Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павел Латушка параўнаў тэракт у Парыжы з падзеямі 11 верасьня 2001 году ў Нью-Ёрку

  • БелаПАН

Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка ўзяў удзел у шматтысячным Маршы адзінства ў Парыжы, які закліканы прадэманстраваць сьвету адзінства ў супрацьдзеяньні тэрарызму. У маршы ўдзельнічаюць каля паўсотні замежных місій, узначаленых у тым ліку кіраўнікамі дзяржаў.

Павел Латушка расказаў па тэлефоне ў эфіры праграмы «Тыдзень» тэлеканала СТВ, што знаходзіцца на бульвары Вальтэра ў 11-й акрузе Парыжу, бачыць прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда, які вітае удзельнікаў акцыі. Шмат людзей на сваіх плашчах і паліто маюць значкі «Я — Шарлі», шмат плякатаў з падобным зьместам і словамі: «Мы — Шарлі» на дамах, бальконах, у вокнах парыжан. «Такім чынам людзі падкрэсьліваюць сваю падтрымку тым, хто загінуў у гэтым францускім выданьні некалькі дзён таму», — сказаў беларускі дыплямат.​

Ён лічыць, што па рэакцыі парыжанаў, Францыі, палітычнай эліты, усяго сьвету на падзеі гэтага тыдня ў францускай сталіцы, іх можна ў некаторай ступені параўнаць з тэрактам у Нью-Ёрку 11 верасьня 2001. «Гэтыя падзеі вымусяць улады Францыі і іншых краін ўзмацніць барацьбу з тэрарызмам. Дарэчы, у Францыі, у Парыжы ўведзена найвышэйшая ступень тэрарыстычнай пагрозы. Усё гэта сьведчыць аб тым, што ўлады будуць ўзмацняць працу, накіраваную на прадухіленьне пагрозы тэрарызму, як у Францыі, так і ў іншых краінах», — адзначыў Павел Латушка.

Беларускі дыплямат мяркуе, што прыбыцьцё на Марш адзінства лідэраў розных краін дае магчымасьць абмеркаваць агульныя падыходы да вырашэньня існуючых у сьвеце канфліктных сытуацый. «Гэта можа быць стымулюючым фактарам для больш глыбокай ацэнкі тых падзей, якія маюць месца ў сьвеце, і выпрацоўкі сумесных падыходаў па нармалізацыі сытуацыі ў канфліктных рэгіёнах», — сказаў пасол Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG