Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мішэля Рэно аплакваюць у Францыі і Беларусі


Мішэль Рэно

Мішэль Рэно

Некалькі мільёнаў людзей прайшлі 11 студзеня ў Францыі маршам адзінства супраць тэрарызму. Французы і прадстаўнікі іншых краін сьвету такім чынам ушанавалі памяць ахвяраў тэрактаў, у тым ліку й расстраляных супрацоўнікаў сатырычнага часопісу «Charlie Hebdo».

Тым часам у Гомелі на знак салідарнасьці з парыжанамі ў галерэі Гаўрылы Вашчанкі адкрылася выстава здымкаў аднаго з ахвяраў тэракту, французскага журналіста, фатографа і падарожніка Мішэля Рэно — ён быў забіты пры нападзе ісламістаў на рэдакцыю часопісу «Charlie Hebdo».

У фондах гомельскай галерэі захаваліся 10 здымкаў Мішэля, падораных ім пасьля яго пэрсанальнай выставы «Падарожжа вакол сьвету ў 80 фотаздымках», якая ладзілася тут у 2009 годзе.

Захавальнік фондаў галерэі Алег Курашоў кажа, што гэта здымкі Мішэля Рэно з Эфіопіі, Марока, Інданэзіі:

«Ён не пазыцыянаваў сябе як фотамастак, а пазыцыянаваў сябе як чалавек, які займаецца рэпартажнымі фотаздымкамі. За многія гады, пабываўшы ў шмат якіх краінах, ён адтачыў сваё ўмельства».

Мішэль Рэно быў цесна зьвязаны з Гомельшчынай. Ён ажаніўся зь беларускай, ураджэнкай вёскі Данілевічы Лельчыцкага раёну, настаўніцай францускай мовы Галінай Раманавай. У іх расьце дачка Васіліса, названая ў гонар лельчыцкага дзеда Васіля Раманава.

А пазнаёміліся Галіна і Мішэль у Гомелі, калі той прыяжджаў у складзе дэлегацыі францускага горада-пабраціма Клермон-Фэрана.

Васіль і Марыя Раманавы даведаліся пра трагедыю ў парыжскім часопісе праз тэлефанаваньне дачкі — Мішэль паехаў у Парыж па рэдакцыйных справах, у Клермон-Фэране ён выдаваў і свой часопіс.

Васіль Рыгоравіч кажа, што аплаквалі зяця дома. У Францыю паляцела іх старэйшая дачка Ніна.

79-гадовы Васіль Раманаў згадвае, што зяць дужа любіў падарожжы, зь якіх вяртаўся зь вялікай колькасьцю фотаздымкаў. Калі Раманавы наведвалі Клермон-Фэран, то Мішэль Рэно таксама не забыўся адлюстраваць гэта у фотаздымках.

«Ён працаваў у мэрыі. І мы там былі. І фатаграфіі ў нас з мэрыі ёсьць. Ён быў намесьнікам мэра і рэдактарам свайго часопіса ў Клермон-Фэране. І часопіс гэты ёсьць са здымкамі. Там і Галя — як яна гомельскіх школьнікаў сустракае. Усё ў нас на фотаздымках маецца».

XS
SM
MD
LG