Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На экранах менскіх трамваяў тлумачаць значэньне беларускага арнамэнту


У грамадзкім транспарце Менску штодня трансьлююцца адукацыйныя відэаролікі пра беларускі арнамэнт і беларускую гісторыю.

У Менску у аўтобусах і трамваях трансьлююць відэаролік «Азбука нашага арнамэнту», зроблены з выкарыстаньнем распрацовак сайту www.ornaments.shuma.by.

Мэдыяканал апроч рэклямных, утрымлівае даволі шмат пазнавальна-забаўляльных рубрык, такіх як «Парады дачнікам», «Карысна ведаць», «Краіны сьвету», «Усьміхайцеся», «Гісторыя Менска», «Гараскоп» і іншыя.

Як паведамілі Радыё Свабода ў «Менсктрансе», маніторы належаць прыватнай кампаніі «Інфамэдыя аўта», якая і вызначае кантэнт ролікаў.

Кіраўнік філіяла «Інфамэдыя аўта» Аляксей патлумачыў Свабодзе, што прапанова ўключыць рубрыку пра сымбалі арнамэнту сыходзіла ад відэаінжынэра іх прадпрыемства:

«Відэаінжынэр складае плэй-ліст. Вось ён прапанаваў уставіць ролік пра арнамэнт. Чаму б і не? Мы стараемся зрабіць эфір разнастайным, каб там ня толькі рэкляма была. У нас ёсьць ролікі і пра легенды Беларусі, і пра беларускія замкі. У асноўным — пра гісторыю Беларусі. Мы працуем ужо тры гады, і ўвесь час ёсьць рубрыкі пра гісторыю Менска і Беларусі».

Апрача таго Аляксей сказаў, што ня чуў нічога пра моду на вышыванкі і пра прысьвечаныя ёй мерапрыемствы.

«Я нічога пра вышыванкі ня чуў. Наш відэаінжынэр прапанаваў ролік пра арнамэнт, і ўсё пагадзіліся, палічылі, што варта ведаць, які арнамэнт на нашым беларускім сьцягу».

Рубрыка «Азбука нашага арнамэнту» выходзіць на расейскай мове. Аляксей гэта тлумачыць тым, што «большасьць жыхароў Менска размаўляе па-расейску», але не выключае магчымасьці пераходу нейкіх асобных рубрык на беларускую:

«Магчыма, нешта зробім на беларускай мове. Тым больш, што адзін пасажыр нам ужо напісаў, што яму вельмі спадабаўся ролік пра арнамэнты, але просіць зрабіць яго па-беларуску. Трэба падумаць пра гэта».

На сайце кампаніі адзначаецца, што ахоп аўдыторыі ролікаў — каля двух мільёнаў чалавек у тыдзень.

XS
SM
MD
LG