыма, рэакцыяй менавіта на гэтыя крамлёўскія і калякрамлёўскія спрэчкі і стала поўная жарсьці прэсавая канфэрэнцыя Лукашэнкі ў Маскве.

«У пагонах і гарэлку п’е»

Магчыма, вынік гэтых унутрырасейскіх спрэчак стане больш зразумелым бліжэй да выбараў. У Беларусі ў пэўных колах ёсьць традыцыя бачыць «руку Масквы» за сьпінай любога кандыдата, крэда якога хоць крыху адхіляецца ад джэнтэльмэнскага нацыянал-дэмакратычнага набору.

Між тым Масква гуляе толькі ў надзейныя гульні. Памятаю, ў 2010 годзе пасьля кіргіскай рэвалюцыі ўразіў перахоп гутаркі сына зрынутага прэзыдэнта Бакіева Максіма зь яго дзядзькам, змрочным былым шэфам спэцслужбы Джанібекам. «Дзядзя, — казаў Максім Бакіеў, — а можа табе ў прэзыдэнты рушыць, ты такі, як рускія любяць — у пагонах і гарэлку п’еш». Вось калі нейкі адстаўны беларускі спэцслужбіст ці буйны чыноўнік раптам напярэдадні выбараў уступіць у гульню, скажа, маўляў, душа баліць за Расею, вось тое і будзе маскоўскай атакай усур’ёз — на зьнішчэньне.

Адсутнасьць кандыдата ці нейкія прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый, якія будуць прэтэндаваць на тое, каб быць «кандыдатамі Масквы» — гэта ўсё дзіцячыя гульні, тое самае казытаньне нэрваў Лукашэнку, якога ніхто не зьбіраецца скідаць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG