Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марш адзінства ў Парыжы сабраў мільён чалавек. Сусьветныя лідэры ўшанавалі ахвяраў тэрактаў ФОТА, ВІДЭА


Велізарная колькасьць парыжанаў узяла ўдзел у «маршы адзінства», які арганізаваны ў знак салідарнасьці і ў памяць ахвяр тэрактаў апошніх дзён.

Асноўная калёна маршу з удзелам кіраўнікоў дзяржаваў прайшла ад плошчы Рэспублікі да плошчы Нацыі па бульвары Вальтэра. ​

Каля 40 лідэраў і высокапастаўленых прадстаўнікоў дзяржаваў сьвету далучыліся да акцыі. Сярод іх — прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, а таксама прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Удзел у маніфэстацыі бяруць прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу, кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас, і многія іншыя. Беларусь была рэпрэзэнтаваная паслом Паўлам Латушкам.

Таксама ў маршы ўдзельнічаў былы кандыдат на прэзыдэнта і палітвязень Андрэй Саньнікаў. Ён ішоў у бел-чырвона-белым шаліку.

Да забесьпячэньня бясьпекі падчас акцыі былі прыцягнутыя каля 2200 паліцыянтаў і больш за 1300 вайскоўцаў. Усяго ў Парыжы былі дысьлякаваныя больш за 5500 паліцыянтаў і вайскоўцаў.

Раней прэм’ер-міністар Мануэль Вальс заявіў, што «гэта будзе беспрэцэдэнтная маніфэстацыя, пра якую напішуць у падручніках гісторыі».

Напярэдадні больш за 700 тысяч чалавек выйшлі на вуліцы францускіх гарадоў, каб ушанаваць памяць ахвяр апошніх нападаў. Самая буйная дэманстрацыя прайшла ў Тулузе. Па дадзеных паліцыі, у выступе ўдзельнічалі каля 80 тысяч чалавек. Шматтысячныя акцыі прайшлі таксама ў Арлеане, Бэзансон, Ніцы, Лілі, По і Нанце.

За тры дні ў Парыжы, пачынаючы зь серады, у выніку дзеяньняў трох узброеных злачынцаў, якія мелі, па дадзеных сьледзтва, сувязі з радыкальнымі ісламістамі, загінулі 17 чалавек. Ахвярамі нападу на рэдакцыю часопіса Charlie Hebdo, які публікаваў карыкатуры на прарока Мухамэда, сталі 12 чалавек, сярод іх 8 журналістаў і двое паліцыянтаў. Усе трое, хто нападаў, былі забітыя ў пятніцу падчас паліцэйскіх рэйдаў. Зараз паліцыя шукае іх магчымых саўдзельнікаў.

XS
SM
MD
LG