Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі змагаюцца з блюзьнерамі


У Расеі на трагедыю ў Парыжы адрэагавалі цкаваньнем ворагаў праваслаўнай царквы і «блюзьнераў».

Акцыя салідарнасьці і памяці ахвяраў нападаў прайшла ў нядзелю ў Маскве каля будынка амбасады Францыі. Аднак, днём раней у цэнтры Масквы актывіст, які стаяў у адзіночным пікеце з плякатам «Я — Шарлі», быў затрыманы расейскай паліцыяй.

Пра тое, якая лінія ўзятая расейскімі ўладамі ў дачыненьні да падзеяў у Францыі, можна меркаваць і па некалькіх іншых прыкметах — акрамя гэтых затрыманьняў, адсутнасьці ў Парыжы Ўладзімера Пуціна або грозных заяваў лідэра Чачні Рамзана Кадырава.

Так, 8-га студзеня ў Маскве каля амбасады Францыі сэрыю адзіночных пікетаў правялі актывісты праваслаўнага руху «Божая воля», якія ўсклалі віну за трагедыю ў Парыжы на французскі ўрад і абвінавацілі журналістаў Charlie Hebdo ў абразе пачуцьцяў вернікаў. Паліцыя правядзеньню акцыі не перашкаджала.

Лідэр руху Дзьмітрый Царыёнаў, вядомы як Дзьмітрый Энтео, напісаў у сацыяльнай сетцы «Вконтакте»:

«Журналісты выданьня Charlie Hebdo ня проста абражалі мусульман, правакуючы іх на гвалт, але і страшна клялі Ісуса Хрыста, Багародзіцу і Найсьвяцейшую Тройцу. Любы блюзьнер годны вышэйшай меры пакараньня, па рашэньні суда. Толькі апэратыўныя меры дзяржавы па спыненьні абразы пачуцьцяў вернікаў могуць захаваць міжканфэсійны і міжрэлігійны сьвет. Не ўхваляючы ісламізм, мы сьведчым, што сапраўднымі тэрарыстамі зьяўляюцца падобныя карыкатурысты».

Пазьней было апублікаванае інтэрвію Царыёнава «Расея павінна стаць праваслаўнай Чачэніяй»:

«Наш грамадзкі рух, вядомы сваёй барацьбой з актамі блюзьнерства у грамадзкай прасторы і актыўнай дзейнасьцю накіраванай на адраджэньне праваслаўных духоўна-маральных каштоўнасьцяў, сапраўды абвясьціў аб стварэньні Камітэту па абароне пачуцьцяў вернікаў. Прычынай стала новая хваля антыклерыкалізму, які рушыў усьлед за трагічнымі падзеямі ў Францыі, калі група журналістаў, якая сыстэматычна разьмяшчала гранічна блюзьнерскія карыкатуры на хрысьціянскія і мусульманскія сьвятыні, стала ахвярай групы радыкальных ісламістаў. Цалкам асуджаючы акт гвалту, у выніку якога акрамя работнікаў выданьня загінулі нявінныя людзі, мы сьведчым, што сапраўднай прычынай трагедыі стала брудная і жахлівая па сваіх маштабах правакацыя аўтараў гэтага выданьня».

Сьвятар Якаў Кротаў, вядучы праграмы Радыё Свабода «З хрысьціянскага пункту гледжаньня», адзначае, што праваслаўныя актывісты на чале з Дзьмітрыем Царыёнавым фінансуюцца Крамлём і падтрымліваюцца Крамлём:

«Рух для барацьбы з „блюзьнерамі“ наладжваў пагромы ў Дарвінаўскім музэі, у „Мэмарыяле“, у адным з маскоўскіх тэатраў, і ўсе гэтыя арганізацыі пабаяліся зьвярнуцца ў пракуратуру. Ўсім відавочна прыгразілі, што будзеце скардзіцца — будзе горш. Але справа ў іншым: у Расеі цяпер дзейнічае закон аб экстрэмізме, закон аб абразе рэлігійных пачуцьцяў. Па гэтым законе рэдакцыю „Шарль Эбдо“ пасадзілі б даўным-даўно, „двушачку“ далі б кожнаму („двушачка“ — выказваньне прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна аб прысудах ўдзельнікам Pussy Riot, — РС). І ў гэтым сэнсе цалкам можна казаць пра тое, што малы розум і фанатызм некаторых мусульман блізкія да малога розуму і фанатызму сучаснага Крамля і сучаснага расейскага грамадзтва. І нават больш. Розьніца тая, што калі тыя мусульмане, якія зьдзейсьнілі гэтае злачынства — гэта ўсё ж такі маргіналы, і гэта людзі, мабыць, апантаныя вернікі, відавочна суіцыдальнага толку, таму што відавочна, што яны не рыхтавалі ніякіх шляхоў адыходу і імправізавалі, таму і загінулі, то ў Расеі гэтае цкаваньне „блюзьнераў“ вядуць людзі малаверуючыя, людзі абсалютна матэрыялістычнага духу, якія катэгарычна не зьбіраюцца ахвяраваць сабой. Там гэта хоць бы мараль фанатыка, але гэта шчыры фанатызм, шчырая мараль, а тут гэта і амаральнасьць хлусьлівая, і рэлігійнасьць хлусьлівая».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG